Пачынальнік беларускага адраджэння, які быў у сваяцтве з Гіёмам Апалінэрам і сядзеў у адным астрогу з Якубам Коласам

Маючы шляхецкае паходжанне, літаратурны і мастацкі талент, ён вымушаны быў цягам жыцця зарабляць сабе на хлеб самай некваліфікаванай працай... Фінансавыя цяжкасці былі для яго нібы злы рок. Нягледзячы на гэта, ён быў першым у многіх сферах — ствараў першыя беларускія падручнікі, быў у ліку заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады — першай беларускай палітычнай партыі, напісаў адзін з першых твораў нацыянальнага тэатру, які быў у свой час неверагодна папулярным. Размова пра аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэння Каруся Каганца, які нарадзіўся 157 гадоў таму, 10 лютага 1868 года. Ён быў паэтам, драматургам, мовазнаўцам, мастаком, скульптарам і нават палітыкам. Прыгадваем цікавосткі з біяграфіі гэтага выбітнага дзеяча.

871.jpg

Чалавека, які дэманстратыўна хадзіў у просценьскім кажушку і падпаясанай світцы, звалі насамрэч Казімір Рафаіл Кастравіцкі і да сялянаў ён меў сімвалічнае дачыненне. Карусь Каганец — гэта літаратурны псеўданім, дзе Карусь — спрошчаная форма бацькавага імя — Карл, а Каганец — масляная лампа. Абраны ён быў невыпадкова, бо Кастравіцкі бачыў сябе менавіта светачам адраджэння.

kahaniets.jpg
Карусь Каганец, карціна невядомага мастака

Паходзіў Казімір Рафаіл з вядомага старажытнага шляхетнага роду Кастравіцкіх і нарадзіўся ў 1868 годзе ў Табольску. Там бацька разам з роднымі адбываў пакаранне за ўдзел у паўстанні 1863 года, а родавы маёнтак у Навасёлках, якія недалёка ад Койданава (цяперашні Дзяржынск) быў секвестраваны царскімі ўладамі. Тады такая практыка была даволі распаўсюджаная, калі пакутавалі цэлымі сем’ямі.

872.jpg
Паўстанцы на пастоі. Тагачасная гравюра 

У 1874 годзе Кастравіцкім было дазволена вярнуцца на Беларусь і яны пасяліліся пад Стоўбцамі, дзе ў хуткім часе бацька Казіміра, якому было 60 гадоў раптоўна пайшоў з жыцця. Шматдзетная сям’я засталася без сродкаў для існавання, а маці пабралася шлюбам у другі раз. Да 4 дзяцей дадаліся з часам яшчэ 3 малых. Сям’я перабралася ў Прымагілле пад Койданавым, дзе сястра маці перадала ёй 2 валокі зямлі, каб ім было з чаго жыць.

Лічыцца, што першую сапраўдную карту (у Будучы паэт з малых гадоў ведаў, што такое цяжкое жыццё. Не зважаючы на сваё паходжанне ён вымушаны быў пасвіць каровы, каб зарабіць на жыццё. Сябраваў з сялянскімі дзецьмі і агулам тэма проста люду ў будучыні стане для яго магістральнай. Ён будзе прынцыпова гаварыць «простай мовай», то бок беларускай, ведаючы іншыя — польскую і расейскую.

З юнацкіх гадоў Казімір Кастравіцкі шмат часу адводзіў на самаадукацыю, таму змог паступіць і адвучыцца ў Мінскім гарадскім вучылішчы, а потым і ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы. Але завяршыць адукацыю не здолеў, бо на яе па-просту не было грошай. Нястача фінансавых сродкаў наогул была нібы злы рок у ягонай біяграфіі. Здольны і таленавіты чалавек, які мог бы напоўніцу раскрыцца ў шмат якіх сферах мастацтва, вымушаны быў цягам жыцця зарабляць сабе на хлеб самай некваліфікаванай працай...

На літаратурнай ніве Карусь Каганец быў з 1893 года. Пісаў вершы, апавяданні, сцэнічныя творы, публіцыстыку, супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва». Распрацоўваў гістарычную тэматыку, праблемы нацыянальна-культурнага і дзяржаўна-палітычнага адраджэння Беларусі. Акрамя літаратуры займаўся таксама мастацтвам — быў графікам, мастаком і скульптарам. І гэта пры тым, як сказана было ўжо вышэй, што шмат часу траціў на заробкі. То бок жыў не з творчасці.

Як і ў маленстве, Карусь Каганец часта мяняў месцы пражывання, бо ўвесь час шукаў лепшай долі. Спалучаючы будзённае з узнёслым ён у канцы ХІХ стагоддзя пачынае публікаваць сабраныя і апрацаваныя ім народныя паданні на старонках газетаў «Минский листок» і «Северо-Западный край». А яшчэ бярэцца за арганізацыю беларускага хору і аркестру.

У 1902 годзе Карусь Каганец будзе ў ліку заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады — першай беларускай палітычнай партыі, якая была створана вядомымі беларускімі дзеячамі той пары — Антонам і Іванам Луцкевічамі, Алаізай Пашкевіч, Вацлавам Ластоўскім і Аляксандрам Бурбісам. Паводле сваёй праграмы партыя гэтая была левай, але стаяла на нацыянальнай платформе. 

У часе рэвалюцыйных падзей 1905 года Карусь Каганец займаўся рэвалюцыйнай агітацыяй, у прыватнасці сабраў шматлюдны мітынг. За гэта ў канцы года быў арыштаваны і зняволены у мінскі астрог. Праз 5 месяцаў, у траўні 1906 года, быў выпушчаны на парукі сяброў і сваякоў да суда, які адбыўся толькі ў красавіку 1910 года. Тады такая практыка была распаўсюджанай, што чалавека судзілі гадамі, часам даўжэй, чым уласна тэрмін. Так было і з Якубам Коласам, якога асудзілі за арганізацыю нелегальнага настаўніцкага з’езда ўлетку 1906 года. Каганец і Колас паспелі нават пасядзець разам.

873.jpg
Якуб Колас

Менавіта другое зняволенне і падарвала незваротна здароўе Каганца, што ў выніку прывяло да ягонай смерці. Калі ён яшчэ знаходзіўся ў турме, сам Максім Багдановіч прысвяціў яму верш, які так і называўся — «Каганцу»:


Змоўк пясняр, затаіў свае песні,
Ён іх болей ужо не пяе.
Але рвуцца яны, і калісь на прадвесні
Лёд халодны ў душы пад напорам іх трэсне,
І струёй лынуць вершы з яе.

Гэтак часам уходзіць у землю крыніца,
Дзесь у нетрах таемна бяжыць,
Але мусіць урэшце на волю прабіцца,
Шмат яшчэ па зямлі будзе ліцца-каціцца
І радзімаму краю служыць.

У тым самым 1910 быў скончаны вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нацыянальнага тэатру, які карыстаўся неверагодным поспехам у гледача. Адмыслоўцы называюць акурат яго галоўным даробкам Каруся Каганца ў літаратурнай дзейнасці.

Акрамя ўласна літаратурнай справы ды рэвалюцыйнай агітацыі, Карусь Каганец займаўся стварэннем першых беларускіх падручнікаў. Менавіта ён апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка, які называўся «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», які быў выданы ў 1906 годзе першай легальнай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца». Гэта быў надзвычай важны ўнёсак у развіццё беларускай адукацыі і школьніцтва.

Апошнія 6 гадоў свайго жыцця творца працаваў звычайным эканомам у фальфарку каля Багданава. Час ад часу пісаў ды публікаваўся, а ў 1917 годзе вярнуўся да актыўнага палітычнага жыцця — быў абраны старшынёй на гістарычным з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, які адбываўся ў Менску 25-27 сакавіка 1917 года і на якім абмяркоўваўся далейшы лёс краіны.

У 1918 годзе Карусь Каганец захварэў на запаленне лёгкіх і пайшоў з жыцця. Ні ягоная жонка, ні дзеці на пахаванні не прысутнічалі. Праз 10 гадоў пасля смерці ягоную магілу ў Навасёлках адшукаў вядомы краязнавец той пары Мікола Каспяровіч. У самым разгары была палітыка беларусізацыі і тое трэба было зрабіць, бо ў гэты час вярталі славутыя імёны з небыцця, а не забывалі, як будзе потым.

874.jpg
Пасмяротнае выданне «У іншым шчасьці няшчасьце схавана» Каруся Каганца, 1919 год. ВільняКрыніца: pbs.twimg.com.

Па другім коле ягоную магілу адшукае ў 80-я гады ўжо Мікола Ермаловіч, які будзе абапірацца на звесткі, што пакінуў у свой час Мікола Каспяровіч. Ермаловіч, які сам зробіць важны ўнёсак у справу развіцця беларускай літаратуры і гісторыі, лічыў гэта справай гонару, бо Карусь Каганец быў адным з першапраходцаў у справе стварэння і даробак ягоны надзвычай цяжкі. У 1988 годзе на ягонай магіле паставяць новы помнік.

Праз паўгады пасля смерці Казіміра Рафаіла Кастравіцкага, увосень 1918 года ў Парыжы, пайшоў з жыцця яшчэ адзін паэт, які таксама меў прозьвішча Кастравіцкі. Усе яго ведаюць пад псеўданімам Гіём Апалінер — ён быў сваяком Казіміра Кастравіцкага і спрычыніўся да стварэння культуры французскай.

875.jpg
«Партэт Гіёма Апалінэра» Джорджыа дэ Кірыка. Крыніца: ic.pics.livejournal.com

Л.Г., budzma.org