— Ці жывая беларуская музычная журналістыка?
— Канечне, жывая. Даволі шмат журналістаў спецыялізуецца на музыцы. У «Савецкай Беларусі» — Віка Папова, Валянцін Пепеляеў у «Народнай газеце». Гэта тыя ж людзі, што пісалі і раней, 10–15 гадоў таму. Да нядаўняга часу ў «Знамени юности» працавала пад псеўданімам Люда Пагодзіна, таксама чалавек з абоймы музычных журналістаў, якая фармавалася ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х. На «Анлайнеры» — Саша Чарнуха. Таня Заміроўская рэгулярна друкуецца ў «Большом», нягледзячы на тое, што ўжо некалькі гадоў жыве ў ЗША. Канечне, гэта не тое, што было раней, калі існавалі спецыялізаваныя выданні… Узгадаць нават нашу «Музычную газету», дзе круцілася шмат аўтараў. Не ўсе яны працавалі ў СМІ, некаторыя пісалі для душы, але іх таксама можна лічыць музычнымі журналістамі.
У выдавецтве «Нестар», што выпускала МГ, выходзілі таксама часопіс «Джаз-квадрат», металічны «М-часопіс» пад кіраўніцтвам Андрэя Мэна. Потым з’явіўся часопіс «Hot-7». Быў у нас такі холдынг людзей, што цікава пісалі. Макс Івашын, музыка «Нейра Дзюбеля» і сольны музыка, цяпер займаецца піярам. Андрэй Мэн, здаецца, працуе ў нейкім недзяржаўным друкаваным СМІ. Зміцер Бескаравайны — наша ўсё, займаецца маладымі музыкамі, вывозіць іх на фестывалі, вядзе сайт experty.by. Зміцер Падбярэзскі — замрэдактара часопіса «Мастацтва». Зміцер Борбуць, які ў МГ вёў лінію групы «Nirvana», займаецца, калі не памыляюся, дызайнам. Антон Ігонін — дзесьці ў вёсцы пад Піцерам робіць інтэрнэт-праекты. Мала што ведаю пра нашых аўтараў не з Мінска. Гена Шостак з Брэста і цяпер працягвае пісаць пра музыку. Легендарны чалавек у музычнай журналістыцы, шмат пісаў і піша для расійскіх сайтаў… Віталь Шум — матор магілёўскай субкультуры, дый не толькі музычнай, — некалькі гадоў таму закінуў удзел у андэграўндным жыцці. Вёў сайт morok.ru, які з паўгода таму закрыўся.
— Маладзейшае пакаленне, можа, і не памятае, а ў пачатку 2000-х гадоў «Музычная газета» была сапраўды культавым выданнем, якое чыталі па ўсёй Беларусі, давалі абвесткі, знаходзілі сяброў для ліставання і ўдзельнікаў у гурты…
— Калі стваралі газету, Анатоля Кірушкіна, гаспадара выдавецтва «Нестар», узялі «на слабо». Першы рэдактар, Саша Зеленер, сказаў нешта кшталту: «Вось вы ж выпускаеце «Камп’ютарную газету», «Будаўніцтва і нерухомасць», гэта прыносіць прыбытак. Давайце вас пусцім на музычнае выданне!» І Кірушкін пагадзіўся! Сам жа ён любіць джаз, выданне «Джаз-квадрат» у інтэрнэце існуе дасюль. Сайты «Музычнай газеты» і «М-часопіса» ўжо не працуюць, а на «Джаз-квадрат» можна зайсці, ён увесь час абнаўляецца.
Пілотны выпуск МГ выйшаў у канцы 1996-га. Я далучыўся ўвесну 1997-га. Саша Зеленер сышоў праз канфлікт з Кірушкіным, той запрасіў нас са Змітром Бескаравайным. Я адказваў за «ўсходні сектар» (Беларусь і постсавецкая прастора), а Зміцер — за «заходні». Дамовіліся, што асвятляем не папсовую музыку, не класічную, не джазавую, а рок, поп-рок, рэп, які тады ў Беларусі ўваходзіў у моду, — скажам, альтэрнатыву. Працавалі з пазаштатнікамі, часам звязваліся з заходнімі кампаніямі наконт інтэрв’ю і атрымання кампакт-дыскаў на рэцэнзію.
У МГ пісалі самыя крутыя музычныя дзеячы СНД, кшталту Джорджа Гуніцкага (гурт «Акварыум») і Аляксандра Кушніра. Ёсць байка, што знакаміты Атар Кушанашвілі раз на тыдзень прыходзіў да пэўнага маскоўскага шапіка, каб набыць МГ (мы і ў Маскве распаўсюджваліся). Першае інтэрв’ю з Земфірай (праўда, у фармаце міні), было надрукавана ў нас, узяла яго Люда Цітова ў Піцеры.
Пры МГ ніколі не было рэкламнага аддзела. У «М-часопісе» Андрэй Мэн змяшчаў нейкую рэкламу. Цяжкая музыка на пачатку 2000-х гадоў была моднай, камерцыйна паспяховай.
Потым стаў развівацца FM-эфір, інтэрнэт, з’явіўся Першы музычны канал, MTV да нас прыйшло… З’явіўся выбар інфармацыі — і, натуральна, пайшоў адток чытачоў МГ. Потым Саюздрук падняў цэны на распаўсюд, увесь час даражэла папера… Ну і ўсё. «Музыкалку» зачынілі ў самым канцы 2007-га з эканамічных прычын.
— Якім, на вашу думку, павінны быць канцэртны рэпартаж? Цяпер інтэрнэт-выданні часта абмяжоўваюцца галерэяй фота і ўводным абзацам з пералікам гуртоў…
— Калі рэдактар дакладна не акрэслівае ТЗ, то найлепш пісаць так, як на душу ляжа. Калі ты «ў тэме» канцэрту ці прынамсі некаторых выканаўцаў, то прасцей, канечне. Тады можна нават уставіць аналітыку. Калі ты не ў тэме, але ёсць заданне, ты можаш пісаць на эмоцыях: успрыняцце, уражанні… А раптам табе спадабаецца? Калі ўмееш пісаць, напішаш пра што заўгодна.
Матэрыял можа выглядаць па-рознаму, можа быць вялікая доля суб’ектыўнага бачання… Як журналісту на душу ляжа. Мне толькі за адзін свой матэрыял было сорамна, калі ў Мінску праходзіў спектакль «Авалы» Вячаслава Бутусава. Удзельнічаў наш гурт «Плато», падыгрываў Андрэй Дзяменцьеў з «Калі Югі», быў нейкі дзіцячы хор…
А ў мяне настрой быў не вельмі… Калі настрою няма і маеш магчымасць не пісаць — лепш не пішы. І я неяк адмахнуўся… Спектакль мне сапраўды не спадабаўся. Але тут такая тонкасць, што я хадзіў на ўсе яго рэпетыцыі, добра ведаў прадусара, які з нашага боку гэта рабіў, Івана Паланейчыка, і рэжысёрку, Алену Чыжову. Вельмі добрыя людзі, мы пасябравалі, а я потым узяў — і абы-што напісаў. Трэба было неяк інтэлігентней, ці што. Я чакаў ад спектакля большага, хоць і разумеў, што пры наяўных магчымасцях супер-пупер не атрымаецца. З музычнага боку было ўсё добра, а аформіць не выйшла. А афармленне адыгрывае вельмі істотную ролю! Іван Іванавіч пакрыўдзіўся на мяне. Пару гадоў таму я рабіў з ім інтэрв’ю для «Культуры», вельмі баяўся ісці. Але мы добра пагутарылі.
— Чым адрозніваецца музычнае блогерства ад музычнай журналістыкі?
— Сёння мяжа, напэўна, размываецца. Колькасць чытачоў і дыплом журналіста не адыгрываюць галоўнай ролі. Я не маю журналісцкай адукацыі. А для часопіса «Нэссі» калісьці браў інтэрв’ю ў Зянона Пазняка, Станіслава Багданкевіча, Аляксандра Фядуты… Праўда, у грамадска-палітычным выданні мне было не дужа цікава працаваць. Я быў меламанам і хацеў пісаць пра музыку, чым і стаў займацца ў жаночым часопісе «Залатая архідэя». Потым працаваў пазаштатнікам у «Музычнай газеце», і мне неўзабаве прапанавалі ўвайсці ў штат. Я не займаўся інтэрнэт-версіяй выдання. Канечне, у журналістаў з боку блогераў вялікая канкурэнцыя. Павінны «зачапіць» першы-другі сказ, каб чалавек прачытаў. Гэтак жа і ў музычнай індустрыі: калі выканаўца прыносіць выдаўцу дыск — слухаюць сем секунд і прымаюць рашэнне, ці варта выдаваць. Ну, можа, не сем секунд, а адзін куплет і прыпеў.