«Уладзімір Караткевіч — галоўны чараўнік нашай літаратуры. Так захапляць чытача гісторыяй, ствараючы вобразы сакавітых беларускіх персанажаў, мог толькі ён. Не дзіўна, што многія да беларушчыны — у тым ліку літаратары — прыйшлі праз ягоную гістарычна-прыгодніцкую прозу. Шмат сказана і напісана пра Караткевіча — ад донжуанскага спіса да ягоных захапленняў рыбалкай ды песень. Гэтым тэкстам мы не збіраемся перапісваць ягоную біяграфію», — піша журналіст Onliner Тарас Шчыры.
Разам з кампаніяй MEGATOP, у якой з’явілася тэматычная калекцыя красовак, прысвечаная беларускай мове і літаратуры, Onliner наведаў мясціны, што натхнілі Уладзіміра Караткевіча на стварэнне раманаў «Чорны замак Альшанскі» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Чытаючы артыкул, вы пройдзецеся па сцяжынках герояў пісьменніка і ўбачыце, як сёння выглядае тая спадчына, якую так старанна і натхнёна апісваў у сваіх творах аўтар. Усе фотаздымкі ў матэрыяле зробленыя Максімам Маліноўскім.
Час пачынаць — у дарогу!
Марыў накрыць Гродна празрыстым каўпаком, каб захаваць горад
У 1960-х Караткевіча ўжо нядрэнна ведалі як празаіка, ягоныя творы ставілі ў тэатрах, збіраліся пачаць экранізаваць ягоныя тэксты. На той момант дужа працавіты аўтар ужо стварыў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Сівую легенду» і пачаў працаваць над філасофскім раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Як аказалася, на напісанне кнігі натхніў невялічкі запіс, які ён знайшоў у старадаўніх тэкстах.
— Як і ў студэнцкія гады, так і пазней Уладзімір Сямёнавіч шмат часу праводзіў у архівах, чытаў старыя кнігі, і ў хроніцы Мацея Стрыйкоўскага ён вычытаў аб тым, што некалі быў чалавек, які з’явіўся на Гродзеншчыне і назваўся імем Хрыста, — кажа Кацярына Малчанава, загадчыца аршанскага музея У. С. Караткевіча. — Гэтыя невялічкія звесткі ўразілі пісьменніка, і ён вырашыў напісаць аб гэтым твор. Працаваў над ім даволі доўга і выдаў у 1965-м. Спачатку на рускай мове ў часопісе «Нёман», а пасля па-беларуску — у 1972-м — асобным раманам.
Атрымаўся раман пра ліцадзея, акцёра-вандроўніка Юрася Братчыка, які разам з такімі ж бадзягамі ў вобразе Хрыста прыйшоў у Гродна, дзе і быў затрыманы. Расхваляваны і збяднелы народ убачыў у ім рэальнага Ісуса, свайго заступніка, і пад націскам жыхароў Братчыка адпусцілі, але наказалі, каб працягваў гуляць у Ісуса. У выніку ён вандраваў са сваімі «апосталамі», здзяйсняў «цуды» і нават ваяваў супраць татараў.
Кніга даволі насычана рэлігійным зместам, і гэта пры тым, што пісалася ў часы ваяўнічага атэізма, у Гродне толькі-толькі ўзарвалі велічны каталіцкі храм, але Караткевіч палітыкі партыі не спалохаўся — раман надрукавалі.
Над тэкстам Караткевіч працаваў не толькі ў Мінску, але і ў Гродне, які захапіў творцу гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі. Сведкам гэтага была паэтка Данута Бічэль, з якой пісьменнік доўгі час сябраваў. Ёй цяпер ужо за 80, але яна цудоўна памятае сустрэчы з Караткевічам.
— Упершыню мы сустрэліся з Валодзем у Мінску на літаратурнай нарадзе, дзе абмяркоўвалі творчасць маладых аўтараў. Гэта адбылося недзе на пачатку 1960-х, — прыгадвае спадарыня Данута, з якой мы ўбачыліся ў Гродне каля яе дома побач са стадыёнам «Нёман». — Мае вершы чытаў і крытыкаваў [літаратуразнаўца] Міхась Ларчанка. У нейкі момант Валодзя падняўся, і я яго запомніла: ён трымаў вялікую кнігу пад пахай, рукавы былі закасаныя. А потым мы бачыліся вельмі часта. У тым ліку і ў Мінску. Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў — мае старэйшыя сябры — бралі мяне з сабой, і я з імі ездзіла.
Данута Бічэль прыгадвае, што падчас працы Караткевіча над «Хрыстом» яны бачыліся ў Гродне і амаль цэлы дзень разам блукалі па гарадскіх вулках.
— Дамовіліся з ім сустрэцца на замку, але ў музей не пайшлі. Думала, не хоча з людзьмі бачыцца, але, як аказалася, ён быў у горадзе на той момант амаль месяц і рыхтаваў сваю кнігу, — кажа суразмоўніца. — Як мне пасля распавялі, палову дня ён працаваў у музеі, а потым разам з прыяцелем ездзіў у якое-небудзь месца: лавіў рыбу, сядзеў ля вогнішча, адпачывалі... Мы абышлі з ім усё. Былі і на Каложы, дзе ўжо знаёмая цётка дала яму ключы ад храма. Мы зайшлі ў сярэдзіну, і ён заспяваў песню «Ой, сівы конь бяжыць».
Горад яму падабаўся. Гулялі вакол кляштара езуітаў, ён абдымаўся з запыленай сцяной, а потым мне сказаў, што, калі стане кiраўнiком Беларусі, абавязкова ўсталюе над Гродна каўпак, бо такі горад вельмі патрэбны.
Яны развіталіся на вуліцы Цёткі, дзе Караткевіча чакала яшчэ адна сустрэча. Неўзабаве пісьменнік даслаў Дануце Бічэль з Мінска прысвечаны ёй верш «Каложа». Твор, дарэчы, лёгка шукаецца ў інтэрнэце. Паэтка кажа, што ёй неаднаразова прысвячалі вершы з падобнай назвай, у тым ліку Ларыса Геніюш, але гэты для яе — найлепшы.
Каралеўскі горад
Зразумець, чаму Караткевіч марыў накрыць Гродна празрыстым каўпаком, нескладана. Гэта суцэльны канцэнтрат той даўніны, якая праз войны, стагоддзі, абыякавасць, на жаль, у многіх нашых мясцінах не захавалася, а ў Гродне гэтага ў параўнанні з астатнімі буйнымі гарадамі ўдосталь. Аднак цяпер пра тыя часы (пачатак 16-га стагоддзя), калі па вулках горада хадзіў ягоны герой Юрась Братчык, нагадвае не так шмат.
Але дакладна можна сказаць, што горад тады ўжо быў палітычным і эканамічным цэнтрам. Свае рэзідэнцыі тут будавалі каралі і князі, жылі, паміралі, ездзілі на паляванні ў Гродзенскую пушчу. Таму, як кажа краязнаўца, заснавальнік музея Grodno-mini Ігар Лапеха, нездарма на гербе горада і сёння змешчаны алень святога Губерта — сімвал еўрапейскіх паляўнічых.
— Стары замак на той час, калі ў ім адбываюцца падзеі твора, быў у запусценні, — расказвае краязнаўца. — Але так заўсёды бывае. Старое гібее, развіваецца нешта новае, а пасля цывілізацыя зноў вяртаецца на старое месца. Гэта добра бачна па інвентары 1578 года. Там былі жывёльныя памяшканні, а жыццё ўжо віравала на месцы Новага замку. Пасля Стэфан Баторый на месцы старога ўсё знёс і занава перабудаваў.
Стары замак існуе і дагэтуль — якраз у выглядзе рэзідэнцыі Стэфана Баторыя, які надта любіў Гродна і правёў тут апошнія гадзіны зямнога жыцця. Пасля працяглай рэканструкцыі замак летась адкрылі для наведнікаў, і зараз спакойна можна пагуляць па ягоным двары і ўявіць, як недзе ў замкавых пакоях царкоўнікі з «Хрыста» судзілі мясцовых мышэй за тое, што тыя з’елі хлеб, і прысудзілі вушастых пакінуць горад. Альбо падземную цямніцу, з якой, паводле твора Караткевіча, ніхто не вызваляўся.
Замак і ягоная экспазіцыя выглядаюць сапраўды густоўна, а з ягонай пляцоўкі адкрываецца цудоўная панарама на горад і шырокі Нёман.
Непадалёк ад замка — каля сінагогі і пажарнай каланчы — раскінулася вялікая плошча. Як лічаць некаторыя гісторыкі, менавіта тут быў даўнейшы рынак. Ігар Лапеха гэты погляд не раздзяляе, але мяркуе, што Караткевіч прытрымліваўся той жа гіпотэзы, што тыя даследчыкі, і, хутчэй за ўсё, менавіта сюды па неабходны тавар прыходзілі ягоныя героі.
Непадалёк адсюль — па сучаснай вуліцы Давыда Гарадзенскага — мог прагульвацца нізкалобы каржакаваты замкавы стражнік Пархвер, які лічыўся сапраўдным волатам. На вулках на яго са здзіўленнем глядзеў натоўп, жанчыны — з асаблівым замілаваннем. Па словах апавядальніка рамана, напрыклад, «у Кракаве па ім вар’яцелі прыдворная разбэшчаныя жонкі».
Ёсць у творы Караткевіча і згадка пра слабаду — вялікі мясцовы раён Падол, што знаходзіцца над самым Нёманам. Ігар Лапеха называе яго тагачаснай свабоднай эканамічнай зонай. Па плошчы Падол не саступаў гораду, і праз тое, што не абкладаўся падаткамі, тут можна было неяк зарабляць. Падол быў пераважна драўляным, а таму любая вайна, якая прыходзіла да Гродна, знішчала пасяленне, і прадмесце прыходзілася аднаўляць.
Тысячагадовыя крыжы і адбіткі пальцаў, якімі зацікавіліся ў Следчым камітэце
Але ж ёсць у Гродне яшчэ адно месца, звязанае з раманам, каля якога варта затрымацца асобна, — гэта старадаўняя Каложская царква. Уявіце сабе, яна ўжо цэлае тысячагоддзе стаіць на стромым нёманскім беразе. І гэта адзіны прыклад гродзенскай архітэктурнай школы, што захаваўся да нашых часоў. Праўда, у пасечаным выглядзе — у першапачатковым захавалася паўтары сцяны. Аднак дзякуючы рэканструкцыі, умацаванню берагоў храм дзейнічае, яго могуць наведваць вернікі і турысты, якіх тут і ў будныя дні зашмат.
— Калі некаторыя з турыстаў бачаць храм звонку, спалучэнне старадаўніх сцен з драўлянымі пласцінамі, якія закрываюць новазробленую частку, кажуць: «Ваў! Які ў вас дызайн! Малайцы!» — прыгадвае дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч. — Аднак, на жаль, гэта не тое, што мы хацелі б бачыць. Захаваліся малюнкі, на якіх заўважна, што ў Каложы наогул не было сцяны.
У рамане Караткевіча храм яшчэ выглядае амаль першапачаткова, і да яго прыходзіць паразважаць Юрась Братчык, які ўбачыў у святыні сапраўдную дасканаласць.
— Месца ў творы, дзе знаходзіцца Каложа, называецца садамі, і чалавек, які добра ведае Евангелле, адразу зразумее, што за аналогія. Тут адсылка на Гефсіманскі сад — тое месца, дзе Ісус адчувае найбольшую напружанасць у сваім жыцці, — разважае дыякан Дзмітрый. — Там ён канчаткова змірыцца з воляй нябеснага Айца, і яго хутка затрымаюць.
Юрась Братчык каля нашага храма таксама прымае значныя рашэнні. Нам вельмі падабаецца, як Караткевіч апісваў Каложу. У вачах Юрася яна прадстае марскім палацам, над якім схіляюцца дрэвы.
Што цікава, Каложа захавала не толькі свой даўнейшы выгляд, але і неверагодныя дэталі, якія могуць расказаць пра культуру нашых продкаў. Вось, напрыклад, керамічныя — візантыйскія — крыжы, якія зіхацяць на сонцы так, як рабілі гэта яшчэ ў 12-м стагоддзі.
Паблізу на плінфе, калі ўважліва прыгледзецца, можна заўважыць адбіткі пальцаў старажытных майстроў.
— Да нас нават прыязджалі супрацоўнікі Следчага камітэта, рабілі макет адбіткаў, а потым накіроўвалі ў лабараторыю, — кажа дыякан. — Пасля сказалі, што адбіткі належалі 25—30-гадоваму мужчыне. Не ведаю, якімі тэхналогіямі карысталіся, але яны паведамілі, што гэта быў даволі вясёлы чалавек.
А гэта ўжо славутыя збаны-галаснікі, умураваныя ў сцяну. Іх тут ажно 448. Дзецям, якія прыходзяць на экскурсію, яны нагадваюць сляды ад куль і нават гнёзды, але сэнс зусім іншы. Гэтымі прыладамі паляпшалі акустыку ў храмах, а таксама аблягчалі вагу сценак.
Ну а калі з ліхтарыкам уважліва прыгледзецца да адной з ніш, на паверхні шурпатай сцяны вока можа злавіць старадаўняе графіці. Нехта намаляваў тры фігуркі, правёў над імі німбы і напісаў: святы Спасе, святая Ганна, святы Сімеоне. Праўда, як тлумачыць дыякан, наконт Ганны існуюць сумневы, і гэта, магчыма, толькі версія вучоных, бо запіс вельмі пашкоджаны.
Дзмітрый Паўлюкевіч запэўнівае, што ў Каложы багата старых абразоў (чаго толькі вартая ікона Маці Божай Каложскай), але гэтую выяву ён называе ўлюбёным абразом у храме.
Яшчэ адна не менш цікавая штука — патаемны ход на хоры. Заўважыць яго няпроста, і, каб патрапіць на другі ярус, трэба зайсці ў невялікі лаз каля алтара, прайсці па вузенькай лесвіцы — і перад вамі адкрыецца панарама ўсёй старадаўняй і неверагоднай Каложы.
Уладзімір Караткевіч, дарэчы, і надалей вяртаўся да Каложы ў сваёй творчасці. У змястоўным эсэ «Зямля пад белымі крыламі» ён называе храм каменнай райскай птушкай, а падчас здымак аднаго з фільмаў пісьменнік зноў заспяваў у Каложы і, як прыгадвае ў тым жа тэксце, дзякуючы цуда-галаснікам загучаў нібы той Шаляпін.
Караткевіч паабяцаў для жонкі напісаць дэтэктыў — так з’явіўся «Чорны замак Альшанскі»
Данута Бічэль называе раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» класным і адным з найлепшых мастацкіх твораў пра Гродна. Але ж праз яго сур’ёзнасць, нават філасофскасць далёка не кожны ім захапляўся, і найчасцей сярод улюбёных твораў Караткевіча гучаць другія тэксты. Напрыклад, дэтэктыўны раман «Чорны замак Альшанскі».
Як ён з’явіўся на паперы? Па словах Кацярыны Малчанавай, жонка пісьменніка — Валянціна Браніславаўна — надта любіла дэтэктывы, і Караткевіч паабяцаў, што напіша для яе мастацкі твор. Гэта можна было прыняць за прыгожую легенду, калі б не запіс на першых старонках: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю». Але ёсць і яшчэ адна версія, чаму пісьменнік узяўся за гэты жанр: ён вельмі хацеў, каб праз дэтэктыў беларускі чытач пачаў цікавіцца гістарычнай тэматыкай. Забягаючы наперад, варта прызнаць, што з задачай аўтар справіўся — кнігу вельмі палюбілі.
— Выхад гэтага рамана можна параўнаць з выбухам. Гэта была падзея, — кажа Кацярына Малчанава. — У бібліятэках запіс на часопіс з гэтым раманам рабіўся на некалькі месяцаў наперад. Асобнікаў наогул не хапала, і іх нават маглі красці.
Падзеі ў кнізе пра скарб, скрадзены князем Альшанскім, і пісьменніка Антона Косміча, які яго шукае, адбываюцца ў розных мясцінах. Па апісаннях можна пазнаць Старажоўскі рынак у Мінску, каля якога — на вуліцы Харужай, 48 — пэўны час жыў не толькі пісьменнік, але і герой ягонага «Чорнага замка» Антон Косміч. У горадзе Кладна відавочна прачытваецца Гродна (куды ж без яго!). Але ж асноўным пунктам рамана з’яўляецца Альшанскі замак, прататыпам якога стаў Гальшанскі.
У князя Паўла Сапегі ў першай палове 17-га стагоддзя каля Гальшанаў атрымалася стварыць прыгожы чатырохкутны палац. Калідоры ўпрыгожвалі партрэты, у замку была шыкоўная бібліятэка, калекцыя зброі, а на тэрыторыі месціліся тры штучныя возеры, абкладзеныя кафляй. Аднак захаваць яго не атрымалася. Замак некалькі разоў знішчалі, перабудоўвалі, і ў выніку добрая ягоная частка ператварылася ў друз, руіны, якія і адлюстраваў Караткевіч у сваім творы. І пасяліў сярод гэтых аскепкаў былой велічы прывіды чорнага манаха і белай панны, легенда пра якіх стала папулярнай ў турыстаў настолькі, што зараз гэтыя персанажы праводзяць тэматычныя экскурсіі. Ну, памятаеце? Мужчына закахаўся у жонку мясцовага князя, а тая таксама была не супраць рамантычных стасункаў.
Прыхапіўшы казну, ён з каханай паспрабаў збегчы, але ад расправы раз’юшанага магната далёка не сышлі — іх пакаралі смерцю. Вось і з’яўляюцца апоўначы сярод аркадаў разбуранага замка два прывіды.
У параўнанні з тым, што бачыў і пра што пісаў Караткевіч, замак змяніўся. На ягонай тэрыторыі ўжо не першы год адбываецца кансервацыя, спецыялісты імкнуцца захаваць часткі замка, а летась у адзінай уратаванай вежы адкрылі экспазіцыю. Пачынаецца яна пад зямлёй — у яйкападобнай цямніцы, дзе калісьці корпаўся сам Караткевіч, і працягваецца на наступных ярусах.
З іх, дарэчы, выдатна праглядаецца мястэчка Гальшаны з выразнай дамінантай — барочным касцёлам Яна Хрысціцеля з каларытнымі вітражамі, алтарамі і кляштарам францысканцаў.
Як расказваюць героі твора Караткевіча, па касцёльнай галерэі таксама гулялі прывіды.
«Пры мне гаварылі, у кляштары калісьці сапраўды знайшлі косці»
Калі мы праз мястэчка вырулілі да святыні, у храме толькі-толькі скончылася набажэнства і некалькі жанчын укленчылі перад алтаром.
Справіўшыся, айцец Багуслаў Вуйтовіч выйшаў да нас у сваім цёмным габіце, падперазаным белай вяроўкай, — традыцыйным адзенні манахаў-францысканцаў, падобным на балахон. Ва ўсе паданні, якія тут існуюць, ён не верыць. Зараз яго турбуюць больш актуальныя справы: ён шукае стары касцёльны арган і спадзяецца, што з дапамогай грамадскасці інструмент нарэшце вернецца дадому. Святар неўзабаве з’ехаў па справах, а з намі засталася мясцовая верніца Альфрэда Трон. Калі мы выйшлі з касцёла, спыніліся з ёй каля кляштара.
Зараз ён у аварыйным стане, і хадзіць па ім не надта бяспечна. Да таго часу, калі будынак вярнулі каталікам, тут месціўся дзіцячы дом, дзе адначасова пражывалі некалькі соцень чалавек.
Бачыла спадарыня Альфрэда і другое: як закінутую святыню ператварылі ў сховішча, а па вечарах туды запаўзалі тутэйшыя валацугі, каб пасядзець каля вогнішча і выпіць пляшку гарэлкі. На пачатку 1990-х касцёл вярнулі і зноў ператварылі ў храм. Ведае Альфрэда Трон і пра мясцовыя паданні.
— Што я чула? Ці то праўда, ці то не, але мне казалі, што калісьці пры будаўніцтве рушыліся сцены кляштара, — кажа жанчына. — І тады яны вырашылі жонку рабочага, якому першаму прынясуць ежу, замураваць у сценку. Ну і замуравалі. Як ужо пры мне гаварылі, у кляштары калісьці сапраўды знайшлі косці, але я іх сама не бачыла. Вось такая гісторыя пра гэту белую даму, ці як яе там. Можа, выдумляюць, а калі тое праўда... Хто яго ведае? Вось такое дзела тутака.
Яна не памятае, хто такі Караткевіч, але за ягонымі героямі паўтарае гісторыю пра падземныя хады, што злучаюць храм і замак. Жанчына зачыніла касцёл і павольна пайшла дадому. Заўтра яе чакае новы спякотны жнівенські дзень і, магчыма, чарговыя турысты (а іх тут зараз рэальна хапае) з роспытамі пра дзіўныя прывіды і паннаў.
Уладзімір Караткевіч у сваіх творах даволі часта прыдумляе назвы населеным пунктам, але і прыгадвае цалкам рэальныя буйныя гарады і маленькія мястэчкі. Вось толькі некалькі цікавых прыкладаў.
Лепель. У пачатку рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» можна прачытаць аб тым, што ў вялікім Лепельскім возеры жылі сапраўдныя цмокі. І калі адбыўся суцэльны мор дзіўных істот, паглядзець на трупы адправіўся нават прыватны лекар каралевы. У нашыя часы ў Лепелі з цмока зрабілі сапраўдны брэнд і каля возера ўсталявалі помнік.
Уладзівасток. У сярэдзіне 1960-х Караткевіч наведваў Прыморскі край і вырашыў, што месцам дзеяння ягонай гісторыі пра фізіка Севярына Будрыса будзе менавіта Уладзівасток.
Кіеў. Сталіца Украіны даволі значны горад у жыцці Караткевіча. Ён тут вучыўся ва ўніверсітэце, сустрэў сапраўдных сяброў. Сярод іх, напрыклад, польскі даследчык Фларыян Няўважны, які пасля перакладаў творы беларускіх аўтараў на польскую мову.