Валера Руселік: «Каб жылі і мы, і нашая цудоўная Беларусь — сёньня палітыкай павінен займацца кожны з нас»

Палітычны маніфэст і зброя альбо ўсё-ткі сродак камунікацыі? У спрэчках пра тое, чым ёсьць сёньня і чым мае быць беларуская мова, зламаная незьлічоная колькасьць дзідаў. Ну што ж, відаць, прысьпеў час і тут уставіць сваё слаўцо Валеру Руселіку ў ягонай рубрыцы «Прыдарожны пыл».

Два выказваньні, якія, напэўна, чулі ў свой бок абсалютна ўсе без вынятку беларускамоўныя суразмоўцы:

«Ой, ну что вы всё про политику?!» і «Ой, ну что вы всё про беларускую мову?!».

Знаёма, праўда?

Цікава, гэта папросту супадзеньне? Альбо ў беларускай палітыцы й сапраўды анікуды безь беларускай мовы, а ў беларускай мове — анікуды без палітыкі?

Valiera Rusielik
Валера Руселік. Фота з архіву аўтара

Па-першае, тут нават Амэрыкі адкрываць ня трэба: моўнае пытаньне ў Беларусі палітызаванае стагодзьдзямі й наўпрост зьвязанае зь непрыемным суседзтвам з усходу.

Што ў Расейскай імпэрыі, што ў Савецкім Саюзе, што ў цяперашняй Беларусі — выбар нязьменны: хочаш быць незалежны, захаваць сваю тоеснасьць, быць гаспадаром уласнаму лёсу і ўва ўласным Краі — змагайся з маскоўскімі акупантамі й мясцовымі рэнэгатамі. Размаўляй па-беларуску.

Па-другое (а дакладней у працяг першага), моўнае пытаньне наўпрост зьвязанае з пачуцьцём самапавагі, уласнае годнасьці. Бо калі цябе ўвесь час прыніжаюць выключна з-за таго, на якой ты мове размаўляеш — як тут не абурыцца й не супраціўляцца? І калі гэтыя прыніжэньні мэтадычна дэманструе ўлада ў краіне, то выбар вельмі просты й небагаты: альбо будзь цярпілам і моўчкі прыглынай абразы ў свой бок, альбо супраціўляйся гэтай уладзе. Ідзі ў апазыцыю, станавіся змагаром.

Я дагэтуль часам разважаю пра тое, ці дакрануўся б я да палітыкі, калі б Лукашэнка не ваяваў зь беларушчынай? У свае 15 я ж быў звычайны гарадзенскі беларускамоўны падлетак. Калякаў сабе вершыкі. Нават атрымаў зь мясцовага гарвыканкаму дыплём «Талент горада Гродна». Калі пастанавіў быў стаць журналістам, то першыя свае нататкі пра тое, чаму ня варта на Новы Год секчы ялінкі, панес у мясцовую афіцыйную «Гродзенскую праўду». Да сёмае клясы наагул быў актывістам школьнае піянэрскае дружыны — ССА (старшыня савету атрада). Адтуль, дарэчы, і адзін з маіх рэдкіх успамінаў пра дзяржаўнасьць бела-чырвона-белага сьцяга: напачатку 1990-х значкі БРПА былі ў выглядзе нацыянальных сьцяжкоў, мы іх куплялі па 15 рублёў.

Ну якая там палітыка, ну што вы…

І ўсё б нічога, толькі раз-пораз, а потым усё часьцей пачыналіся нейкія кпіны і чапляньні да маёй беларускамоўнасьці. Ах таааааак?! Вам не падабаецца, што я — гэта я? Ну добра, раз вы супраць мяне — я буду супраць вас! Наезды на беларускую мову + юнацкі максымалізм = Малады Фронт і вось гэта вось усё.

То-бок, калі ўжо гэтак разабрацца, палітычна актыўнага змагара зь мяне ў нейкім сэнсе зрабілі… лукашысты. Беларусафобы.

Haradzienski «Malady Front» i hości ź Miensku
Гарадзенскі «Малады Фронт» і госьці зь Менску, 2000 г. Фота з архіву аўтара

Ну й па-трэцяе, беларуская мова, як ні круці — гэта пра цывілізацыйны выбар. Колькі я ні назіраю за беларускім дэмакратычным праэўрапейскім варушняком, амаль усе — ці то палітыкі, ці то, актывісты, ці то экспэрты — альбо ўжо прыходзяць беларускамоўныя, альбо паступова беларусеюць. Таму што эўрапейскі выбар — гэта пра самапавагу й павагу да іншых, пра свабоду, пра нацыянальнае.

У Расеі няма месца беларусам, у Эўропе — ёсьць.

І трансьляваць гэтыя каштоўнасьці, не крывадушнічаючы ані перад іншымі, ані перад самым сабою, можна толькі на сваёй роднай мове. Менавіта таму яшчэ з часоў майго юнацтва як раз-ткі беларушчына сталася наймацнейшым маркерам альтэрнатывы лукашызму: маўляў, «а чё ты по-беларуски разговариваешь? Ты чё, из БНФ?».

То-бок размаўляеш па-беларуску — адразу зразумелая твая палітычная пазыцыя. Ці вы думаеце, ёсьць нейкая іншая прычына рэпрэсіяў супраць беларускамоўных у Беларусі?

Ну і ўсё, вось яна, сувязь беларускай мовы і палітыкі.

Dźvie Bielarusi
Дзьве Беларусі. Здагадайцеся, каторыя зь іх — беларускамоўная. Фота tut.by

Часам задумваюся, дык а чым я буду займацца, калі раптам усё-ткі здарыцца цуд, і вось гэта вось усё скончыцца, Расея нарэшце ад нас адчэпіцца, і ў Беларусі замест грамадзянскіхі палітычных барыкадаў запануюць свабода, узаемапавага, дэмакратыя? Хто ведае, можа, зноўку буду пісаць пра тое, наколькі важна берагчы прыроду й ня секчы на Новы год ялінкі.

Пісаць, зразумела ж, па-беларуску — папросту таму, што я беларус і жыву ў Беларусі. Папросту таму, што мова — гэта натуральная частка мяне, сродак камунікацыі. І ўсё, аніякае палітыкі.

Але гэта калі-небудзь. А пакуль што, як ні круці, заставацца па-за палітыкай ўсьцяж азначае заставацца абыякавым да лёсу Бацькаўшчыны, да небясьпекі яе зьнікненьня. Памятаеце гэтае: «Тата, куды нас вязуць? — На расстрэл, сынку. — А за што? — Ня ведаю, сынку, я палітыкай не цікаўлюся».

І менавіта таму — каб жылі і мы, і нашая цудоўная Беларусь — сёньня палітыкай павінен займацца кожны з нас.

Хаця б папросту размаўляць па-беларуску.


Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org