Валера Руселік: «Ці вартая плюс адна прададзеная тона масла абразы тваёй краіны?»

Дзе праходзіць мяжа паміж цярплівасьцю й самапрыніжэньнем? Што і калі сапраўды можна перацярпець, а дзе ня варта папускаць ані на імгненьне? Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» тлумачыць, дзе праходзіць мяжа паміж знакамітай нацыянальнай рысай беларусаў і самаганьбаваньнем.

Памятаеце гульню «Хто я?», у якой кожны зь яе ўдзельнікаў чапляе сабе на лоб паперку з напісаным імем пэрсанажа і з дапамогаю наводных пытаньняў спрабуе здагадацца, хто ён?

У жыцьці ж, якое, як мы ўсе ведаем, адна вялікая гульня, часам здараецца, што і без усялякіх удакладненьняў можна зразумець, хто перад табою.

Дастаткова словаў і ўчынкаў гэтага чалавека.

Valiera RusielikВалера Руселік. Фота з архіву аўтара

Надоечы карыстальніца сацсеткі Х апублікавала фота пачка масла ад Пастаўскага малочнага завода. У камэнтарах адразу ж палыхнула — з-за надпісу на абгортцы: «Сделано в Белоруссии». Беларусы не паверылі, што гэта сапраўды нашае масла: маўляў, расейцы, спэкулюючы на добрым іміджы беларускіх харчоў, у прыватнасьці малочкі, часьцяком падрабляюць сваю нізкаякасную прадукцыю «з мыцішчанскіх гаражоў», дадаючы ёй нашую «прапіску». Запарэбрыкавыя ж камэнтатары ў масе сваёй пачалі сьмяяцца з «закамплексаваных бульбашоў», у якіх падгарэла ўсяго з-за аднаго слова, і стопяццоты раз даводзіць, што правільна — не «Беларусь», а «Белоруссия».

Выявілася, аднак, што рацыі ня маюць ані тыя, ані тыя. Пастаўскі малочны завод патлумачыў: маўляў, так, масла нашае, зрабілі яго на замову расейскае гандлёвае сеткі «Монетка». І дадаў:

«На упаковке надпись имеет место быть, это не запрещено ни чем и ни кем, хотя лично нам это слух режет очень. Но как говориться, кто платит тот и заказывает музыку — именно такая надпись это требование заказчика».

І вось мне цікава. Наколькі моцна «Белоруссия» рэжа слых вытворцам? І колькі каштуе іхнае «можна пацярпець»? А калі заўтра прапануюць, да прыкладу, абазваць апошнімі словамі кагосьці з блізкіх дырэктара прадпрыемства Георгія Касьценя альбо зьняць сподні й нахіліцца — колькі замоўцу-вычварэнцу трэба будзе выкласьці за гэткае «можна пацярпець»?

Я не заклікаю, крый Божа — папросту тэарэтызую. Карціць зразумець глыбіню пакутаў пастаўскіх малочнікаў.

Kalaž
Трыпціх «Пакуты пастаўскіх малочнікаў: за грошы — можна й пацярпець!». Каляж аўтара

Дарэчы, вы ведалі, што прымаўка «Хто плаціць, той і замаўляе музыку» вядомая ў розных краінах і ў розных мовах? І сэнс паўсюль аднолькавы: той, хто фінансуе нейкую справу, мае права пастанаўляць, як гэтая справа будзе рэалізоўвацца, выконвацца. Прымаўка сягае каранямі ў рэстарацыі, дзе наведнікі плацілі музыкам за выкананьне канкрэтных песьняў.

Недзе адтуль, напэўна, пайшоў і менш цэнзурны аналяг: «Хто дзяўчыну вячэрае, той яе і танчыць». Акрамя першапачатковага сэнсу пра вырашальнае слова спонсара, аднак, захавалася і адсылка да маральнага выбару тых, хто грошы прымае: прыемнага мала, але за «чырык» можна й пацярпець.

Варта адзначыць, што рэстаранных музыкаў яшчэ за саветамі пачалі называць лабухамі. І стаўленьне да іх у прафэсійным асяродзьдзі было прыкладна гэткаесама, як і да ўдзельніц бартэру «патанчыць за вячэру»: маўляў, адмовіліся ад уласнага «я» дзеля лёгкіх грошай.

Savieckija «labuchi»
Тыповыя савецкія «лабухі». Фота shanson.ru

І штораз, калі я бачу падобнае адмаўленьне ад свайго, ад самога сябе на карысьць чужога дзеля нейкае аднамомантнае выгады, я штораз задаюся пытаньнем: дык а колькі каштуе тваё «можна й пацярпець», лабух?

Ці вартая плюс адна прададзеная тона масла абразы тваёй краіны? Якая сапраўдная цана замены беларускамоўных школьных падручнікаў на расейскія? Колькі і калі мы заплацім за ўдзел нашых дзяцей у прапагандысцкіх мерапрыемствах БРСМ ды летніках расейскіх «вагнэраўцаў»?

І — галоўнае. Навошта тым, хто ня лабух, удзельнічаць у падобных сэансах самапрыніжэньня?

Зрэшты, як раз тут адказ ёсьць. Да прыкладу, вось Азаронак на СТВ зладзіў цэлае ток-шоў «Да! Но…» з пытаньнем«Беларуская мова: ці патрэбная яна тым, хто размаўляе па-расейску?». Я разумею, на чыю замову працуе гэты лабух. Я нават ня зьдзіўлены прапанове выпускніка беларускамоўнай школы, а затым і Акадэміі МУС Руслана Пятрочанкі замяніць і без таго рэдкія лекцыі па беларускай мове неабавязковымі факультатывамі.

Лабух і рэнэгат — якія тут могуць быць пытаньні?

Tok-šoŭ «Da! No…»
 Ток-шоў «Да! Но…», тэлеканал СТВ. Скрын з відэа

Куды важнейшае тое, што рабілі ў студыі астатнія — удзельнікі каманды, якая адстойвала важнасьць роднай мовы, і гледачы, якія большасьцю галасоў падтрымалі беларушчыну.

Калі ў краіне ўсё нацыянальнае нішчыцца і ганьбіцца, калі магчымасьць публічна выказацца ў абарону ня толькі беларушчыны, але й наагул нармальнасьці і адэкватнасьці практычна адсутнічае — варта прыходзіць нават на гэткую мярзотную пляцоўку, як у Азаронка, каб голасна засьведчыць: мы — ёсьць, нас — шмат, нашая мова і культура — патрэбныя, нашая краіна — гэта мы!

Між тым тое ж самае можна й варта рабіць ня толькі й ня столькі ў межах ганебнага прапагандысцкага ток-шоў альбо ў камэнтарах пад зашкварам чарговых пастаўскіх малочнікаў, але й на куды важнейшай пляцоўцы. У штодзённым жыцьці.

Размаўляйма па-беларуску, сябры. Майма гонар і самапавагу! Будзьма беларусамі, а ня нейкімі там бязроднымі лабухамі!

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.