Калі вы жадаеце збегчы на пару гадзінак ад рэчаіснасці і паглыбіцца ў няісны калядны сусвет, то ведайце, мы вас на гэтым шляху падтрымліваем і нават можам тое-сёе параіць, каб падарожжа вашае было прыемным, плённым і, галоўнае, беларускамоўным. Вашай увазе — сем фільмаў, вартых каляднага прагляду, у беларускай агучцы.
«Гэтае цудоўнае жыццё»
Кажуць, калі не паглядзець гэты фільм на Каляды, Зямля сыдзе з арбіты і ніякіх вам больш новых гадоў. Таму зрабіце ласку, паглядзіце — не адмаўляйце сабе ў планах на будучыню. Да таго ж, маем меркаванне, што «Гэтае цудоўнае жыццё» перакладзенае на беларускую мову таму, што галоўны герой Джордж Бэйлі — беларус у найвышэйшым сваім увасабленні: ён за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, шчыра ўсё жыццё рупіцца і дапамагае іншым людзям, але ж лічыць сябе няўдачнікам і ў рэшце рэшт дабіраецца да той кропкі адчаю, з якой сігаюць з моста.
Тут яго і ратуе адпраўлены на дапамогу анёл Клэрэнс, якому патрэбна заслужыць крылы. І паказвае Джорджу, то-бок, скажам, Юрасю, што ягонае жыццё недарэмнае. І ўсё становіцца на свае месцы, і Юрась-Джордж ляціць дадому, радуючыся ўсім сваім няўдачам, якія яшчэ гадзіну таму гналі яго на мост. І яму на дапамогу ідуць усе, каму ён дапамог. Карацей, у гэты момант беларуса і насцігае добра знаёмае пачуццё еднасці і ўдзячнасці, якому нас так зацята зараз адвучваюць давяраць. Вось дзеля гэтага пачуцця і паглядзіце «Гэтае цудоўнае жыццё».
Рэжысёр Фрэнк Капра зрабіў шыкоўную кар’еру на фільмах пра звычайнага чалавека, які імкнецца да дабра і справядлівасці, і добранька яго паэксплуатаваў, але гэта той выпадак, калі персанажы шчырэйшыя за свайго аўтара і таму беспаваротна верыш іх пасланню: мы адно ў аднаго ёсць і як-небудзь прарвемся.
Душа
Здаецца, не калядны, але ж дужа абаяльны мультфільм пра пошукі свайго прызначэння, а насамрэч — пра міласць да людзей, якая тым прызначэннем і ёсць. Ці вы ведаеце больш калядны мэсыдж?
Дык вось, часам даводзіцца памерці і трапіць на той свет, і вярнуцца назад у іншым абліччы, і паглядзець на ўсё чужымі вачыма, каб нарэшце папусціцца, злавіць вайб і зразумець галоўнае: кожны з нас ужо дастаткова добры. Галоўнаму герою Джо Гарднэру, шараговаму настаўніку музыкі, які ўсё жыццё прагнуў граць на сцэне і дасягаць дасягненні, адкрываецца вельмі калядная ісціна: каб джазаваць, трэба расслабіцца, а не наадварот.
Так, гэта надзвычай музычны фільм, і няхай джазавыя імправізацыі наладзяць вас на калядны рытм. Вы ўжо дастаткова добрыя, проста джазуйце.
Глядзіце па спасылцы
Малефісента
Па-першае, Анджаліна Джалі павінна аднойчы загаварыць па-беларуску, іначай навошта нам гэта ўсё. Па-другое, каляднае ўседараванне прыемней накіроўваць на прывабных жанчын з выдуманага чароўнага сусвету. Па-трэцяе, час ад часу — і напярэдадні Калядаў — зло хочацца ачалавечыць, каб яму паспачуваць і адчуць і ўласную чалавечнасць. То няма для гэтага зручнейшай гісторыі, чым гісторыя пра расчараванне і здраду, якая і ператварае юных узнёслых чараўніц у злыдняў. Да таго ж, вам проста вельмі спадабаецца назіраць, як зласліўка прызнае свае памылкі і ўстае на шлях выпраўлення.
У дабра са злом даволі складаныя стасункі, гаворыць фільм інтанацыяй лагоднай цётухны-чараўніцы, і часцяком зло — гэта проста дабро, якое расчаравалася, але і тое не канчаткова. Калі яшчэ, як не на Каляды, верыць такім гуманным мэсыджам. Але ж галоўнае: Анджаліна Джалі гаворыць па-беларуску, так-так.
Глядзіце па спасылцы
Аліса ў Цудазем’і
Калі душа прагне страшнай казкі, але не настолькі страшнай, каб кінуць верыць у дабро, то вось вам адна страшнаваценькая. Не, праўда, у варыянце Ціма Бёртана вандроўка Алісы ў краіну цудаў пазбавілася таго абаяння, якім звычайна намагаліся ўтаймаваць абсурд гэтага сюжэту, і набракла нарэшце адчувальным адчаем разладу і распаду, не перастаўшы быць прыязнай да гледача. А як вось гэта вось усё загучала па-беларуску, то стала нагадваць вяртанне ў Беларусь з-за мяжы ў 2022-м.
Сядайце паўтульней, рамонак заварыце і здзейсніце гэты тэрапеўтычны трып, каб вярнуцца з яго жывымі і здаровымі — і з тым яшчэ адчуваннем, што, калі трошку паскрэсці танюсенькі слой рацыянальнасці і чалавечнасці на паверхні нашага свету, то адкрыецца бездань і як зірне... Але мы скрэсці не будзем. Каляды ж.
Глядзіце па спасылцы
Том і Томас
Вось вам фільм для душэўнага сямейнага кінасеанса. Калядная, ледзь не дзікенсаўская гісторыя без аніякіх схаваных сэнсаў: тут вам і перадкалядны Лондан як увасабленне заможнага, камфортнага, дарослага свету, і сустрэча з двайніком, якая робіць усіх дзяцей дарослымі, і вельмі розныя блізняты, раздзеленыя ў дзяцінстве, і прыгоды, чыя адзіная мэта — з’яднаць сям’ю. І нават сякія-такія калядныя цуды, якія імкнуцца не прымусіць вас збегчы ад рэальнасці, а наадварот, нагадаць, што не ўсе неспадзяванкі ў жыцці абяцаюць гамон — некаторыя робяць яго шчаслівым і напоўненым.
Ды ўвогуле, калі што — рэчаіснасць паклапоціцца пра вас, як пяшчотная мама. Дазвольце сабе адчуць гэта хаця б на караценькія паўтары гадзіны.
Глядзіце па спасылцы
Уладар Пярсцёнкаў
Глядзіце па спасылцы
Каляды вымагаюць эпасу. Каб на ўвесь будучы год наладзіць сябе на вайб доўгага падарожжа, якому не могуць перашкодзіць працоўныя сазвоны, дурныя навіны, бытавыя клопаты, неўрозы, пазваночныя грыжы ды іншыя плюшкі жыцця ў 2022 годзе, проста выпраўляйцеся разам з Фрода. Цяпер вы з ім гаворыце на адной мове, а значыцца, гэта і наша, беларускае падарожжа таксама.
Па-беларуску агучаныя ўсе тры фільмы сагі, а значыцца, і нашае падарожжа скончыцца добра, арлы прылятуць. Але ж нават не гэта галоўнае. Галоўнае — проста выйсці на ганак. Нагадайце ж сабе простую мудрасць спантанных рашэнняў і рушце следам за Фрода ў Новы год, які, мяркуем, будзе не меней турбулентным за хобітаўскую вандроўку.
Тры арэшкі для Папялушкі
Настальгія дэтэктэд. Хутка пасля ўводу савецкіх танкаў у Прагу рэжысёр Вацлаў Ворлічак здымае адну з тых бестурботных казак, якімі так запала Чэхаславакія ў сэрцайкі савецкіх гледачоў. Там усё, як мае быць у казках: смяшлівая прыгажуня Папялушка, мілы прынц, мачаха нават і не надта злая, а проста няшчасная, і тры чароўныя арэшкі, якія здзяйсняюць жаданні. Гэтым разам абышліся без цёткі-чараўніцы. Сацрэалізм, віноўны, можа, і ў тым, што мы дагэтуль не надта ўмеем публічна казаць пра рэчаіснасць якой яна ёсць, часам выдаваў такія вось цудоўныя гаючыя ілюзіі. Гэтая казка на паўтары гадзінкі нагадае вам пра нейкі ніколі няісны час, калі ўсё было добра і будучыня яшчэ была прыўкраснай. Але няхай вас не ўводзіць у зман той настальгічны міраж: памятайце, савецкія танкі на той момант ужо былі ў Празе.
Глядзіце па спасылцы
Прыгоды Санта-Клаўса
Гэта на салодкае. Калі нічога з папярэдняга не дапаможа. Узорна-цукровая анімацыйная біяграфія Санта-Клаўса для вашага ўнутранага немаўляці. Хронікі краіны ружовых адзінарогаў, блакітных эльфаў і бездакорных людзей, якія кладуць жыццё на шчасце іншых людзей, — вось як Мікалай, якога за жаданне дарыць дзецям падарункі сталі зваць святым. Будзем справядлівыя — гопнікі, якіх Святы Мікалай раздражняе сваёй дабрынёй, там таксама ёсць. І яны нават пільнуюць яго, каб адняць падарункі. Але, дзякуй Богу, хаця б на Каляды, хаця б у свеце блакітных эльфаў і гаваркіх аленяў Дабро перамагае Зло, і Санта працягвае беспакарана прычыняць дабро дзецям і дарослым. Амінь.
Глядзіце па спасылцы
budzma.org