Уладзіслаў Наважылаў: «Болей я па-расейску пісаць не буду». Гутарка з «тэрарыстам»

У кнігу «Білінгва» вакаліста Gods Tower Уладзіслава Наважылава ўвайшла паэзія і проза, напісаная аўтарам на беларускай і рускай мовах. А вось другая і трэцяя кніга творцы — цалкам беларускамоўныя. Што паўплывала на моўныя арыенціры аўтара? І ці верыць ён у будучыню беларускай Беларусі? «Штодзень» паразмаўляў з Уладзіславам Наважылавым пра творчасць і не толькі.

Uładzisłaŭ Navažyłaŭ
Уладзіслаў Наважылаў, музыка

Даведка. Уладзіслаў Наважылаў — лідар гурта Gods Tower, піянер беларускай метал-сцэны. У 2021 годзе суд Цэнтральнага раёна асудзіў музыку на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») за тое, што той напісаў на адрас старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя «гэты Салавей — бязглузды бораў». У 2024 годзе КДБ унесла яго ў «спіс тэрарыстаў».

Knihi
Фота: Уладзіслаў Наважылаў

Штодзень: Якая канцэпцыя кнігі? Яна адразу прыйшла да галавы, ці ты пісаў, пісаў, а потым падумаў, што назбіралася матэрыялаў на цэлую кнігу.

Уладзіслаў Наважылаў: Хутчэй другое, таму што галоўная канцэпцыя кнігі ў мяне была такая, што я хацеў проста падвесці вынікі таго, што я рабіў на расейскай мове. Каб з гэтым развітацца і болей не пісаць.

Але кніга выйшла і па-расейску, і па-беларуску.

Так, таму што тады ў мяне быў пераходны перыяд. І я вырашыў, што хай будзе ўжо такая мяшанка, тым больш, што «Білінгва» — сімвалічная назва. У нас уся Беларусь білінгва, і ў галовах білінгва, і ў мове білінгва.

Ты сказаў пра падвядзенне вынікаў таго перыяду, калі ты пісаў па—руску. А памятаеш гэты момант, чаму ты вырашыў пісаць па—беларуску? Калі была тая апошняя кропля, пасля якой ты сказаў: «Усё, буду па-беларуску пісаць»?

Насамрэч я па-беларуску пісаў вельмі шмат. І даўно. Але гэта былі такія больш эксперыменты, таму што ёсць такая тыповая беларуская хвароба, калі баішся памыліцца, бо добра мову не ведаеш, выкарыстоўваеш такую паўтрасянку. І з расейскай мовай мне прасцей было. Таму спачатку вершы і аповеды пісаў па-руску. А пасля 2020-го года, шмат у чым праз «расейшчыну» я апынуўся сярод уцекачоў, таму вырашыў, што расейская мова ўжо не актуальная для мяне. Тое, што я рабіў па-беларуску, я вырашыў зрабіць сваё ідэяй, напэўна. Проста пераключыўся на беларускую мову. Мяне няма ў Беларусі, затое Беларусь ёсць ува мне ўнутры.

У сувязі з тым што кніга называецца «Білінгва» і ты казаў, што Беларусь у нас білінгва, ці глядзіш ты з аптымізмам на Беларусь у плане пашырэння карыстання беларускай мовай? Як ты ставішся да таго, што канцэрты расейскіх выканаўцаў праходзяць з аншлагам? Ці Беларусь аддаліцца ад рускага міру калі-небудзь?

Мне здаецца, імгненна. Людзі цяпер у Беларусі жывуць у канцлагеры. Там няма з чаго выбіраць. Беларусы ўнутры краіны не могуць ні выбіраць, ні выказваць свае эмоцыі, сімпатыі.

Ведаеш, калі ты стаіш на абрыве, то проста выражаеш эмоцыі, не задумваючыся пра гэта. Акрамя таго, Беларусь цяпер знаходзіцца ў расійскай інфапрасторы, калі з кожнага праса гучыць, калі не Кіпелаў, то Кіркораў ці Мот, таму ўсе, канешне, ведаюць іх. Я не бачу ў гэтым ніякай праблемы. Наогул ніякай. Што вы ад іх хочаце? Каб яны кветкі вырошчвалі? Дык ім цяпер не да гэтага. Тое ж і пра беларускую мову. Там пытанне выжывання, там няма пытання, на якой мове размаўляць. Выяўляць сваю пазіцыю ў такіх умовах могуць толькі адзінкі. Напрыклад, Статкевіч. Але ён адзін на ўсю Беларусь. І больш за тое, такі Статкевіч адзін на кожную краіну, і не кожнае стагоддзе такія людзі з’яўляюцца. Так што патрабаваць ад людзей, каб яны сачылі за тым, на што ходзіць, калі проста прадстаўляецца магчымасць кудысьці схадзіць, пабачыцца з людзьмі, ну, гэта няправільна, я лічу.

Вяртаючыся да тваёй творчасці. Твая другая кніга «Яблык у валізцы» — цалкам беларускамоўная?

Цалкам беларускамоўная. Болей я па-расейску пісаць не буду. З мяне годзе.