Дзень славянскага пісьменства і культуры.

1173: Пакінула свет Еўфрасіння Полацкая, славутая беларуская асветніца. Пахаваная яна ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы. Мошчы святой Еўфрасінні спачываюць у Спасаўскай царкве полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
1542: Станіслаў Давойна стаў полацкім ваяводам. У 1563 годзе ён кіраваў абаронаю Полацку ад войскаў маскоўскага цара Івана Жахлівага. Абаронцы гораду маглі б вытрымаць доўгую аблогу, каб не памылкі ваяводы. Полацк быў знішчаны дазвання. Большасць ягоных жыхароў пазабівалі. Ваяводу Давойну з жонкаю і дзецьмі цар адправіў у Маскоўшчыну. Разам з імі ў Расею ў рабства было выведзена 50 тысяч палонных. Сам Станіслаў Давойна вярнуўся на радзіму толькі праз 4 гады.
1904: Прыйшоў на свет беларускі паэт Адам Русак, які склаў песню “Бывайце здаровы” ды шмат іншых вядомых у народзе твораў.