У часы СССР у падручніках па гісторыі пра газету «Наша Ніва» або не пісалі нічога, або пісалі дрэнна. Цяпер пішуць занадта мала. Тым часам невядома, ці была б цяпер беларуская дзяржава, калі б у 1906 годзе братам Луцкевічам не давялося ўцякаць з Мінска ў Вільню, піша citydog.io.
У савецкі час беларусаў спрабавалі пераканаць, што яны ўсім абавязаныя рускім. Што гісторыя Беларусі пачалася з 1917 года і толькі далучэнне да СССР — абноўленай Расійскай імперыі — прынесла ім дзяржаўнасць. Каб падагнаць рэчаіснасць пад гэту карцінку, сапраўдную гісторыю даводзілася перакручваць і засакрэчваць.
Так на месцы цэлых перыядаў і з’яў беларускага мінулага ўтвараліся чорныя дзіркі. Але іх, як і чорныя дзіркі ў космасе, можна было выявіць па гравітацыйным прыцягненні. Адкуль раптам у пачатку 20-га стагоддзя бяруцца нібы з пустаты Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч — класікі нацыянальнай літаратуры? На якіх матэрыялах складаюцца слоўнікі і граматыкі — база літаратурнай мовы? Чаму з’яўляюцца выдавецтвы, арганізацыі беларускіх настаўнікаў, грамадскія дзеячы, а ўрэшце палітыкі, якія ў 1918-м абвясцілі беларускую незалежнасць насуперак жаданням усіх суседзяў?
З савецкіх падручнікаў проста была выкраслена згадка пра газету «Наша Ніва», вакол якой у вырашальныя 1906–1915 гады круцілася беларускае жыццё. Дый у сучасным падручніку гэтай тэме аддадзена зусім мала месца.
Заснавальнікі «НН», браты Іван і Антон Луцкевічы, раслі на Хрышчэнскай вуліцы — цяпер гэта парк імя Янкі Купалы. Іх дом стаяў за цяперашнім Купалаўскім музеем, бліжэй да ракі. Там быў прыватны сектар, які згарэў ад бамбёжак у Другую сусветную. Цяпер на месцы іх дома стаіць камень з памятнай шыльдай.
Той самы валун, які стаіць у парку Янкі Купалы
Луцкевічы былі рэвалюцыянерамі, яны стварылі першую беларускую палітычную партыю — Беларускую сацыялістычную грамаду, а ў Вільні апынуліся вымушана.
«Бунтавалі, баставалі ўсе студэнты, далучыліся работнікі і сяляне, самадзяржаўе скранулі з гранітнага фундаменту. Энергія была ў нас каласальная, энтузіязм моладасці. Менск 1905/6 г. ...З Бурбісам і братамі Луцкевічамі і яшчэ з кучай моладзі арганізавалі забастоўкі шаўцоў, парыкмахэроў, музыкантоў... Я не меў кватэры, быў падпольнік», — успамінаў тыя часы рэдактар «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў.
У рэвалюцыю 1905 года войска расстраляла на вакзале 20-тысячную мірную дэманстрацыю мінчан, загінула 100 чалавек. У адказ адбыўся замах на губернатара Курлова, які дазволіў страляць у натоўп. Менскі эсэр-тэрарыст Пуліхаў кінуў бомбу, яна не ўзарвалася, з рэвальвераў таксама ў губернатара не пацэліў.
Пасля таго паліцыя граміла рэвалюцыйныя асяродкі — а з домам Луцкевічаў на Хрышчэнскай «на той час была звязаная ўся рэвалюцыйная работа ў Менску і Меншчыне». У падвале ляжала зброя. Заўважыўшы, што за домам сочаць — ціхары-«філёры» ўвесь час стаялі проста за дрэвамі насупраць, — Луцкевічы мусілі бегчы. У Вільні яны жылі нелегальна, змяняючы кватэры, часта начуючы пад адкрытым небам, а зімой — блукаючы па начной Вільні.
У іх былі фальшывыя пашпарты, якія тады называлі «акуляры», на імя Івана Міхальчука і Генрыка Букавецкага. Часам яны пазычалі гэтыя дакументы і іншым сацыялістам-нелегалам. Для параўнання: «суперрэвалюцыянер», кіраўнік расійскіх бальшавікоў Ульянаў пад псеўданімам Ленін у гэты час паседжваў у нямецкіх піўных ды адпачываў у Італіі на віле Горкага.
Апошнія фота Антона Луцкевіча з савецкай следчай справы. Яго сляды губляюцца ў ГУЛАГу, недзе ў Свярдлоўскай вобласці, у 1942 годзе
У магіле братоў Луцкевічаў на віленскіх могілках Росы няма ніводнага цела — Антон памёр пад Свярдлоўскам, Іван пахаваны ў Закапаным (Польшча)
Задушыўшы, як яму здавалася, рэвалюцыю, царскі рэжым аслабіў рэпрэсіі. Хоць саджаць людзей працягвалі — напрыклад, маладому Якубу Коласу далі 3 гады за арганізацыю з’езду настаўнікаў. Але цар пайшоў і на лібелальныя крокі — дазволіў друкаваць па-беларуску кнігі і газеты (беларускі друк быў забаронены з 1865 года). І браты Луцкевічы ўхапіліся за магчымасць дзейнічаць легальна. Бо газеты па-беларуску бывалі і раней, але толькі падпольныя — як «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага.
Першая легальная газета «Наша Доля» (каб здабыць на яе грошы, Іван Луцкевіч «з болем сэрца» прадаў сваю калекцыю ордэнаў) за пару месяцаў зрабілася шалёна папулярнай, а пасля яе забаранілі.
У «Нашай Ніве» ўлічылі памылкі. У перадавіцы заснавальнікі напісалі, што збіраюцца «служыць усяму беларускаму працоўнаму народу». Пасля паасцерагліся — і замест «працоўнаму» напісалі «скрыўджанаму». За 15 гадоў існавання газета ніводнага разу не кінула ў масы лозунг «Далоў цара!» (хоць пра палітыку пісала вельмі многа) або «Няхай жыве незалежная Беларусь!» Але ўся яе праца была скіравана на тое, каб чытач сам дайшоў да такой думкі.
І справа тут не ў выхаванні «экстрэмісцкіх настрояў» — проста любая нацыя, як чалавек, вырастаючы, імкнецца да незалежнасці і самастойнага жыцця.
Супрацоўнікі і наведвальнікі «Нашай Нівы» каля рэдакцыі
Першым рэдактарам газеты была падстаўная асоба — Зыгмунт Вольскі, ляснік. Ён крыўдаваў на царскую ўладу, лічыў, што яго звольнілі з працы за тое, што быў каталіком.
Узаемаразумення з Луцкевічамі Вольскі не знайшоў, і праз пару нумароў яго замяніў Аляксандр Уласаў — адзін з кіраўнікоў БСГ, менш «засвечаны» ў арганізацыі пратэстаў 1905-га. Дзеля гэтага ён пераехаў у Вільню са свайго фальварка Мігаўкі пад Радашковічамі.
«Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасць, нязломная воля і энтузіязм!» — расказваў Уласаў.
Фактычным кіраўніком «Нашай Нівы» быў Антон Луцкевіч. Ён пісаў праграмныя артыкулы. Ідэі да іх часта даваў Іван, які сам «не любіў пяра». Браты ўсё жыццё працавалі ў тандэме, хоць у дзяцінстве, як успаміналі, яны часта вадзіліся і нават біліся.
Пасля года нелегальнасці яны з братам паспрабавалі выйсці з падполля: прапісаліся пад сваімі імёнамі ў кватэры, дзе жылі. «Праз два тыдні гэтакай раскошы была зроблена ахранкай аблава», — добра, што нікога не заспела дома.
Аляксандр Уласаў быў чалавек з неймаверным гумарам і пісьменніцкім вокам. Але, вечна заняты іншым, пакінуў толькі караценькія ўспаміны. Вось як ён, напрыклад, апісвае дзяцінства і свайго дзеда, праваслаўнага святара-рускага: «Дзед, сельскі поп, каторы нас любіў, і сам быў старое дзіця... Калі бабця, клапатлівая, ашчадная гаспадыня, яшчэ спіць па абедзе, дзед нас перакіне праз плот у сад, і мы лупілі не ў свой дух ягады і яблыкі, а ён стаіць на варце... Нас часта лячылі ад абжорства рознымі дамовымі спосабамі. Помню, што мы крычалі дзікімі галасамі, калі нам закатвалі клізмы»
Нелегальнае становішча, праўда, не перашкодзіла Івану Луцкевічу ездзіць у Прагу, Пецярбург, Варшаву, Львоў, Кракаў, «кідацца на ўсе бакі», здабываючы грошы на выданне газеты.
«Ён бярэ прадстаўніцтва ад розных фірмаў, пасярэднічае ў трансакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод яўрэяў, у сваіх частых раз’ездах выконвае розныя гандлёвыя даручэнні, за што дастае пэўны працэнт, — успамінала нявеста Івана, віленская немка Юліяна Менке. — Больш пэўны прыбытак прыносіў перапродаж антыкварных рэчаў.
Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасветчыны і мастацтва на ўвесь край. Усюды, дзе ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасвецкай разьбы, мастацкіх абразоў, свецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў.
З калекцый Івана Луцкевіча склалася экспазіцыя Віленскага беларускага музея (1921–1945). Толькі невялікая частка яго экспанатаў трапіла ў Беларусь — на фота выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, якая адбылася некалькі гадоў таму.
Ён знаходзіў іх на кірмашах, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупшчыкаў і рызнікаў або і ледзь што не на сметніках. Набываў ён іх пераважна як бязвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку — пакідаў іх у сваіх музейных зборах. Больш вартасныя рэчы не беларускага значэння ён прадаваў».
Адна з найбольшых музейных знаходак Івана Луцкевіча — старажытная духоўная кніга Аль-Кітаб, напісаная арабскімі літарамі па-беларуску, з вёскі Сорак Татар пад Вільняй. Луцкевічы і самі былі з татарскага шляхецкага роду і захоўвалі памяць пра гэта.
Ён і работнік грамадзянскі,
Мужыцкі пан і служка панскі,
І антыквар, і археоляг,
І бібліёляг, і філёляг,
А быў бы слаўным ён зусім,
Каб быў чым-колечы адным.
— гэту эпіграму на Івана Луцкевіча, якую напісаў у 1913-м з’едлівы Янка Купала, цытуе даследчык Антон Адамовіч. Але з адлегласці часу бачна, што ўніверсальнасць была моцным бокам Івана Луцкевіча.
Праз некалькі гадоў, калі «НН» набрала абароты, частку выдаткаў кампенсавалі продажы і падпіска. У 1911 годзе, напрыклад, газета мела 1017 падпісчыкаў, расказвае гісторык Андрэй Унучак. Падпіска на год каштавала 2 рублі 50 капеек. Пры найлепшым раскладзе газета атрымлівала 2542 рублі 50 капеек. На год трэба было каля 5 тысяч рублёў.
Ад 1909 года ў газеце пачала з’яўляцца рэклама. Прычым не толькі сельскагаспадарчых машын, але і алкаголю, і прэзерватываў.
Рэкламны дадатак да «НН», такі друкавалі многія газеты. Калантытул напісаны лацінскім шрыфтам, бо першыя некалькі гадоў газета выдавалася і кірыліцай, і лацінкай. Пасля ад лацінкі адмовіліся
Былі і ахвяраванні. «Я не ўспульнік вашага кружка, але гатоў памагаць каждаму, хто шануе сваю веру і язык прэдкаў», — напісаў у «НН» трасянкай буйны землеўласнік Эдвард Вайніловіч, фундатар мінскага Чырвонага касцёла. І перадаў 10 рублёў — на тыя часы эквівалент месячнага заробку тэхнічнага работніка газеты.
Багатыя беларусы таксама адчувалі сябе часткай «скрыўджанага народа», уціснутага ў нацыянальных правах. Княгіня Магдалена Радзівіл, якой належаў, дарэчы, даходны дом каля самага Чырвонага касцёла, перадала на беларускую выдавецкую справу аж 20 тысяч рублёў.
У той самы час чарнасоценная газета «Северо-Западная жізнь» выдавалася за грошы прэм’ер-міністра Сталыпіна. Яе рэдактара Луку Саланевіча Уласаў аднойчы так напаіў на нейкім прыёме, што той не змог прачытаць запланаваны даклад.
За грошы княгіні Магдалены выдалі і кнігу Максіма Багдановіча «Вянок». У свой адзіны прыезд у Беларусь Багдановіч жыў у фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечнам, у Луцкевічавых сваякоў.
Хоць спачатку вершы маладога паэта, якія ён дасылаў з Яраслаўля, у «НН» ледзь не спісалі ў архіў з кляймом «дэкадэнтшчыны». З шуфляды сшытак Багдановіча выцягнуў супрацоўнік рэдакцыі Сяргей Палуян і скандалам пераканаў Луцкевічаў і Уласава друкаваць.
Гэта гісторыя вядомая з успамінаў Вацлава Ластоўскага, аднаго з рэдактараў. Ластоўскі не скончыў нават гімназіі, але дзякуючы самаадукацыі напісаў першую гісторыю Беларусі, а ў БССР 1920-х стаў акадэмікам. Луцкевічаў ён не цярпеў.
Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі. Дзякуючы самаадукацыі ён без фармальнай асветы стаў і акадэмікам, і прэм’ер-міністрам БНР
Ластоўскі пісаў пра падзел «НН» на «верхнюю» і «ніжнюю» палаты — арыстакратычную і дэмакратычную. Луцкевічы і Уласаў нібыта засядалі ў адным пакоі, а шараговыя супрацоўнікі — у іншым. Камунікавалі праз замкнутыя дзверы — прасоўвалі паперы і карэктуру ў шчыліну пад імі.
«За зачыненымі і завешанымі цяжкай драперыяй дзвярыма ў гасподзе «верхняй» палаты вяршыліся «высокія» палітычныя матэрыі... Ад вуліцы ж у «ніжнюю» палату ішла публіка «чорная» і «шэрая». Ясна, што пры такім падзеле «верхняя» і «ніжняя» палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламі».
Праўда, Юліяна Менке запэўнівала, што Ластоўскаму тут нельга верыць: «У яго была хвараблівая амбіцыя, ён ня мог прымірыцца, чаму ня ён, а браты Луцкевічы, асабліва Іван, іграюць першую скрыпку сярод беларусаў».
Унучак лічыць, што канфлікт перабольшаны. Ластоўскі нават быў у масонскай ложы, якую ўзначальваў Антон Луцкевіч. Так, бацькі беларускага руху былі яшчэ і масонамі.
З Юліянай Менке Луцкевіч так і не ажаніўся. Ён казаў, што не можа «будаваць асабістае шчасце», пакуль ідзе Першая сусветная вайна (і гонар не дазваляў яму жыць у цесця, бо свайго жытла не было). А пасля не дазваляла здароўе: у 1919-м Іван памёр ад сухотаў.
Іван Луцкевіч і Юліяна Менке падчас пікніка каля вогнішча. Мець сухоты і курыць было па тых часах звычайнай справай
Іван Луцкевіч у апошнія месяцы жыцця
Ён захварэў яшчэ студэнтам. Арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць, трымаў галадоўку ў СІЗА ў Пецярбургу. А пасля яго спецыяльна паклалі ў сухотны аддзел турэмнай бальніцы Крастоў, успамінаў брат.
Хапала трагедый, але было і камедый. Рэдактарам «НН» на пачатку работы было каля 30 гадоў, супрацоўнікам — яшчэ менш, гэта былі маладыя жыццярадасныя людзі.
Уласаў успамінаў: «Помню, раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троіцкай у Вільні. Колас а гадзіне трэцяй ночы кажа: «Вот бы выпіў гарэлкі!» — «На грошы і купі». — Колас за паўгадзіны вярнуўся з цёмнай вуліцы і кажа: «Няма, усё зачынена! Тут і генерал не дастане». — Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: «Калі ласка, гдзе тут можна дастаць гарэлкі?» — «Ды вось у стоража № 58»». Гарадавы яўна меў працэнт з нелегальнага начнога гандлю.
Азіраючыся назад, Антон Луцкевіч падлічваў, што «Наша Ніва» дала аўдыторыю больш чым 60 паэтам, некалькім дзясяткам празаікаў, друкавала ў год каля 600 карэспандэнцый з больш чым 300 мясцін Беларусі. «З кожным годам прыбывалі і выпрацоўваліся новыя сілы. У Вільню, свой натуральны цэнтр, цягнуцца хоць на пару дзён усе свядомыя беларусы. Сюды прыязджае Максім Багдановіч. Праходзяць праз рэдакцыю і Колас, і Цішка Гартны. На даўжэйшы час асядаюць Ядвігін Ш., Ластоўскі, Палуян, Бядуля, Гарэцкі, урэшце — Янка Купала».
Луцкевіч забыўся тут згадаць Цётку, Алаізу Пашкевіч, «экспансіўную, як феерверк». «Поўна было яе ўсюды. Працавала ў газеце, брала ўдзел у сходах, спробвала прамаўляць на мітынгах. Ейны «Хрэст на свабоду» ў 1905 годзе быў адным з найпапулярнейшых і публічна дэкламаваных вершаў», — успамінаў яе муж, літоўскі дзеяч Стэпонас Кайрыс. Беларусы і літоўцы ў тагачаснай Вільні моцна сябравалі супраць засілля палякаў.
Лёсы Купалы і Луцкевічаў скрыжуюцца яшчэ раз у 1930-я. У Івана і Антона быў брат Стафан, названы ў гонар дзядзькі — паўстанца 1863-га, забітага царскімі карнікамі ў Мінску. Стафан Луцкевіч у палітыку не лез, працаваў доктарам і жыў у Мінску, у сямейным доме на Хрышчэнскай. У 1920-я побач пасяліўся Купала. Калі паэт, прыйшоўшы дамоў з допыта ў ГПУ, уткнуў сабе ножык у жывот, пабеглі па доктара Луцкевіча. І Купала пражыў яшчэ 11 гадоў.
«Кампанія нашаніўцаў усё думала аб беларускай акупацыі Менска, — успамінаў Уласаў. — Афіцыянальна рэдактарства «Нашай Нівы» я перадаў Купалу».
Гэта было ў 1913-м.
«Купала, кончыўшы вячэрнія курсы сярэдняй школы ў Пецярбургу пад апекай дабрэйшай душы — беларуса Эпімаха-Шыпілы, — настолькі ўжо адшліфаваўся, што мы яго з «дзядзькоў» павысілі ў рэдакцыйныя «палкоўнікі», — працягваў Уласаў. — Я любіў Менск больш Вільні. З Крашчэнскай альбо Захараўскай быў відаць агромны кругазор з сінеючымі ўдалі барамі-лясамі — гэта таямнічая і спячая Беларусь».
Яшчэ Менск быў Уласаву дарагі тым, што тут у дзяцінстве ён пабачыў першае друкаванае слова па-беларуску — у календары, што выдаваўся пры ліберальнай газеце «Минский листок»: «Гэта было адкрыццём Амерыкі, як кажуць, адкрылі цэлы народ, каторы займаў гэту зямлю... Гэта першая беларуская ластаўка ў Менску».
Уласаў вярнуўся ў Менск у 1913-м, Луцкевічы — ніколі. Яны прыедуць сюды ў сакавіку 1918-га — на пасяджэнне, якое абвесціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але «Наша Ніва» пра гэта не пісала: яна праіснавала да 1915-га і закрылася перад тым, як Вільню занялі нямецкія войскі.
Царская ваенная цэнзура выкідала з газеты цэлыя прасціны тэксту
Чаму закрылася? Прычын многа: надышло ваеннае безграшоўе, Беларусь была расколата фронтам, аўтары трапілі ў войска ды ў бежанства, вайсковая цэнзура выкідала з газеты цэлыя палосы, паэтычную натуру Купалы абцяжарвала рэдактарская работа і здабыццё дроў на апал офіса.
Але глыбінная прычына была ў тым, што «Наша Ніва» зрабіла сваю справу. За 15 гадоў нацыя прайшла 100-гадовы шлях. «НН» пакінула Беларусь з жывымі літаратурнымі класікамі, амаль кадыфікаванай мовай, колам грамадскіх дзеячаў. Пачынаўся новы гістарычны этап — здабыццё незалежнасці.