Ісландыя адмяніла ўсе абмежаванні, якія былі ўведзеныя праз каранавірус

У суботу, 26 чэрвеня, улады Ісландыі знялі ўсе антыкавідныя абмежаванні. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на міністра аховы здароўя краіны.



Такая мера стала магчымая дзякуючы таму, што ад каранавіруса прышчапіліся большасць жыхароў. Паводле ўладаў, першую дозу прышчэпкі атрымалі 87% дарослага насельніцтва, а 60% — ужо вакцынаваныя цалкам. У краіне больш не трэба насіць маскі і выконваць сацыяльнае дыстанцыяванне, таксама знята абмежаванне на свабоду сходаў.

Лекар: Не варта забываць на санітарна-эпідэміялагічныя правілы

Акрамя таго, з 1 ліпеня ад абавязковага тэставання на каранавірус вызваляць людзей, якія прыязджаюць у Ісландыю і якія падалі даведкі аб вакцынацыі прэпаратамі, якія былі ухваленыя еўрапейскім рэгулятарам.

ЕС зняў абмежаванні на паездкі уладальнікам COVID-сертыфікатаў. «Спадарожнік V» еўрапейскі рэгулятар пакуль не ўхваліў

Ісландыя у цэлым паспяхова спраўлялася з Covid-19 дзякуючы строгай сістэме тэставання і маніторынгу сітуацыі, а таксама своечасоваму ўвядзенню мер ізаляцыі. Ад пачатку пандэміі ў краіне з насельніцтвам у 360 тысяч чалавек было выяўлена 6 637 выпадкаў заражэння, з іх 30 смяротных. Зараз у Ісландыі на ізаляцыі знаходзіцца ўсяго 12 чалавек.

Тым часам Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заклікала цалкам вакцынаваных людзей працягваць насіць маскі, выконваць дыстанцыю і іншыя каранцінныя меры. Рэкамендацыі звязаныя з распаўсюджваннем у свеце штаму «Дэльта».