Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы!
1942. Загінуў Янка Купала
30 чэрвеня 1941-га Купала выехаў са свайго лецішча ў Ляўках на ўсход. У Мінску падчас бамбёжкі згарэлі ягоная бібліятэка і архіў. З таго часу творца ўжо не быў у Беларусі, жыў і працаваў у эвакуацыі. Далучыўся да Усеславянскага антыфашыстоўскага камітэта, выступаў з прамовамі, пісаў вершы на патрэбу часу: самы вядомы — «Беларускім партызанам».
Праз год, 18 чэрвеня 1942-га, Купала быў запрошаны ў Маскву, пасяліўся ў гасцініцы «Масква». Жонку з сабой не браў. Паводле пэўных звестак, у гасцініцы ў той час перабывала Паўліна Мядзёлка, даўняе каханне паэта, пазаштатная супрацоўніца органаў. Праз 10 дзён пасля прыезду Купалу знайшлі мёртвым: упаў у лесвічны пралёт, разбіўся.
Гібель паэта ахутаная таямніцай. Паводле адной версіі, гэта было самагубства: раней, у 1930-я, Купала спрабаваў зарэзаць сябе, але няўдала. Паводле другой, меў месца няшчасны выпадак. Нарэшце, існуе канспіралагічная версія, маўляў, гібель паэта — вынік аперацыі спецслужбаў. Цела Купалы было пахаванае на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, у 1962-м урна з прахам перавезеная ў Мінск.
1984. Пачаўся рух у мінскім метро
Метро ў Мінску стала чацвёртым у СССР, пасля Масквы (1935), Ленінграда (1955), Кіева (1960). Для таго каб горад у Саюзе атрымаў з цэнтра дазвол і інвестыцыі на будаўніцтва, патрэбнае было мінімум мільённае насельніцтва. Пасля вайны Мінск рос надзвычай хутка: у 1972-м нарадзіўся мільённы жыхар, а праз два гады было прынятае рашэнне аб будоўлі метрапалітэна.
Працы пачаліся ў 1977-м, а ў 1984-м была запушчаная першая лінія: ад станцыі «Маскоўская» да «Інстытута культуры». Лінію адкрываў асабіста старшыня ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў. Праз год, у 1985-м, пачалася будоўля наступнага адрэзку: ад «Фрунзенскай» да «Трактарнага завода».
За час свайго існавання мінскі метрапалітэн стаў гістарычнай і культурнай з’явай. Хоць назвы старых станцыяў і маюць адпаведнікі ў іншых постсавецкіх гарадах («Спартыўная», «Пушкінская», «Пралетарская»...), кожная з іх мае тэматычную аздобу, якая паспела стаць мастацкім рэліктам. З метро звязаныя таксама трагедыі, якія адбіліся ў нацыянальнай памяці: Няміга 1999-га, тэракт 2011-га.
1965. Нарадзіўся Лявон Юрэвіч
Будучы даследчык спадчыны беларускай эміграцыі нарадзіўся ў Мінску. Маці, Алена Юрэвіч, была вядомым лінгвістам. Яшчэ за савецкім часам Лявон удзельнічаў у нефармальных беларускіх аб’яднаннях, у тым ліку ў «Майстроўні».
Скончыў філфак у Мінскім педагагічным універсітэце, паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуразнаўства пры АН БССР.
У 1993 годзе Юрэвіч выехаў у ЗША, дзе ўзяўся за вывучэнне архіваў беларускай эміграцыі, рабіў інтэрв’ю з патрыярхамі дыяспары, даследаваў фотаздымкі і артэфакты. З таго часу выйшла безліч кніг, зборнікаў і артыкулаў, укладзеных сп. Лявонам.
На сёння Лявон Юрэвіч — адзін з найбольш аўтарытэтных і абазнаных даследчыкаў беларускай дыяспары ў свеце. Мае дзве навуковыя ступені: у філалогіі і бібліятэказнаўстве. Сябар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку.
Сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
1569. Люблінская унія
Акт аб злучэнні Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую — набыў моц у час палітычнага крызісу. Наша дзяржава была змучаная шматлікімі канфліктамі, цягнулася Лівонская вайна з Масковіяй. У гэтай сітуацыі палякі абвясцілі пра далучэнне Падляшша і Украіны, якія раней належалі ВКЛ, да сваіх тэрыторыяў.
Паслы ВКЛ, якія ў пачатку 1569-га моўчкі пакінулі Люблін, былі змушаныя вярнуцца і падпісаць унію: весці вайну на два франты было немагчыма. Сам акт прадугледжваў уніфікацыю заканадаўства, стварэнне аднаго Сойма і Рады, немагчымасць вонкавых дамоваў без ведама адзінага кіраўніцтва краіны. Пазіцыя Жыгімонта Аўгуста таксама адыграла фатальную ролю.
Эпоха Рэчы Паспалітай стала для ВКЛ расцягнутай у часе стагнацыяй: палякі не выконвалі абавязкаў што да вайсковай дапамогі, але і ў цэнтральнае кіраўніцтва нашы эліты не пускалі. Для Польшчы ж новадалучаныя землі сталі «падарункам д’ябла»: утрымаць агромністыя ўкраінскія землі не было магчымасці, а палітыка лацінізацыі і выкачвання рэсурсаў спрыяла наступным паўстанням, якімі карысталася Масква. Рэч Паспалітая праіснавала крыху больш за два стагоддзі.
1927. Каранацыя Маці Божай Вастрабрамскай
Найбольш вядомая каталіцкая святыня колішняга ВКЛ была ўганараваная пазалочанымі каронамі і атрымала назву «Блаславёнай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці». У каталіцтве гэта працэдура, якая падвышае статус асабліва шанаваных абразоў. У тым жа 1927 годзе было праведзенае даследаванне. Паводле яго, ікону намаляваў італьянскі майстар у другой палове XVI ст.
Ёсць даволі экзатычныя версіі ўзнікнення абраза. Паводле легенды, прататыпам Панны Марыі стала... Барбара Радзівіл, жонка Жыгімонта Аўгуста. Таму, маўляў, Багародзіца выяўленая без дзіцяці: Барбара дзяцей не мела. Паводле версіі гісторыка Тэадора Нарбута, ікону прывёз князь Альгерд з Крыма, спачатку яна была праваслаўнай. Ніякіх доказаў гэтага, праўда, не існуе.
Абраз Маці Божай Вастрабрамскай стаў адным з сімвалаў і Вільні, і ўсяго краю. Кожная эпоха пакідала на абразе свае сляды: залатыя аклады, барочныя кароны, воты ад вернікаў. Абразу прысвячалі малітвы, вершы, карціны. Ікона аднолькава шануецца каталікамі і праваслаўнымі, палякамі, літоўцамі і беларусамі.
1655–1660. Дзве бітвы за Мінск
Пад канец чэрвеня 1655-га, на другі год вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй, войскі апошняй падышлі да Мінска. Абараняць горад не было каму: войска гетмана Януша Радзівіла было раней разбітае пад Шэпелевічамі. Жыхары збольшага сышлі з горада, схаваліся па лясах і ваколіцах. Кволы супраціў быў зломлены, маскавіты ўзялі горад.
Пра норавы таго часу сведчаць летапісы. Напрыклад, казакі палкоўніка Залатарэнкі, які служыў цару: «местечко Койданов взяли, и которыя... были в том местечке польския и литовския люди, и тех всех людей мечю предали и то местечко и посады все выжгли». Горад і наваколле знаходзілася пад царскай уладай пяць гадоў. Пералом надышоў пасля бітвы пад Палонкай 28 чэрвеня 1660-га.
3 ліпеня 1660 года Мінск быў вызвалены войскамі Паўла Сапегі. Пра стан, у якім знаходзіўся горад, сведчаць дакументы: у найбліжэйшыя па вызваленні гады ва ўсім Мінскім ваяводстве не было з каго браць падаткі. Нават у 1667-м у горадзе налічвалася ўсяго 300 двароў, хоць да вайны жыло каля 7 тысяч чалавек.
1904. Нарадзіўся Анатоль Альшэўскі
Будучы рэвалюцыянер паходзіў з Бярозы-Картузскай, дзе праз трыццаць гадоў з’явіцца сумнавядомы канцлагер. Жыў з бацькамі ў Арзамасе, дзе пазнаёміўся з Аркадзем Гайдарам.
Падлеткам далучыўся да камуністычнага руху. У 1919-м (у 15 гадоў!) уступіў у Чырвоную армію, ваяваў на Палессі. У 1920-м накіраваны на вучобу ў Маскву. Як ідэйнаму камуністу з Заходняй Беларусі Альшэўскаму даручылі працу па лініі КПЗБ — накіравалі на радзіму, у падполле. Там Альшэўскі ствараў рэвалюцыйныя структуры, вёў агітацыю, трапіў у турму: два паламаныя падчас катаванняў пальцы давялося ампутаваць. У 1928-м па абмене вязнямі трапіў назад у СССР.
У Саюзе працягваў працу па лініі КПЗБ, але ў Мінску. Толькі ў 1932-м пэўны час нелегальна знаходзіўся ў Заходняй Беларусі з заданнем. Праз год, па меры згортвання камінтэрнаўскіх праектаў, Альшэўскага перавялі на прафсаюзную працу. Арыштаваны і расстраляны ў 1937-м за «шпіянаж».
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч