Ян Максімюк размаўляе з Аленай Казловай, галоўнай рэдактаркай выдавецтва «Пфляўмбаўм». Летась у выдавецтве выйшлі дзве кнігі, якія сёлета апынуліся ў кароткім спісе Прэміі імя Ежы Гедройця.
На кніжным кірмашы Svět knihy 2021 у Празе, 25 верасня 2021 г. (злева направа): Катэржына Тучкава, Ева Вежнавец, Алена Казлова, Вераніка Бялькевіч
Сцісла:
«Пфляўмбаўм» пакуль ня мае выдавецкай ліцэнзіі і працуе ў партнерстве з іншымі выдавецтвамі.
«Пфляўмбаўм» — назва канцэптуальная: мы маем на мэце прамоцыю сучасных беларускіх аўтарак, якім даводзіцца цяжэй. Яўгенія Пфляўмбаўм — адно з такіх імёнаў, якія мы б хацелі вярнуць з нябыту. Гэта былі пісьменніцы, пісьменніцы з талентам, але яны ня здзейсніліся напоўніцу.
Калі б выбары прайшлі дэмакратычна, хутчэй за ўсё, палітычнае жыццё Беларусі засталося б цалкам з мужчынскім тварам.
Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна — першы шэраг сучасных пісьменніц і пісьменнікаў у Беларусі.
— Растлумачце нам спачатку, што такое выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм». Гэта выдавецтва, якое мае фармальную рэгістрацыю, ці проста брэнд, які ажыццяўляецца пры дапамозе нейкага іншага выдавецтва?
— Гэта такая выдавецкая ініцыятыва, якая мае на мэце спрыяць выданню літаратуры пісьменніц, жанчын. Найперш гэта моцная інтэлектуальная літаратура, як мастацкая, так і дакументальная. У нас ужо выйшлі дзве кнігі — гэта Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна.
Фармальна мы зарэгістраваныя як арганізацыя, але пакуль што ня маем выдавецкай рэгістрацыі, таму працуем у партнёрстве з іншымі беларускімі выдавецтвамі, якія маюць такую рэгістрацыю. У прынцыпе мы з любым выдаўцом можам падпісаць дамову і такім чынам выступаць як выдавец.
— Я хачу яшчэ папрасіць вас растлумачыць назву «Пфляўмбаўм» — адкуль яна ўзялася?
— Гэта ўсё насамрэч канцэптуальна. Прыдумала гэтую назву я, таму што перада мной стаяла такая задача. Паколькі мы маем на мэце прамоцыю сучасных беларускіх аўтарак, якім даводзіцца цяжэй... У прынцыпе, у любой сферы яны маюць большыя цяжкасці ў тым, каб атрымаць нейкую прамоцыю. Калі вы паглядзіце на тыя кнігі, напрыклад, якія перакладаюцца на беларускую мову, то замежных аўтарак там значна менш, чым мужчын. І гэта не выпадковасць. Тая самая сітуацыя з беларускімі пісьменніцамі, то бок у прынцыпе да жаночай творчасці існуе пэўны скепсіс, і мы маем на мэце такі скепсіс пераадольваць і дапамагаць жанчынам.
Гэта не праблема цяперашняга моманту, з якой аўтаркі сутыкаюцца толькі цяпер. У мінулым было яшчэ горай. Калі паглядзім на школьную праграму, то знойдзем там вобмаль жаночых імёнаў. Калі мы зойдзем у Нацыянальную бібліятэку ў Мінску і паглядзім на прыгожыя пано, якія ўпрыгожваюць сцены Нацыянальнай бібліятэкі, то там будуць выявы волатаў беларускай літаратуры, і гэта будуць мужчыны. Там усяго некалькі жанчын.
На кніжным кірмашы Svět knihy 2021, Прага, 25 верасня 2021 г. Ева Вежнавец, Катэржына Тучкава, Алена Казлова
Дакладна ўсіх не згадаю, але там, напрыклад, ёсць Алаіза Пашкевіч, у якой не было дзяцей. Але вось каля гэтых жанчын, якія там на пано, намаляваныя дзеці... То бок у мінулым жанчыне было яшчэ цяжэй увайсці ў літаратуру і сцьвердзіцца як інтэлектуалцы. І вось Яўгенія Пфляўмбаўм — адно з такіх імёнаў, якія мы б хацелі вярнуць з нябыту. Гэта былі пісьменніцы, пісьменніцы з талентам, але яны ня здзейсніліся напоўніцу. Чаму яны ня здзейсніліся — гэта асобная гаворка. Вось мы хацелі паказаць, што мы ня ўзніклі з ніадкуль, у нас ёсць грунт, у нас ёсць карані — тыя жанчыны, якія спрабавалі, тыя жанчыны, у якіх, магчыма, не атрымалася.
Дапусьцім, Алаіза Пашкевіч неяк зацвердзіла сваё імя, змагла выказацца, засталіся нейкія яе тэксты і яе імя гучыць, нават прэмія яе імя з’явілася ў беларускай літаратуры. Яўгенія Пфляўмбаўм дэбютавала ў 1920-х гадах, разам са сваімі каляжанкамі, Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай, і далей адбыўся той вельмі часты сцэнар для жанчыны-творцы: калі жанчына выходзіць замуж, яна знікае. Яна знікае з прафесійнай рэалізацыі, з відавоку, з бачнасці.
Вось сёння мы гаварылі (падчас дыскусіі на кніжным кірмашы ў Празе. — РС) пра жаночы твар беларускай літаратуры — гэта толькі папулісцкая фармулёўка, якая прыцягвае ўвагу, ці гэта сапраўды нейкі канцэпт, пра які варта гаварыць? Дзякуючы чаму з’явіўся гэты жаночы твар? Ён бы, хутчэй за ўсё, не з’явіўся, калі б ня ўзнікла гэтага крызісу.
Я казала пра тое, што калі б сітуацыя была нармальная, калі б выбары прайшлі дэмакратычна, хутчэй за ўсё, палітычнае жыццё Беларусі засталося б з мужчынскім тварам цалкам. Калі мы паглядзім у тэлевізары, хто сядзіць і прымае рашэнні, то пераважна мы ўбачым мужчынскія твары. І гэтак працягвала б быць, калі б усё было добра і добрыя мужчыны таксама атрымалі магчымасць балатавацца. Толькі ў крызіснай сытуацыі, калі, умоўна кажучы, кепскія мужчыны пасадзілі добрых мужчын, у жанчын з’явілася магчымасць выйсці і заняць лідэрскія пазыцыі, як у Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай. Калі б гэты вакуўм ня ўзнік, яны б не атрымалі такой магчымасці. Тое самае з беларускай літаратурай. Гэта тэма для роздумаў.
— Я думаю, што гэта праблема ня толькі беларускай літаратуры і беларускага асяроддзя ці беларускай палітыкі і краіны — гэта шырэйшая тэма, сусветная. Калі паглядзім, колькі жанчын атрымалі Нобелеўскую прэмію ў літаратуры, то я ня ведаю, ці набярэцца 10% ад усіх лаўрэатаў, ну, можа, 15% (14 лаўрэатак на агульны лік 114 прэміяваных, гэта значыць 12,3%. — РС). Тое самае з Ганкураўскай прэміяй у Францыі, дзе жанчын-лаўрэатак няшмат. У Францыі нават узнікла прэмія Femina з выключна жаночым журы, якое стараецца ліквідаваць гэты гендэрны дысбаланс у прэміяванні літаратараў. Гэта зразумелая мне праблема. Але...
Недзе гады два таму я зрабіў агляд кандыдатаў на беларускую прэмію імя Гедройця. Я тады паставіў даволі правакацыйны загаловак гэтага відэа: можа нарэшце дадуць жанчыне. Ведаеце, не мужчыны абразіліся на мяне, а менавіта жанчыны, якія вядомыя, скажам, сваёй фемінісцкай ангажаванасцю. Яны мне закідалі, што гэтым загалоўкам я нібыта прынізіў жанчын, ну бо, маўляў, жанчын павінны ацэньваць за заслугі, а не за тое, што яны ёсць і што трэба неяк ураўнаважваць сітуацыю. Я гэтым хачу сказаць, што вельмі цяжка гаварыць пра такія тэмы, пра гендэрны баланс у літаратуры і культуры. Што б ні сказаць, вы заўсёды трапляеце на нажы...
— Трэба ўважліва сачыць за сітуацыяй і спрабаваць разабрацца, чаму гэтая сітуацыя такая... Натуральна, што жанчыны хочуць быць ацэненымі паводле прафэсійных якасьцяў. Але вось паглядзіце на нашу сітуацыю — ці горшая ў сваіх прафэсійных якасцях Марыя Калеснікава і Святлана Ціханоўская? Ці горшыя яны за мужчын-палітыкаў? Разумееце, жанчыны адчуваюць, што ў іх няма аўтарытэту, што няма даверу да іх прафэсійных якасцяў. Калі ставіцца роўна і даваць ім магчымасць праявіцца, тады яны будуць ацэньвацца па якасцях, і тады ня будзе гэтага дысбалансу. У патрыярхальным грамадзтве, трэба адзначыць, акурат мужчыны атрымліваюць (загадзя. — РС) плюс некалькі працэнтаў даверу да таго, што яны робяць. Атрымліваецца, што якраз у мужчын ёсць гэты «задзел», то бок яны могуць быць роўныя прафэсійна, але да мужчыны давер будзе большы, і ён атрымае прыярытэт. Вось на гэта трэба зважаць.
— Чаму першымі кнігамі ў вашым выдавецтве аказаліся кнігі Тані Скарынкінай і Евы Вежнавец? Хто прапанаваў вам гэтыя кнігі?
— Быць жанчынай недастаткова, каб надрукавацца ў нас. Галоўнае — гэта высокія мастацкія якасці тэксту. Мне было вядома, што Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна — гэта вельмі добрыя пісьменніцы. Я асабіста адношу іх да першага шэрагу сучасных пісьменніц і пісьменнікаў у Беларусі. Я лічу, напрыклад, што ўсё, што яны пішуць, — практычна любое выказванне — з’яўляецца літаратурай.
— У кожным разе можна падсумаваць, што «стрэл» гэтымі дзьвюма кнігамі ня быў халасты. Абедзве кнігі апынуліся ў доўгім спісе прэміі Гедройця. Пажадаем ім, каб яны апынуліся таксама ў кароткім спісе і, магчыма, атрымалі прэміі (кароткі спіс, у якім яны таксама апынуліся, быў абвешчаны пасля запісу гэтай размовы. — РС). Што далей з выдавецкай ініцыятывай «Пфляўмбаўм»? Маеце на ўвазе ўжо нейкія канкрэтныя кніжкі і канкрэтных аўтарак?
— Ёсць шэраг кніг, як беларускіх аўтарак, так і перакладных. Але, сапраўды, мы стартавалі ў найгоршым часе і найгоршай сітуацыі, у якой можна было стартаваць. Таму наша дзейнасць укладзеная ва ўсю гэтую сытуацыю, у якой мы знаходзімся. Але неўзабаве павінен з’явіцца шэраг такіх кніг. Я думаю, што яны таксама будуць заўважаныя.