Беларуская мультыдысцыплінарная артыстка Анастасія Рыдлеўская гэтай восенню працягвае дзяліцца са слухачамі свежай музыкай. Пасля эмансіпаванай Clueless і містычнай Oj Da Nočy яна прадстаўляе новы трэк Say You Love Me — эмацыйную і шчырую споведзь, якой стала цесна на старонках дзённіка.
Анастасія Рыдлеўская, фота з асабістага архіву спявачкі
Вось як сама Анастасія распавядае пра гісторыю гэтай песні:
— Гэтая песня з’явілася з няўдалай версіі Dreamers — маёй першай песні, выкладзенай на стрымінгі ў 2021 годзе. Яна была напісаная пад фартэпіяна, і мне захацелася стварыць для яе больш багатую аранжыроўку. Аднак атрымалася так, што яна зусім не падыходзіла да Dreamers, хоць была вельмі прыгожай. Так і пачала нараджацца новая песня. Яна напісаная на аснове запісу ў маім дзённіку, дзе я капсам вылівала эмоцыі і пачуцці. Яны былі такія вялікія, што не змяшчаліся на старонках дзённіка, таму ім давялося вылучыць асобную песню.
Сінгл «Say You Love Me» выходзіць 21 лістапада і будзе даступны на ўсіх стрымінг-платформах па спасылцы.