Кніга дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» апісвае дзевяць дзён, якія Ганна Комар прабыла ў зняволенні ў 2020-м. Гісторыя раскрываецца праз дзённікавыя запісы самой аўтаркі і аповеды тых, хто пражывалі міліцэйскі гвалт, арышт і зняволенне ў той самы час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі нас у тыя дні.
У гэтай кнізе вы, верагодна, пазнаеце сябе, нават калі не распавядалі аўтарцы сваю гісторыю. У кнізе шмат падтрымкі і салідарнасці, у ёй цеплыня і гумар.
«Гэта кніга — напамін пра найлепшых нас, смелых і аб’яднаных высокімі ідэямі. Мы такімі былі — і мы такімі застаёмся», — піша Комар у эпілогу.
У кнігі — незвычайны дызайн. Гісторыі, расказаныя іншымі, перададзеныя амаль без знакаў прыпынку, а на месцы паўз — доўгія прабелы, якія перадаюць асаблівасці маўлення і глыбокі эмацыйны досвед. Паколькі тэкст насычаны інтэнсіўнымі і перажываннямі, дызайн кнігі стварае шмат паветра, каб чытач ці чытачка пачуваліся вольна, каб даць адчуванне бяспекі і клопату.
Мовы кнігі — беларуская і руская (з рэдкімі англамоўнымі ўстаўкамі), бо гэта не толькі мастацкі твор, але і дакумент свайго часу.
Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў межах праекта EU4Culture усе сродкі ад продажу кнігі будуць накіраваныя на дапамогу рэпрэсаваным людзям з Беларусі.
Прэзентацыі кнігі з удзелам аўтаркі і дызайнеркі пройдуць:
-
у Варшаве (12 сакавіка, 19:00, Free Belarus),
-
Беластоку (14 сакавіка, 18:30, хаб «Новая зямля»)
-
Вільні (16 сакавіка, 16:30, Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча).
У пачатку красавіка кнігу можна будзе набыць (ці забраць замоўлены асобнік) у Грузіі.
Па пытаннях замовы ў іншыя краіны можна пісаць на скрыню knihanavoliu@gmail.com.
Замовіць кнігу можна тут.
Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў межах праекта EU4Culture. Адказнасць за яго змест нясе Ганна Комар. Змест выдання не абавязкова адлюстроўвае погляды Еўрапейскага Саюза.
паводле прэс-рэліза