У чарговыя ўгодкі нелегальнага з’езда настаўнікаў 1906 года, які адбыўся з ініцыятывы Якуба Коласа і быў разагнаны царскімі ўладамі, прыгадваем, чым скончылася гэтая падзея для класіка беларускай літаратуры.
Якуб Колас, 1908 год
Якуб Колас яшчэ задоўга да сходу вёў даволі актыўную грамадскую дзейнасць, праз што займеў ужо пэўныя праблемы. Але былі яны нязначнымі ў параўнанні з тым, што будзе пасля. І тут важна разумець, што ў адрозненне ад свайго калегі Янкі Купалы — ён быў не абыякавы да, як цяпер бы сказалі, актывізму. Ад першых гадоў сваёй творчай дзейнасці Якуб Колас таксама займаўся і палітыкай.
Сама ідэя настаўніцкага сходу нарадзілася недзе ў першых месяцах 1906 года, калі Якуб Колас распачаў актыўную перапіску з іншымі настаўнікамі, якія разам з ім раней вучыліся і скончылі Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Першапачаткова задума была правесці сход у канцы чэрвеня, 29 чысла, але далёка не ўсе з меркаваных удзельнікаў маглі прыняць у ім удзел. Таму яго перанеслі на 9 ліпеня. Навучальны год даўно скончыўся, настаўнікам ніхто і нішто не павінна было замінаць спакойна сабрацца ды абмеркаваць набалелае.
Янка Маўр, які быў асабіста запрошаны Якубам Коласам і браў актыўны ўдзел у працы з’езда, так прыгадваў яго:
«Размясціліся мы на цудоўным беразе Нёмана. Прэзідыум сядзеў на дубовай калодзе, сакратар са сваімі паперамі прыладзіўся на пні, а дэлегаты паселі на траву...
Хвалюючае было паседжанне. Мы пастанавілі аб’яднацца ў настаўніцкім саюзе і прыцягнуць у саюз усіх настаўнікаў, з якімі нам прыйдзецца сустракацца: мы паставілі сваёй задачай вакол кожнай школы стварыць рэвалюцыйны актыў з народа».
Амаль два дзясяткі настаўнікаў з усёй Мінскай губерні сабраліся «на паляне ў Прыстаньцы каля Нёмана», дзе ўласна і адбываўся сход. А вось пратакол таго сходу афармлялі ўжо ў будынку Мікалаевіцкай школы. Там яны і былі выкрытыя паліцыяй, якая з’явілася сярод ночы. У выніку ператрусу быў канфіскаваны пратакол з’езда, брашура «Всероссийский союз учителей», а таксама рукапісная адозва аб занядбаным стане народных настаўнікаў. Гэтыя рэчы і стануць асноўнымі доказамі іхнай антыдзяржаўнай дзейнасці.
У знакамітай кнізе Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» беларускі класік так згадвае падзеі:
«Наш настаўніцкі з’езд муляў вочы ўладам. Як гэта можа быць? Збіраюцца нейкія настаўнікі, варушацца, падымаюць галаву. Ды яшчэ «на заходняй ускраіне»! Крымінал.
Да таго ж мы прынялі палітычную платформу, меліся працаваць нелегальна. Так і дамовіліся на паляне ў Прыстаньцы каля Нёмана. А ў адозве, за якую мяне ўпяклі, гаварылася аб скліканні шырэйшага з’езду ў канцы года. Вось паліцыя і ўстрывожылася. Трэба пачынаць следства, хацелі злавіць з доказамі. Да іншых лістовак я такі сапраўды прычыніўся. Мы іх выпускалі саматужным спосабам, ад рукі».
У часе допытаў, якія адбывался ў жніўні 1906 года, Колас, як і іншыя ўдзельнікі, адмаўляў незаконны характар. А падпісаны пратакол спісвалі на нецвярозы стан — маўляў, сабраліся на традыцыйную гулянку з нагоды канца навучальнага года, ды троху перабралі. Але гэта яму не асабліва дапамагло, бо ў канцы месяца ён быў звольнены са сваёй настаўніцкай пасады. Нават нягледзячы на тое, што атрымаў добрую характарыстыку з мінскай дырэкцыі народных вучылішч.
Прыкладна ў гэты самы час у раёне сучаснай Камароўкі адбыўся яшчэ адзін сход, гэтым разам ужо прадстаўнікоў рэвалюцыйных арганізацый. Нягледзячы на магчымую небяспеку, Якуб Колас прымае ўдзел і ў ім. Галоўны плён удзелу ў гэтым мерапрыемстве, калі можна так выказацца — знаёмства з Аляксандрам Уласавым, які прапанаваў яму супрацоўніцтва.
«Наша Доля», № 1, 1906 год
І вось ўжо 1 верасня таго ж года ў першым нумары газеты «Наша Доля» друкуецца верш «Наш родны край» — літаратурны дэбют паэта. Упершыню з’яўляецца і псеўданім Якуб Колас. Вось як прыгадвае тое класік у кнізе Лужаніна:
«У «Нашай Долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. І паспеў тое-сёе надрукаваць з вершаў і допісаў. Пісаў пра мову, пра лёс настаўніцтва. Па-мойму, удала атрымалася адна перапіска. Ураднік Нагайкін піша прыставу Кулачынскаму, што зрабіў вобыск і «арыштаваў» пяць рублёў золатам.
Тады мяне па ўсім свеце кідала. Жыў у Смольні ў брата, там прыватную школу арганізаваў. Патрохі складаў «Другое чытанне». Гасціў у Беларучы, у «дарэктара», разы тры ў Вільню з’ездзіў. Працаваў у «Нашай Ніве», толькі доўга затрымлівацца не давалі. Я там пісаў сваё, правіў допісы, перакладаў тое-сёе.
У самой рэдакцыі жыў, там і газету пакаваў, і падлогу падмятаў. Усё добра было б, хоць на тых заработках духі падводзіла, але паліцыя выганяла з горада. Потым дастаў дазвол на пражыванне і быў пры рэдакцыі, пакуль не прыйшло пісьмо ад памешчыка Гардзялкоўскага. Ён хацеў арганізаваць беларускую школу і прасіў параіць настаўніка».
Так даволі сціпла Якуб Колас апісаў свой побыт у канцы 1906 года — першай палове 1907 года. У снежні ён пад псеўданімам Дзядзька Карусь піша палемічны артыкул «Беларуская мова ў казённай школе», дзе ўздымае пытанні неабходнасці вывучэння беларусамі роднай мовы.
«Наша Ніва», № 7, 1906 год
Тым часам увосень 1906 года звольненыя настаўнікі звяртаюцца ў розныя інстанцыі з просьбай растлумачыць, на якой падставе яны былі звольненыя, а таксама з патрабаваннем даць ім працу. Праўда, нейкай пэўнасці ў сваім лёсе ім не даводзіцца дабіцца. Царскія чыноўнікі не даюць ніякай канкрэтыкі да канца разбіральніцтва, якое ідзе вельмі павольна.
У 1907 годзе Якуб Колас працягвае пісаць і публікавацца, робіць захады, каб застацца на сталую працу ў рэдакцыі «Нашай Нівы». На гэты момант ён ужо напісаў чатыры дзясяткі апавяданняў, а таксама добрую колькасць тэкстаў у іншых жанрах. У траўні ён публікуе пад псеўданімам К. Наднёманец карэспандэнцыю «Аб народным вучыцелю», дзе расказвае аб цяжкім становішчы настаўнікаў.
«Наша Ніва», №20, 1907 год
З лета 1907 года пачынаюцца больш-менш актыўныя захады царскіх уладаў у справе разбіральніцтва з нагоды з’езда. Справа пачынае рухацца. І ў снежні вырашана дапрасіць Коласа, бо яму пачынаюць закідаць яшчэ і аўтарства адозвы, якая заклікае байкатаваць настаўнікаў месцы звольненых калег. Прасцей кажучы, не ісці працаваць туды, адкуль былі звольненыя ўдзельнікі з’езда. Разам з тым экспертыза так і не змагла даказаць аўтарства Коласа. Пэўна таму, што склаў яе іншы настаўнік.
Якуб Колас тым часам працягвае сваю літаратурную дзейнасць, і не зважаючы на забарону паліцыяй пакідаць Вільню, выпраўляецца ў самым канцы 1907 года на некалькі дзён у Санкт-Пецярбург. А ў самым пачатку 1908 года перабіраецца на Магілёўшчыну ў маёнтак згаданага землеўласніка Гардзялкоўскага, дзе ў прыватнай школе вучыць на беларускай мове два дзясяткі вучняў.
Тым часам следства па справе нелегальнага з’езда працягваецца, але ў выніку пераслед тузіна настаўнікаў быў спынены ў красавіку 1908 года. Бо даказаць удалося хіба толькі тое, што яны збіраліся далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і прыняць удзел у яго рабоце. У актыўных дзеяннях абвінавачвалася шэсць чалавек, сярод якіх быў і Якуб Колас. Яму ў віну ставілася не толькі скліканне з’езда, удзел у ім, але таксама складанне адозвы з мэтай правядзення ў канцы 1906 года яшчэ больш прадстаўнічага з’езда беларускіх настаўнікаў, ну і таксама згаданая ўжо адозва аб байкоце. З такім наборам шлях быў адзін — у турму.
Судовае паседжанне пачынаецца 15 верасня 1908 года ў Мінску, пра яго Якуб Колас прыгадваў так:
«Судзіла нас выязная сесія Віленскай судовай палаты. У тым самым доме, дзе быў музей на пляцы Волі. Лістоўку бралі на экспертызу двойчы. Першы раз эксперты далі патрэбныя суду весткі. Другі раз прызналі, што рука не мая. Пракурор як усхопіцца! І давай: «З прычыны разыходжанняў у поглядах экспертаў, гаспада суддзі, патрабую Міцкевіча асудзіць».
Так што ў іх усё было вырашана загадзя. Не ўдавалася пасадзіць за падабенства почырку, дык пасадзілі за разыходжанні паміж экспертамі. Ці саву аб пень, ці пнём аб саву».
Праз чатыры дні быў вынесены судовы вырак: Якуб Колас і яшчэ два ягоныя паплечнікі атрымалі па тры гады турмы кожны, адзін быў апраўданы і вызвалены. Сам жа галоўны герой мог у прынцыпе ўцячы, але вырашыў не кідаць аднадумцаў:
«Арыштавалі мяне на судзе. На лаву падсудных не саджалі, я даваў паказанні і мог выходзіць з залы. У перапынку паміж пасяджэннямі нават схадзіў пагуляў па горадзе, крыху падмацаваўся. Мог, вядома, і ўцячы. А куды? Я ведаў, што адзін з удзельнікаў з’езда, Алесь Сянкевіч, падаўся ў Амерыку. Нават пісаў аб гэтым у «Нашай Ніве». Але ён выбраўся ў часе. Я ўжо быў заціснуты ў кола. Схопяць, як толькі ступіш цераз мяжу. Дый, галоўнае, таварышаў судзяць, як жа я магу пакінуць іх? Думалася, што ўжо само наша асуджэнне дасць нейкі штуршок далейшаму настаўніцкаму руху. Рознае ўяўлялася...»
Фактычна, Якуб Колас прыняў увесь удар на сябе, што пацвярджае ў сваіх успамінах і Янка Маўр:
«Следства цягнулася гады два, бо мы ўсяляк стараліся заблытаць справу. Тут вельмі дапамог Якуб Колас. Так да суда наша справа і не дайшла. Толькі нідзе нас не прымалі на работу...
А сам Якуб Колас усё-такі трапіў пад суд і ў турму. Яго абвінавацілі ў тым, што ён пісаў і рассылаў пракламацыі. Знайшліся «эксперты», якія прызналі яго почырк. А ў сапраўднасці пісаў не ён. Якуб Колас ведаў, хто пісаў, але не сказаў гэтага ні на следстве, ні на судзе.
Так ён і пайшоў у турму за другога. І адседзеў тры гады».
У зняволенні будучы класік працягваў пісаць вершы, дасылаць іх у газеты, ліставацца з аднадумцамі. Пакуль ён быў за кратамі, у 1910 годзе пабачыў свет яго дэбютны зборнік паэзіі «Песні жальбы». А ў 1912 годзе на старонках «Нашай Нівы» пачнецца публікацыя фрагментаў «Новай зямлі», якія пісаліся ім у Пішчалаўскім замку (сённяшняе СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага). Аўтар так і ўказаў месца стварэння — «мінскі астрог».
«Наша Ніва», №39, 1912 год
На волю ён выйшаў у сярэдзіне верасня 1911 года, адбыўшы пакаранне, што называецца, «ад званка да званка». Тэма нелегальнага з’езда, з-за якога Якуб Колас трапіць за краты, будзе таксама адлюстравана ў знакамітай трылогіі «На ростанях».
Л. Г., budzma.org