Каляндар на 8–14 сакавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?

08.03.2021 Каляндар

Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як “пасланне ў бутэльцы” для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.

8 сакавіка

У 1882 годзе нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў.

У часы Першай сусветнай Чарвякоў скончыў школу прапаршчыкаў і быў накіраваны ў Петраград у лютым 1917-га. Горад бурліў рэвалюцыйнымі падзеямі. Там Чарвякоў далучыўся да бальшавікоў, пазнаёміўся са Сталіным. У хуткім часе ўзяў на сябе беларускі сектар партыйнай працы.

Чарвякова можна лічыць архітэктарам БССР 1920-х, калі рэспубліка станавілася на ногі, а нацыянальнае пытанне было не менш важным за сацыяльнае. Разам з заводамі і меліярацыяй будаваліся беларускія школы, упершыню ў гісторыі кнігі па-беларуску друкаваліся шалёнымі тыражамі. З 1920 па 1924 Чарвякоў узначальваў Савет народных камісараў БССР.

24-17_kopiya_2.jpg

Сумленныя і шчырыя нацыянал-камуністы пачалі замінаць Сталіну. З пачатку 1930-х Чарвякова рэгулярна крытыкавалі. Летам 1937-га на партыйным з’ездзе ў Мінску Чарвякову паставілі ў віну, што той не выкрывае “ворагаў народа”. Цалкам зразумелы сігнал... Паводле афіцыйнай версіі, падчас перапынку Чарвякоў застрэліўся ў сваім кабінеце. У газетах напісалі, што “на сямейнай глебе”.

9 сакавіка

У 1883 годзе нарадзіўся Францішак Аляхновіч.

Нашчадак збяднелых шляхціцаў з-пад Радашковічаў быў выключаны з Віленскай гімназіі: з юнацтва Францішка проста не цікавіла нічога, апроч тэатра. Давялося ехаць давучвацца ў Кракаў, пасля – у Драматычную школу ў Варшаве. Потым ён перабраўся ў Вільню, зблізіўся з колам “Нашай Нівы”, захапіўся журналістыкай.

Яшчэ да Першай сусветнай Аляхновіч пачаў пісаць п’есы. 1915–1927 гг. – найбольш пладавіты час у яго кар’еры драматурга: “На Антокалі”, “Пан Міністр”, “Шчаслівы муж”, “Калісь”, “Чорт і Баба” і інш. ставіліся па абодва бакі мяжы: як у Вільні, так і ў савецкім Мінску. Пераезд у Мінск абяцаў новыя гарызонты, але ў 1927-м Аляхновіча арыштавалі. Выжыць дапамог выпадак: у 1933-м яго памянялі на Тарашкевіча, які адбываў тэрмін у польскай турме.

Вынікам адседкі стаў найбольш вядомы твор пісьменніка – “У кіпцюрах ГПУ”. Для заходняга свету турэмная споведзь Аляхновіча стала адкрыццём: пра ГУЛАГ і сталіншчыну так яшчэ не пісалі. Аляхновіч быў забіты ў 1944-м у Вільні. Дагэтуль невядома, хто здзейсніў забойства: савецкія спецслужбы, польскія падпольшчыкі ці немцы.

10 сакавіка

У 1942 годзе нарадзіўся Міхась Ткачоў.

Ткачоў нарадзіўся ў Мсціславе, але ўсё яго жыццё і праца былі звязаныя з Гроднам і Панямоннем. Пасля заканчэння БДУ працаваў у Інстытуце гісторыі. З 1978 года – у Гарадзенскім універсітэце. Быў рэдактарам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, ініцыяваў выпуск “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.

Міхась Ткачоў.jpg

Як археолаг і гісторык Ткачоў даследаваў замкі: фактычна адкрыў для беларусаў цэлы пласт гісторыі часоў Вялікага Княства. Капаў у Міры, Любчы, Навагрудку, Крэве, Лідзе, Гродне і інш. Яго фундаментальныя працы “Замкі Беларусі” і “Замкі і людзі” дагэтуль не састарэлі.

У часы перабудовы Ткачоў далучыўся да БНФ, але, кажуць, не знайшоў агульнай мовы з Пазняком. Таму сышоў у сацыял-дэмакратычны рух. Загінуў у 1992-м пры цьмяных абставінах: памёр пасля збіцця невядомымі.

11 сакавіка

У 1887 годзе нарадзіўся Алесь Гарун.

Гарун – псеўданім Аляксандра Прушынскага, які яшчэ да рэвалюцыі далучыўся да эсэраўскага падполля, супрацоўнічаў з “Нашай Нівай”. У пэўным сэнсе невясёлы псеўданім вызначыў няпросты шлях літаратара, грамадскага і ваеннага дзеяча.

У 1907-м Гаруна арыштавалі за антыўрадавую дзейнасць і саслалі ў Сібір – пажыццёва. Там, працуючы на баржы на рацэ Лене, ён пісаў вершы, якія здолеў перадаць у Вільню – яны склалі ягоны зборнік “Матчын дар”. Рэвалюцыя дазволіла вярнуцца на радзіму, але Гарун ужо быў хворы на сухоты: лёс быў перадвызначаны.

Алесь Гарун паспеў стаць віцэ-старшынёй Усебеларускага з’езду ў 1917-м, далучыўся да каманды БНР. Пазней, будучы знаёмым з Пілсудскім, узяўся за стварэнне беларускага войска пад польскім крылом. Было ўжо не да паэзіі. Жыццё Гаруна абарвалася ў 1920-м па дарозе ў Кракаў. Яго магіла на чужыне была забытая і згубленая, адшукалі яе толькі ў 1988 годзе.

12 сакавіка

У 1851 годзе нарадзіўся Ян Баршчэўскі.

Дакладная дата нараджэння Баршчэўскага і месца яго пахавання невядомыя – як і павінна быць у “беларускага графа Каліёстра”. Пачыналася ж кар’ера Баршчэўскага без аніякай містыкі: навучанне ў Пецярбургу, падарожжы па даручэнні марскога ведамства ў Францыю, Брытанію, Фінляндыю.


Баршчэўскі спрабаваў сябе ў паэзіі, быў знаёмы з Міцкевічам і Шаўчэнкам. Пісаў лірычныя вершы па-польску, але некалькі таксама па-беларуску: “Дзеванька”, “Гарэліца”, “Бунт хлопаў”. Аўтар цікавіўся мінуўшчынай, археалогіяй і эзатэрыкай, што вылілася ў яго найбольш вядомую кнігу –“Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

Апошнія гады Баршчэўскі правёў у Чуднаве на Валыні. Яго надмагільны камень быў выпадкова знойдзены толькі ў 2019 годзе – ляжаў на сялянскім падворку. Пасля гісторыі са знаходкай помнік перадалі ў мясцовую каталіцкую парафію.

13 сакавіка

У 1922 годзе нарадзіўся Лявон Луцкевіч.

Сын прэм’ера БНР Антона Луцкевіча. З маленства рос у беларускім асяроддзі, скончыў Віленскую беларускую гімназію. Калі бацьку арыштавалі ў 1939-м, Лявону было ўсяго 17. Луцкевіч-старэйшы памёр у 1942-м на перасыльным пункце па дарозе ў ГУЛАГ. У той час сын настаўнічаў у акупаванай немцамі Беларусі.

Лявону не было за што любіць савецкую ўладу, таму у 1944-м ён далучыўся да Беларускай краёвай абароны, супрацоўнічаў з польскім падполлем, уваходзіў у Беларускую незалежніцкую партыю. Быў арыштаваны ў Польшчы ў 1945-м, асуджаны, сасланы ў лагеры.

Пасля вызвалення вярнуўся ў Вільню, дзе і жыў да смерці ў 1997-м. Ці не галоўнай ягонай зброяй была памяць. Новай хвалі беларускай інтэлігенцыі Лявон перадаваў тое, што ведаў, чытаў і чуў з маленства, нібы паходню, запаленую яшчэ ягоным бацькам. У канцы 90-х выйшла яго кніга “Вандроўкі па Вільні”, дзе быў апісаны горад, які мог па праве называцца “беларускай Меккай”.

14 сакавіка

У 1943 годзе памёр Васіль Захарка.

Захарка быў сябрам “Грамады”, арганізоўваў з’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту, уключыўся ў справы БНР. Займаў выразную антыпольскую пазіцыю, таму пасварыўся з Луцкевічам, а ў занятым палякамі ў 1920-м Мінску хаваўся ад жандармерыі. Урэшце з’ехаў на Захад: у Берлін, а пасля ў Прагу.

Васіль Захарка.jpg

У 1925-м у Берліне прайшла 2-я Усебеларуская канферэнцыя, на якой “айцы БНР” вызналі легітымнасць савецкага Мінска як адзінага нацыянальнага цэнтру. Захарка быў супраць: свайго мандата нікому не аддаў. З 1928-га і да смерці ў 1943-м быў прэзідэнтам БНР.

Васіль Іванавіч меў пры сабе архіў БНР: дакументы, лісты, пячаткі. У акупаванай немцамі Празе, прадчуваючы смерць, перадаў архіў Ларысе Геніюш і Міколу Абрамчыку. Гестапа таксама палявала на архівў: гэта быў сімвал легітымнасці ўрада ў выгнанні. Высілкамі Захаркі БНР як структура мела працяг, няхай ужо як сімвал і голас беларускай дыяспары ў свеце.

Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч