У Мінску паказваюць першую частку «Валадара пярсцёнкаў», агучаную па-беларуску. Тым, хто хоча трапіць на паказы, трэба паспяшацца, папярэджвае «Наша Ніва» — квіткі раскупаюць загадзя.

Кадр з фільма «Валадар пярсцёнкаў»
Паказваць будуць рэжысёрскую версію стужкі «Валадар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка», сеансы распачнуцца 12 лютага і будуць ісці 4 дні. Ладзяць іх у двух кінатэатрах сеткі mooon — у гандлёвых цэнтрах Dana Mall i Palazzo.
«Брацтва пярсцёнка» выйшла яшчэ ў 2001 годзе, то-бок гэта не апошні блакбастар з рэкламай паўсюль. Да таго ж, рэжысёрская версія мае працягласць ажно ў 3 гадзіны 50 хвілін, што можа напужаць некаторых гледачоў.
І тым не менш, ужо цяпер квіткі на некаторыя сеансы раскупленыя цалкам. Гаворка пра сеансы 12 і 13 лютага ў 18 гадзін, якія адбудуцца ў Dana Mall, а таксама на нядзельны сеанс у 14.10 у тым жа кінатэатры.
Месцы на іншыя сеансы таксама хутка раскупаюць. Напрыклад, калі захочацца пайсці на сеанс 12 лютага ў 18 гадзін у Palazzo, знайсці добрае месца па цэнтры ўжо будзе складана. Лічаныя месцы даступныя на сеансе ў Dana Mall, які адбудзецца 14 лютага ў 14.10. Засталося літаральна некалькі сеансаў, дзе выбар месцаў яшчэ вялікі.
Мяркуючы па каментарах у сацсетках, пракатчыкам давялося яшчэ і запланаваць дадатковыя сеансы.