Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
21 снежня
У 1804-м у Расійскай імперыі быў прыняты Закон аб яўрэях. Ім была нададзеная свабода веравызнання, але вызначаная «мяжа аселасці» — толькі ў заходніх губернях. На ўсход ад Віцебска ці Магілёва яўрэям жыць забаранялася.
Патрэба ў «мяжы аселасці» ўзнікла пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі сярод расійскіх падданых апроч палякаў, беларусаў і ўкраінцаў раптам аказаліся сотні тысяч яўрэяў. Да самай рэвалюцыі ў Расіі на дзяржаўным узроўні панавала палітыка антысемітызму: яўрэі не маглі займаць дзяржаўных пасадаў, ім забаранялася жыць у вёсках і займацца сельскай гаспадаркай. Насуперак міфам, большасць яўрэяў была бяднейшая за беларускіх ці ўкраінскіх сялянаў. Сітуацыя з «мяжой аселасці» тлумачыць, чаму менавіта ў Беларусі нарадзілася безліч яўрэйскіх геніяў, ад мастакоў да палітыкаў незалежнага Ізраіля. Але і заставацца ў Беларусі ім не было сэнсу — наш край быў толькі трамплінам да міграцыі.
Першая сусветная і рэвалюцыі паклалі канец «мяжы аселасці», а заадно і Расійскай імперыі.
22 снежня
Уладзіслаў Чарняўскі
У 2001 годзе памёр ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі — адзіны за савецкім часам беларускамоўны каталіцкі святар у БССР. Вернікі і сёння карыстаюцца Бібліяй у ягоным перакладзе.
Чарняўскі вучыўся на ксяндза ў Заходняй Беларусі, быў сведкам ціску на беларускіх святароў з боку польскай улады ў 1930-я. З 1953 года быў пробашчам касцёлу ў Вішневе пад Валожынам. Калі ў 1960-я ў Ватыкане дазволілі служэнні на нацыянальных мовах, Чарняўскі цалкам перайшоў на беларускую. Успамінаў, што людзі спачатку крывіліся, пасля прывыклі.
У 1967-м Чарняўскі наведаў Ватыкан, дзе Папа прапанаваў яму перакласці Біблію на беларускую. Пішуць, што Папа хацеў прызначыць Чарняўскага біскупам, але польскі клір не пагадзіўся. Ксяндза таксама запрашалі застацца ў Ватыкане, але той адмовіўся.
Гісторыя Чарняўскага — яскравая повязь паміж беларускімі каталіцкім рухам 1930-х і сённяшнім Касцёлам, прыхільным да нацыянальнай тэмы.
23 снежня
У 1831 годзе падчас адступлення паўстанцкага атраду памерла Эмілія Плятэр.
Плятэры паходзілі са старога прускага роду, які жыў на тэрыторыі Вялікага Княства. Дзяўчына магла б займацца адукацыяй, гербарыямі, добра выйсці замуж, але... начыталася Гётэ, Шылера, Байрана і падалася ў паўстанцкую дзейнасць. Дзейнічала ў партызанскім атрадзе ў раёне Дзвінска, брала ўдзел у баях з расійцамі.
Паўстанне цярпела паразу. Эмілія была супраць адступлення, сварылася з афіцэрамі. Пасля захварэла — яе пакінулі ў доме шляхцічаў, якія спачувалі справе паўстання і якія выдавалі яе за настаўніцу для дзяцей.
Хвароба аказалася мацнейшай за волю дзяўчыны: яна памерла ва ўзросце 25 гадоў.
24 снежня
Алесь Дудар
У 1904 годзе нарадзіўся паэт Алесь Дудар. Той самы, што напісаў верш «Пасеклі край наш папалам...» Удзельнік легендарнага «Маладняка», крытык, перакладчык. Але галоўнае — свабодны чалавек і творца. Наважыўся напісаць тое, пра што іншыя баяліся і падумаць:
...Распаўся б камень ад жальбы,
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі.
Дудар ці не першым заўважыў, што савецкая імперыя — усяго толькі працяг старой, Расійскай. Беларускія інтарэсы ў ёй заўсёды будуць на дзясятым месцы. Паэт убачыў тое, чаго яшчэ не бачылі палітыкі ні ў БССР, ні ў Заходняй Беларусі...
“Маладняк”: Enfants terribles беларускай літаратуры
Алеся арыштоўвалі некалькі разоў, высылалі, вярталі. Ён ужо не пісаў — адно перакладаў: Гётэ, Шылера, Пушкіна. Трэці арышт стаў апошнім: 29 кастрычніка 1937-га яго расстралялі.
25 снежня
У 1979 годзе ў Афганістан былі ўведзеныя савецкія войскі. А праз 12 гадоў, у той жа дзень, Міхаіл Гарбачоў пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта СССР. Афганская кампанія стала для СССР апошняй вялікай вайной. Стратэгі ў Крамлі ад пачатку моцна пралічыліся: Афганістан і да іх ніхто не заваёўваў, усе ламалі дзіды: ад Аляксандра Македонскага да ангельцаў. Заняць тэрыторыю можна, утрымаць — амаль нерэальна...
У Саюз пацягнуліся цынкавыя труны, інваліды, псіхалагічна траўмаваныя на ўсё жыццё вайскоўцы. А галоўнае — ніхто не разумеў, навошта тая вайна патрэбная. Людзі хацелі зарабляць, слухаць музыку, купляць джынсы і займацца сабой. Хацелі жыць. А ім — пра «інтэрнацыянальны доўг».
Без усялякіх «планаў Далеса» Саюз сам надламаў сабе хрыбет, а разам з ім — і ўвесь савецкі блок. Сімвалічна, што ў гэты самы дзень у 1989-м расстралялі румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску з жонкай.
25 снежня, Каляды па грыгарыянскім стылі, — проста фатальны дзень для камунізму.
26 снежня
У 1566 годзе Гарадзенскі сойм уключыў Інфлянцкае княства ў склад ВКЛ. Інфлянты, або Лівонія, — гэта сучасная Латвія і кавалак Эстоніі.
Вялікае Княства атрымлівала былую спадчыну Лівонскага ордэна як калонію — з гарадамі, партамі, гандлем. Кіраўніком Лівоніі са сталіцай у Дынабургу стаў Ян Хадкевіч.
Лівонія на той час была патрэбная ўсім суседзям. Найперш — маскавітам. Таму праз 10 гадоў выбухнула Лівонская вайна: Іван Грозны заняў Інфлянты, яго войска спустошыла ўсю паўночную Беларусь... Адваяваў тэрыторыю адно Стэфан Баторый.
Далей — болей. У пачатку наступнага стагоддзя Лівонія спатрэбілася Швецыі, ізноў вайна... Ян Хадкевіч перамог шведаў пад Кірхгольмам у 1605-м, тыя адступілі. Але праз памылкі кіраўнікоў Рэчы Паспалітай тэрыторыю Лівоніі метр за метрам усё ж здалі Швецыі. Пасля Паўночнай вайны ў 1721-м усе гэтыя землі захапіла Расія.
Так скончылася беларуская «імперская» мара пра калоніі і выхад да Балтыкі.
27 снежня
Багдан Хмяльніцкі - герой сучаснага арту
У 1595-м нарадзіўся Багдан Хмяльніцкі — гетман, ваявода, дыпламат. Бацька ўкраінскай палітычнай нацыі і яе ж магільшчык.
Жыццё Хмяльніцкага — нібы сюжэт з рыцарскага рамана: на вайне з 25 гадоў, як ваявода кіраваў вялізнай колькасцю людзей, умеў весці прапаганду і перавабліваць ворага на свой бок, не баяўся пакідаць сына ў закладнікі татарам — у абмен на дапамогу... Хмяльніцкі выдатна валодаў шабляй і лукам: падчас замахаў мог сам адбіцца ад «кілераў». Таленавіты, адукаваны, жорсткі.
Тагачасная Украіна нечым нагадвала Чачню 1990-х з мноствам узброенага народу, які хоча ваяваць і не хоча нікому падпарадкоўвацца. Хмяльніцкі змог стаць лідарам гэтай хаатычнай масы. Удала ваяваў з палякамі, якія спачатку грэбліва ставіліся да казакоў — дарэмна. Марыў заснаваць дынастыю і стаць князем, асеўшы ў Кіеве, але...
У 1654-м Хмяльніцкі правёў Пераяслаўскую раду, паводле якой тэрыторыя Запарожскага казацтва аб’ядноўвалася з Масковіяй. Усё гэта замацоўвалася прысягай на вернасць цару. Прэцэдэнт прадвызначыў праблемы і беды Украіны на сотні гадоў наперад.
А яшчэ Хмяльніцкі любіў курыць люльку і піць каву. Апошняе захапленне Багдан прывёз з Турцыі, калі быў там у палоне.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч