2 лютага 1838 года нарадзіўся адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі нацыянальны герой Вікенцій Канстанцін Каліноўскі. Мала хто падазрае, але сёння нам вядомы зусім іншы Каліноўскі, не асоба, а зборны вобраз, які фарміраваўся пад уплывам разнастайных фактараў больш за стагоддзе. З нагоды дня народзінаў славутага сына беларускай зямлі budzma.org распавядае пра першы этап фарміравання вядомага нам вобраза Кастуся Каліноўскага.
Праз смерць да неўміручасці
Цягам ХХ і ХХІ стагоддзяў памяць пра дзейнасць і лёс Кастуся Каліноўскага жыве і развіваецца дзякуючы розным фактарам. Апошняе стагоддзе ацэнка гісторыкамі гэтай асобы мяняласе і не раз. Каліноўскі быў то нацыянальным беларускім героем-сацыялістам, то польскім рэвалюцыянерам, то самаадданым барацьбітам за незразумелую ідэю амаль для усяго грамадства ягонага часу. Чаму так?
Усе проста, такую моцную гістарычную асобу не раз спрабавалі прыстасаваць да дзяржаўнай ідэалогіі таго ці іншага перыяду і выкарыстаць у пэўных мэтах.
Паўстанне на беларускай зямлі пачалося з 1 на 2 лютага 1863 года, у Варшаве ж на 10 дзён раней — 22 студзеня. Крыху больш чым праз год, 22 сакавіка, жыццё 26-гадовага юнака абарвалася. Па загаду генерал-губернатара Мікалая Мураўёва, што меў мянушку «вешальнік», Вікенцій Канстанцін Каліноўскі быў павешаны а 10 раніцы на Лукішскім пляцы ў Вільні. Перад смерцю паўстанец вёў сябе дзёрзка, пастаянна перабіваў катаў і выгукнуў у натоўп неўміручае «У нас дваран няма! Усе роўныя» ў адказ на заяву, што ён належыць да дваранскага саслоўя.
Кастусь Каліноўскі
Цела кіраўніка паўстання на беларуска-літоўскіх землях не было належным чынам пахавана, яго папросту закапалі на замкавай гары ў «брацкай магіле», засыпаўшы вапнай і зрабіўшы паверх пляцоўку для крыкета. Асоба забылася, і толькі былыя паплечнікі ці царскія службоўцы ўзгадваюць Вікенція Канстанціна ў сваіх мемуарах.
Кастуся Каліноўскага стварылі Ластоўскі і Ігнатоўскі?
Магчыма, сёння мы б і не ведалі, што быў такі чалавек, каб не адзін выпадак. 15 лютага 1916 года ў віленскай беларускай газеце «Гоман» падчас германскай акупацыі горада выходзіць першая публікацыя, прысвечаная Каліноўскаму. Артыкул аўтарства Вацлава Ластоўскага меў назву «Памяці справядлівага». Тады Вікенцій Канстанцін Каліноўскі і пераўтвараецца спачатку ў Касцюка, а потым — у Кастуся Каліноўскага. Простае імя было больш звыклым для чытачоў «Гоману». Згодна гісторыку Ластоўскаму, Каліноўскі, безумоўна, герой, што аддаў сваё жыццё ў змаганні за свабоду беларускага народа.
Артыкул Вацлава Ластоўскага ў газеце «Гоман»
Падчас правядзення беларусізацыі ў БССР у 1920-х гадах беларуская гістарычная навука ўпершыню сур’ёзна закранае шмат прынцыповых пытанняў, адным з якіх была і роля Кастуся Каліноўскага, як тады пісалі, у рэвалюцыйнай барацьбе беларускага народа. Першае сур’ёзнае навуковае аналізаванне падзеяў паўстання і ролі ў ім Каліноўскага дае ў навуковых працах гісторык Усевалад Ігнатоўскі. Ён ахарактарызаваў паўстанне як буржуазна-дэмакратычнае, а самаго Каліноўскага — як беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, ідэолага левых «чырвоных», які па некаторых пытаннях быў змушаны ісці на кампраміс з правым крылом «белых».
Гісторык Усевалад Ігнатоўскі
Сацыяліст Каліноўскі — галоўная зорка «беларусізацыі»
Нацыянальная палітыка беларусізацыі спрыяла стварэнню вобразаў менавіта беларускіх герояў. Асоба Кастуся Каліноўскага ідэальна пасавала для гэтай ролі. Пра яго пачалі шмат пісаць ў навуковых выданнях гісторыкі Усевалад Ігнатоўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Цвікевіч і інш. Паэты-маладнякоўцы ўзялі вобраз Каліноўскага як сімвал народнага гневу і помсты. Напрыклад, верш Алеся Дудара «Не сягоння было і не ўчора». Еўсцігнеем Міровічам была пастаўлена п’еса «Кастусь Каліноўскі», а рэжысёрам Уладзімірам Гардзіным быў зняты фільм пад назвай «Кастусь Каліноўскі».
Фільм выйшаў у 1928 годзе, і Кастусь паказаны як сімвал народнага гневу перад палякамі-прыгнятальнікамі і як змагар з царскім рэжымам. Галоўны антаганіст — граф Велькапольскі, напрыканцы стужкі Каліноўскі б’ецца на шаблях з сынам графа Станіславам, перамагае яго, але ў хуткім часе яго ловяць жаўнеры Мураўёва. Перад пакараннем смерцю з эшафота ён звяртаецца з развітальным словам да народа: «Чуеш, Беларусь! Веру — будзе вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!» — і ў адказ гучыць «Чуем!».
Кадр з фільма «Кастусь Каліноўскі»
Нацыянальнае пытанне, якое адстойваў Каліноўскі, творцамі апускалася. У стужцы Гардзіна Каліноўскі больш падобны на няўлоўнага мсціўца з шабляй у руках, чым на рэвалюцыянера-падпольшчыка і майстра канспірацыі. Змест фільма абсалютна не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, але становіцца першым беларускім кінабаевіком.
Пахваліў Каліноўскага — абвяргай сам сябе
У 1929 годзе «беларусізацыю» згарнулі, а ў 1930 годзе ДПУ распачало расследаванне па імі жа сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». ДПУ нібы распачало змаганне з «нацыяналістычнай контррэвалюцыйнай, антысавецкай арганізацыяй», насамрэч гэта былі першыя рэпрэсіі супраць прабеларускай інтэлігенцыі.
У гэтых умовах беларускі рэвалюцыянер Каліноўскі з моцнай нацыянальнай афарбоўкай не адпавядаў патрабаванням камуністычнай ідэалогіі. Асоба К.Каліноўскага ў афіцыйнай гістарыяграфіі БССР пачала ацэньвацца як рэакцыйная. Ранейшае ўзвялічванне асобы паўстанца было ацэненае як «нацыяналістычная фальсіфікацыя беларускай гісторыі». У прыватнасці, доктарам гісторычных навук Уладзімірам Перцавым, якога прадстаўнікі НКУС прымусілі абвяргаць самаго сябе.
У той жа час у Заходняй Беларусі актыўна вывучаецца біяграфія, дзейнасць і спадчына Кастуся Каліноўскага ксяндзом і сябрам партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Адамам Станкевічам. А падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі добраахвотнікі-антыфашысты з Заходняй Беларусі арганізавалі там партызанскі атрад імя Каліноўскага.
Плакат часоў грамадзянскай вайны ў Іспаніі
У час вайны зноў трэба Каліноўскі
Толькі ў часы Другой сусветнай вайны асоба Каліноўскага зноў стала запатрабаванай тагачаснай ідэалогіяй. У ацэнцы героя пачынаюць пераважаць гераічныя рысы беларуса. Дзякуючы вершу Петруся Броўкі, напісанаму ў 1943 годзе, Каліноўскі ізноў робіцца зборным вобразам беларускага змагара з акупантам і народнага мсціўца. «На Беларусі па вёсках ідуць пагалоскі — З’явіўся Кастусь Каліноўскі», — пісаў паэт.
Верш Петруся Броўкі
У лістападзе 1943 года на Гродзеншчыне і Беласточчыне дзейнічала партызанская брыгада, дзе быў атрад імя Кастуся Каліноўскага. У гэтым атрадзе быў вядомы гродзенскі пісьменнік, выкладчык і дысідэнт Аляксей Карпюк. У жніўны 1944 года атрад у складзе брыгады далучыўся да Чырвонай арміі.
Пасля вайны ізноў беларускі герой
У пасляваенны перыяд асобу Каліноўскага актыўна пачалі даследаваць гісторыкі. Да 100-гадовага юбілею паўстання 1863 года ў БССР каля 60 вуліц назвалі ў гонар кіраўнікоў паўстання, самымі папулярнымі былі Каліноўскага, Урублеўскага і Дамброўскага. Ідэолагамі былі замацаваныя высновы пра варожасць Кастуся Каліноўскага польскаму шляхецкаму вызвольнаму руху і непрызнанне ім вярхоўнай ролі Варшаўскага камітэта.
Каліноўскі быў ахарактарызаваны як стваральнік вольнага беларускага друку (брашура «Мужыцкая правда») і найвыбітнейшы прадстаўнік перадавой грамадскай думкі Беларусі другой паловы XIX стагоддзя. Але тут не абышлося без уплыву літаратурнай творчасці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У яго рамане, прысвечаным падзеям паўстання 1863 года «Каласы пад сярпом тваім», з’яўляецца Кастусь Каліноўскі. Не адстаюць ад Караткевіча і Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Адам Мальдзіс, Іван Капыловіч і інш.
Не «шыбеніца маскоўская, а «виселица царская»
Асобу Кастуся Каліноўскага як рэвалюцыянера-сацыяліста часта ўзгадвалі ў школьных падручнікаў, але не абышлося без казусаў. У школьнай кнізе па гісторыі для чытання, выдадзенай ў 1989 годзе пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук Васіля Антонава, асоба Каліноўскага характарызуецца як «...пламенный революционер-демократ, враг царизма, помещиков, всей крепостной системы».
Каб пазбегнуць праблем, прафесар і яго суаўтары свядома пайшлі на гістарычную фальсіфікацыю. У іх варыянце зварот Каліноўскага выглядае так: «Братья мои, мужики родные. Из-под виселицы царской приходится к вам писать». А вось цытата з «Лістоў з-пад шыбеніцы»: «Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці». Як бачна, у тэксце кнігі для чытання аўтары замянілі «шыбеніцу маскоўскую» на «виселицу царскую».
Фрагмент «Лістоў з-пад шыбеніцы»
Станаўленне гераічнага вобразу Каліноўскага ў савецкія часы было абумоўлена яго змаганнем з самадзяржаўем. Тады звярталі ўвагу найперш на сацыяльна-рэвалюцыйную дзейнасць Каліноўскага і замоўчвалі яго антырасійскі (насамрэч антыімперскі) настрой і дзеянні, надаючы надалей рысы радыкальнага сацыяліста з беларускай афарбоўкай. Але ў незалежнай Беларусі вобраз Кастуся Каліноўскага зноў будзе перажываць новыя метамарфозы.
АM, budzma.me