«Каб было, куды прыйсці ў верасні». Беларускі хаб «Новая зямля» ў Беластоку шукае сродкі на працяг працы

Беларускі хаб «Новая зямля» ў Беластоку шукае сродкі на працяг працы. Зараз установе патрэбныя грошы на аплату арэнды за жнівень, і яна спадзяецца на падтрымку беларусаў, піша MOST.


Adkryccio chaba «Novaja ziamlia»
Адкрыццё хаба «Новая зямля». Фота: MOST

Што такое «Новая зямля»

Хаб «Новая зямля» адкрыўся ў Беластоку 3 снежня 2022 года. Пляцоўка аб’яднала беларускіх эмігрантаў новай хвалі, мясцовую дыяспару і беларускую меншасць, якая спрадвеку жыла ў Польшчы. За гэты час на прасторы прайшло больш за 900 мерапрыемстваў: канцэртаў, кінапраглядаў, выстаў, лекцый і іншых імпрэз. Большасць з іх былі бясплатнымі.

Акрамя таго, у хабе пастаянна працуюць групы псіхалагічнай падтрымкі, клуб гістарычнай рэканструкцыі, мастацкая школа, дзіцячыя гурткі і іншыя клубы і студыі. Імпрэзы праходзяць амаль штодня. Тут таксама створаны бібліятэка і крама беларускіх кніг.

Выдаткі — 6500 злотых

На ўтрыманне прасторы штомесяц патрэбна 6500 злотых. Гэта выдаткі на арэнду, камунальныя плацяжы, працу бухгалтара.

Частку грошай хаб зарабляе самастойна, расказвае MOST кіраўніца хаба Надзея Салаўёва. Камерцыйным праектам і бізнесу памяшканні здаюцца за 25 злотых за гадзіну ў будні з ранку да 18.00. Але такіх праектаў няшмат. А грамадскім і сацыяльным беларускім ініцыятывам памяшканні выдзяляюць у «прайм-тайм» і бясплатна.

Таму для пакрыцця выдаткаў Надзея шукае гранты. Але яны кароткатэрміновыя. Часам, як зараз, тэрмін аднаго гранта канчаецца, а другі яшчэ не пачаўся. Такая сітуацыя склалася не ўпершыню. Зараз хаб шукае грошы на жнівень.

— Вядома, цяпер шмат хто на вакацыях, і ў нас пэўнае зацішша з імпрэзамі, але калі мы зараз не згуртуемся для аплаты арэнды, то ў верасні папросту не будзе куды прыйсці, — тлумачыць Надзея.

Адкрылі збор

Кіраўніцтва правяло апытанне і высветліла, што 52% рэспандэнтаў гатовыя ахвяраваць грошы, але толькі 31% згодны рабіць гэта рэгулярна, і большасць з іх можа аддаваць да 20 злотых штомесяц.

Зараз хаб адкрыў анлайн-збор на падтрымку сваёй дзейнасці. Такі спосаб выбралі, каб не плаціць камісію пляцоўкам, быць упэўненымі ў бяспецы пераводаў і захаваць канфідэнцыяльнасць данатараў.

— Насмарэч, з’явілася розная падтрымка ад сяброў, калег і суайчыннікаў: данаты, дапамога ў прамоцыі, прапановы мерапрыемстваў, супрацоўніцтва ў пошуку новага памяшкання і гэтак далей. Мы адчулі гэтую салідарнасць беларусаў Беластока і вельмі ўдзячныя. Калі 200 чалавек будуць штомесяц дасылаць данат у памеры 50 злотых, то хаб працягне сваю працу і будзе ўстойлівым, — кажа Надзея.

Яна спадзяецца, што «Новая зямля» паспяхова закрые збор і што славутая беларуская салідарнасць нікуды не знікла.

— Нам не патрэбны «чамадан грошай». Няхай збор будзе невялікі, але стабільны і сродкі паступаюць штомесяц, каб мы маглі дакладна і якасна планаваць развіццё хаба. І яшчэ запэўніваю дыяспару беларусаў, што хаб не збіраецца «садзіцца на шыю» беларусам Беластока, а дыверсіфікуе фінансавыя паступленні для жыццяздольнасці, — кажа Надзея.