З 21 па 24 лістапада Варшаўскай праграмай фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA працягне свой сёмы сезон. На чатырох гарадскіх пляцоўках адбудуцца прэзентацыі кніг, сустрэчы з беларускімі і замежнымі аўтарамі, літаратурныя, гістарычныя і кінадыскусіі, музычныя і тэатральныя імпрэзы, якія дазволяць пабачыць сучасную Беларусь і беларусаў з розных бакоў.
Фестываль распачнецца ў пятніцу 21 лістапада дыскусіяй, прымеркаванай да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча, «Наша зямля, нелюбімая намі і страшная»: Уладзімір Караткевіч і (пера)стварэнне беларускага нацыянальнага міфа«. Удзельнікі і ўдзельніцы дыскусіі паспрабуюць паразважаюць пра ролю пісьменніка ў стварэнні альтэрнатыўнага варыянта нацыянальнага міфа, пра феномен папулярнасці прапанавай Караткевічам стратэгіі і яе водгулле ў ХХІ стагоддзі.
Завершыцца першы фестывальны дзень музычна-літаратурным праектам LITARANOTY — сустрэчай сучасных паэтаў і паэтак з музыкамі-імправізатарамі, дзе на вачах у публікі народзіцца сумоўе і сугучча.
У суботу 22 лістапада падзеі фестывалю будуць разгортвацца на чатырох пляцоўках.
Другі дзень распачнецца імпрэзамі, прысвечанымі беларускай народнай культуры, — прэзентацыямі кніг Вольгі Барышнікавай «І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі», Вольгі Лабачэўскай «Аброкі. Абыдзённікі: жаночыя рытуальныя практыкі» і зборніка «Беларускія калыханкі», укладзенага Сержуком Доўгушавым.
Гасцей фестывалю чакае цэлы шэраг гістарычных сустрэч: прэзентацыя кніг Віктара Якубава і Аляксандра Смаленчука, дыскусія пра зараджэнне нацый ва Усходняй Еўропе, праблемы стварэння сучаснага гістарычнага non-fiction і размова пра тое, чым ёсць для нас сёння Еўропа.
Сярод значных літаратурных падзей другога дня фестывалю — размова з пісьменніцай і перакладчыцай Вольгай Гапеевай і прэзентацыя дзіцячай анталогіі «На пухнатых лапках», сустрэча з вядомай фінскай пісьменніцай і актывісткай Софі Оксанен, дыскусія пра перспектывы беларускага кнігавыдання, прэзентацыя беларускага перакладу раман Шчэпана Твардаха «Нуль», аўтарская сустрэча з Сашам Філіпенкам і цырымонія ўручэння Прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад за 2023 і 2024 гады.
У насычанай падзямі праграме трэцяга дня фестывалю запланаваныя між іншага дыскусіі, прысвечаныя Борхесу і беларускай традыцыі, навуковай фантастыцы і праблеме разумення самога паняцця «беларуская кніга», размова Паўла Анціпава і Цімура Кудзеліча пра розныя пакаленні беларускай прозы, лекцыя Мікіты Сеннікава пра коміксы, прэзентацыі «Дзюны» Фрэнка Герберта з удзелам перакладчыка Ігара Кулікова, вялікай віленскай сагі «Silva rerum» Крысціны Сабаляўскайце з удзелам Сяргея Шупы, размова пра моладзевую суполку «Майстроўня» з яе колішнімі ўдзельнікамі.
Скончыцца трэці дзень фестывалю паэтычнай кантатай у касцёле Святога Аляксандра, дзе паэты і кампазітары нашага часу сустрэнуцца ў гуку і слове. Вершы, якія прагучаць у выкананні саміх аўтараў, набудуць новае жыццё ў музыцы, створанай кампазітарамі.
Паэтычная Кантата — гэта твор з дзевяці частак, напісаны для чытальнікаў і чытальніц, дзіцячага хору і аргана. У ім можна пачуць жывое дыханне паэзіі і тое, як яе пачулі кампазітары.
Чацвёрты фестывальны дзень прапануе гасцям спектакль «Валізка» паводле Малгажаны Сікорскай-Мішчук ад «Вольных Купалаўцаў» на сцэне Драматычнага тэатра.
Поўная праграма фестывалю і дадатковая інфармацыя даступныя на афіцыйным сайце PRADMOVA.