Ганна Янкута разважае на budzma.by пра новыя падыходы абмеркавання твораў са школьнай праграмы на прыкладзе Якуба Коласа.
На школьную праграму па беларускай літаратуры не лаецца хіба што лянівы. Спрэчкі вядуцца адносна таго, каго з класікаў варта вывучаць, каго з сучасных пісьменнікаў варта ў праграму дадаць, альбо, наадварот, з яе прыбраць. Але паколькі мяняць школьныя праграмы – гэтак жа, як і мяняць надвор’е ці адтэрміноўваць прыход зімы – не ў нашых сілах, варта хаця б змагацца за тое, каб прапанаваныя праграмай творы (безумоўна, вельмі важныя для нашай літаратуры), абмяркоўваліся з дзецьмі з улікам таго стагоддзя, у якім мы жывём.
Якуб Колас, "Новая зямля". Кароткі змест, але па-новаму.
У пятым класе сярод іншых тэкстаў дзецям для чытання даецца ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” “Дарэктар”. Несумненна, логіка ў гэтым выбары ёсць. Па-першае, ён прысвечаны дзецям – адпаведна, школьнікі могуць параўнаць сябе з героямі класіка. Па-другое, гэтыя дзеці вучацца, што зноў жа дае матэрыял для параўнання. Па-трэцяе, “Новая зямля” – адзін самых значных твораў класічнай беларускай літаратуры, так што пазбегнуць яго вывучэння ў дзяцей у любым выпадку не атрымаецца. Але давайце паглядзім, на якія аспекты ў праграме прапануецца звярнуць увагу:
Паэтычнае асэнсаванне штодзённага жыцця сялянскіх дзяцей. Прырода і дзеці, іх дапытлівасць, назіральнасць. Аўтарскі гумар у паказе паводзін хлопчыкаў. Рытмічны малюнак, вобразна-выяўленчыя сродкі (адмоўныя паралелізмы, эпітэты, параўнанні).
Пачнём з паэтычнага асэнсавання штодзённага жыцця сялянскіх дзяцей. Адна з тэм, якая выразна праходзіць праз гэты фрагмент, – гэта тэма фізічнага пакарання:
Ўскіпеў Міхал: – А гэта што?
Як адсвянцаю разоў сто,
Як адлуплю – тры дні не сядзе!
Бацька змушае дзяцей да навукі не толькі пагрозамі, але і лаянкай:
– О, ты разумны! ты ўсё ўмееш.
А пяць ды два не зразумееш:
Дурны ў задачах, як дубіна! –
Спыняе бацька грозна сына. –
Але вучыцца мне без дуру,
А не – як з гада спушчу скуру!
Ўсё разумець павінны самі! –
I бацька ўсіх абвёў вачамі,
Кіўнуў выразна на аборку.
На тым і кончылі гаворку.
Караць тых, хто не слухаецца і кепска вучыцца, бацька заахвочвае і выкладчыка:
Міхал звярнуўся к «дарактору»:
– А не паслухае каторы –
Цягні за вуха на калені:
Знайду лякарства я ад лені!
А будзе йсці навука туга,
Падгоніць бацькава папруга!
Ці можна такога кшталту пагрозы аднесці да рэалій штодзённага жыцця сялянскіх дзяцей? Ці гэта прапануюць абмяркоўваць складальнікі праграмы? І – пытанне, якое падаецца найбольш цікавым – ці гавораць настаўнікі з дзецьмі пра гэты момант на занятках?
Безумоўна, тут можна звярнуць увагу і на іншыя рэчы: на тое, як дзеці ўспрымаюць прыроду ці як вучацца, а эпізоды, звязаныя з лаянкай ці папругай, цнатліва апусціць як нешта нязначнае і не вартае дыскусіі. Аднак ці магчыма ў сённяшнім свеце закрываць вочы на такія рэчы?
Нягледзячы на тое, што многае ў гэтым раздзеле можа падацца сучасным школьнікам не толькі дзікім, але і проста неверагодным, ён дае настаўнікам добрую магчымасць абмеркаваць з дзецьмі не толькі дапытлівасць і назіральнасць герояў твора, але і праблему фізічнага пакарання ў сям’і. Расказаць пра тое, што раней яно ўспрымалася як нешта натуральнае, і бацькі маглі біць дзяцей, калі лічылі, што тыя недастаткова добра вучацца, працуюць ці проста занадта гучна займаюцца сваімі справамі. І што сёння такое абыходжанне з малымі – непрымальнае і забароненае, і калі нехта з дзяцей сутыкаецца з фізічнымі пакараннямі – то гэта не норма, а парушэнне закону.
Яшчэ адна цікавая тэма, якую гэты раздзел паэмы можа дапамагчы ўзняць, – дзіцячая і падлеткавая праца. Паводле сучасных беларускіх законаў дзеці маюць права працаваць на ўласнае жаданне з 16 гадоў, а калі дазволяць бацькі – то і з 14. Узрост дарэктара Яські, які мусіць вучыць дзяцей Міхала, у паэме не ўказваецца, але з тэксту зразумела, што яму не нашмат больш, чым аднаму з вучняў:
Ён знаў усіх, і яго зналі;
З Уладзем колісь сябравалі...
“Ён толькі летась скончыў школку”, – гаворыцца далей у паэме. А паколькі звычайна ў чатырохгадовых земскіх школах дзеці вучыліся прыкладна з 8 да 12 гадоў, робіцца зразумелым, чаму “дарэктар” так бянтэжыцца ў хаце сваіх вучняў, баіцца глухіх мясцін і пачуваецца ў сваёй ролі няўпэўнена:
Яшчэ раз Яська азірнуўся,
Павесіў шапку, распрануўся –
Як вузел, хлопец невялічкі!
Крыху маркотна з непрывычкі,
Бо тут так ціха, глухавата;
<…>
Папаўся ён тут, небарака!
А лес пануры і страхлівы.
Дарэктар наш быў палахлівы;
Няма ні веры, ні надзеі
На вельмі добрыя падзеі.
Няма сумненняў, што бацькі Яські былі не супраць таго, каб іх сын пайшоў настаўнічаць. У ранейшыя часы дзецям даводзілася працаваць у нашмат маладзейшым, чым цяпер, узросце, і, не ведаючы пра гэтую акалічнасць, сучасны школьнік наўрад ці зразумее раздзел “Дарэктар” з паэмы Якуба Коласа. Іншае пытанне, ці магчыма адаптаваць гэтыя веды для пяцікласнікаў і арганізаваць абмеркаванне твора на занятках так, каб дзеці змаглі суаднесці яго са сваімі жыццёвым досведам.
Новы час патрабуе ў дадатак да класікі новых тэкстаў. Але паколькі яшчэ невядома, што за тэксты маюць шанец трапіць у школьную праграму, патрэбныя прынамсі новыя падыходы да абмеркавання твораў з колішніх часоў. Бо мэта школьнай літаратуры – не толькі ў тым, каб пасля заканчэння школы вучні маглі адрозніць Якуба Коласа ад Янкі Купалы і ведалі імёны дзесяці галоўных беларускіх пісьменнікаў, а яшчэ і ў тым, каб
зацікавіць чытаннем і з яго дапамогай навучыць аналізаваць пытанні, якія ставіць перад чалавекам сучасны свет. Інакш ёсць імавернасць, што беларуская літаратура застанецца для дзяцей чымсьці незразумелым, нецікавым і далёкім ад навакольнай рэчаіснасці ці адлюстраваннем яе найгоршых праяў – напрыклад, такіх, як фізічныя пакаранні.
Ганна Янкута, budzma.by