Мяцежны беспілётнік

У менскім двары на вуліцы Матусевіча разьбіўся беспілётнік. Якія наступствы гэта можа выклікаць, разважае Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся» на Budzma.org.

by Darya Kaliada 02.JPGЛявон Вольскі. Фота Дар'і Каляды

Нагода настроіць беларусаў супраць Украіны

Нейкім чынам беспілётнік даляцеў да Фрунзэнскага раёну беларускае сталіцы і там скончыў сваё існаваньне. Як так атрымалася? Хто вінаваты? Што рабіць?

На гэтыя заўсёдныя пытаньні нам бліжэйшым часам (а, можа, і не такім ужо бліжэйшым) адкажуць упаўнаважаныя прадстаўнікі сілавых структураў РБ (напрыклад, СК). Яны знойдуць неабвержныя доказы ўкраінскага паходжаньня беспілётнага апарату, і нацкаваныя прапагандысты кінуцца з новай сілай брахаць на «ўкраінскую ваеншчыну» («будзет очэнь іньцярэсна»).

Дарэчы, добрая нагода яшчэ раз настроіць беларусаў, якія асабліва не задумваюцца на тымі працэсамі, што адбываюцца ў сьвеце, і сьвята вераць тэлевізару (так, такія яшчэ ёсьць) супраць Украіны і плаўна падвесьці да магчымасьці ўдзелу РБ ў вайне з “нацыстамі”.

Мяцежны беспілётнік. Малюнак Лявона Вольскага

Мяцежны беспілётнік. Малюнак Лявона Вольскага

Нагода настроіць беларусаў супраць Украіны

Нейкім чынам беспілётнік даляцеў да Фрунзэнскага раёну беларускае сталіцы і там скончыў сваё існаваньне. Як так атрымалася? Хто вінаваты? Што рабіць?

На гэтыя заўсёдныя пытаньні нам бліжэйшым часам (а, можа, і не такім ужо бліжэйшым) адкажуць упаўнаважаныя прадстаўнікі сілавых структураў РБ (напрыклад, СК). Яны знойдуць неабвержныя доказы ўкраінскага паходжаньня беспілётнага апарату, і нацкаваныя прапагандысты кінуцца з новай сілай брахаць на «ўкраінскую ваеншчыну» («будзет очэнь іньцярэсна»).

Дарэчы, добрая нагода яшчэ раз настроіць беларусаў, якія асабліва не задумваюцца на тымі працэсамі, што адбываюцца ў сьвеце, і сьвята вераць тэлевізару (так, такія яшчэ ёсьць) супраць Украіны і плаўна падвесьці да магчымасьці ўдзелу РБ у вайне з “нацыстамі”.

Знайсьці і абясшкодзіць

А пакуль што іншыя прадстаўнікі сілавых структураў (гэтым разам — АМОН) праводзяць затрыманьні людзей у раёне падзеньня дрона. Бо ў гэтай сытуацыі галоўнае — высьветліць, адкуль пайшла інфармацыя пра гэтае здарэньне. Хто менавіта апублічыў?

Неабходна як мага хутчэй знайсьці гэтую асобу (ці групу асобаў). Запрэсаваць яе (іх), зьбіць на мокры яблык і выкласьці ў інтэрнэт пакаяннае відэа. Каб наступным разам у такой сытуацыі чалавек сто разоў падумаў: выкладаць інфармацыю ў сеціва ці не? Калі гэтыя людзі ня знойдуцца, можна прымусіць любога жыхара (жыхарку, групу жыхароў) раёну прызнацца ў тым, што ён гэта зрабіў, нават, калі ён гэтага не рабіў. Мэтады даўным-даўно распрацаваныя савецкімі карнымі ворганамі і дагэтуль працуюць бездакорна.

Таму што ўся інфармацыя пра падобныя здарэньні мусіць сыходзіць не ад грамадзянаў, а ад сілавых структураў. І менавіта сілавыя структуры павінныя вырашаць — ці трэба апублічваць гэтую інфармацыю? А тут — толькі сабраліся на нараду па гэтым выпадку, а ўжо нейкі ... (уставіць патрэбнае мацернае слова) выклаў здымкі і камэнтары. І панеслася...

Фантастычны сюжэт у стылі Netflix

Тым часам прыйшла інфармацыя, што ў сталіцы РБ, высьвятляецца, дзейнічае завод па вытворчасьці беспілётных апаратаў. Натуральна, што іх пастаўляюць у Расею (куды ж яшчэ!). І знаходзіцца ён на вуліцы Янкі Маўра, зусім недалёка ад Матусевіча.

І вось уявіце сабе фантастычны сюжэт у стылі Netflix: завод, канвэер. На гэтым канвэеры робаты зьбіраюць іншых робатаў — баявых дронаў. І вось адзін, ужо цалкам сабраны беспілётнік, раптам прасякаецца ідэямі пацыфізму, і ягоны штучны інтэлект прымушае яго ўцякаць з заводу, ляцець у невядомым накірунку, каб толькі ня ўдзельнічаць у захопніцкай вайне, разьвязанай падступнай агрэсыўнай дзяржавай. Але зараду хапае даляцець адно да недалёкае вуліцы, дзе ён і сканчае жыцьцё самагубствам...

Сьвет зьмяніўся

А калі па-шчырасьці — дык сумнавата. І з вуліцай Матусевіча, і зь Янкі Маўра мяне шмат што зьвязвала ў мінулым жыцьці. Недалёка ад Маўра, на вуліцы Адоеўскага, я хадзіў у школу, там была мая дзіцячая паліклініка, там прайшло маё дзяцінства і частка юнацтва. На Матусевіча я таксама пражыў не адзін год, там былі напісаныя «Тры Чарапахі» і «Лёгкія-Лёгкія», там стваралася «Крамбамбуля», там рабіліся праекты і пісаліся вершы й апавяданьні...

Цяпер на адной вуліцы — вайсковы завод, на другой — падаюць дроны, і ўсіх сьведкаў (а нават і ня сьведкаў — проста тых, хто трапіў пад руку!) пакуе АМОН... Сьвет зьмяніўся.

Відаць, трэба больш дакладна фармуляваць свае мары — мы ж усе спадзяваліся на зьмены, толькі не акрэсьлілі ў сваіх прозьбах да вышэшай сілы, якія дакладна мусяць быць гэтыя зьмены. Бачыце, усё зьмянілася, мы са зьдзіўленьнем глядзім на гэты новы сьвет, а голас зь нябёсаў пытаецца:

— Вы ж хацелі, вы прагнулі зьменаў?

— Так.

— Ну, вось.

Лявон Вольскі, Budzma.org