26 лістапада 1885 г. памёр славуты польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч.
У кастрычніку 1823 года быў арыштаваны ў Вільні па «справе філаматаў» і кінуты за краты. У красавіку 1824 года Міцкевіча вызвалілі з турмы на парукі, а ў кастрычніку таго ж года выслалі ў Пецярбург. З лютага па сакавік 1825 года творца жыў у Адэсе, паспеў пабываць у Крыме, у снежні 1825 года перабраўся ў Маскву, бо хацеў ажаніцца з паэткай Каралінай Паўлавай, але шлюб так і не адбыўся. З гэтай прычыны Адам зноўку пераехаў у Пецярбург у 1828 годзе. За гэтыя некалькі год у сталіцах Расіі ён зблізіўся з удзельнікамі руху дзекабрыстаў, з паэтам Аляксандрам Пушкіным і яго атачэннем. У траўні 1829 года Міцкевіч вымушаны быў выехаць за мяжу. Жыў у Германіі, Швейцарыі, Італіі. Спрабаваў далучыцца да паўстання 1831 года, але безпаспяхова. У 1832 годзе перабраўся ў Парыж, супрацоўнічаў з дзеячамі польскай эміграцыі, займаўся палітычнай публіцыстыкай. У 1834 г. Міцкевіч ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай. У сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей.
З 1839 па 1840 гады выкладаў лацінскую літаратуру ў Лазане. У 1840 годзе Міцкевіч стаў першым прафесарам славянскіх моваў у Калеж дэ Франс у Парыжы. У 1841 годзе падпаў пад уплыў прапаведніка Анджэя Тавяньскага — польскага філосафа-містыка і псеўдапрарока. За прапаганду падобных поглядаў французскі ўрад у 1845 адхіліў Міцкевіча ад чытання лекцый. У 1852 годзе ён быў адпраўлены ў адстаўку.
У красавіку 1855 года жонка Міцкевіча памерла. Магчыма, з гэтай прычыны ўвосень 1855 года паэт з’ехаў у Канстанцінопаль, маючы намер арганізаваць польскі легіён, які б дапамог у барацьбе з Расійскай Імперыяй. Мара Міцкевіча не здзейснілася, ён заразіўся там халерай і памёр 26 лістапада 1855 года. Гэта афіцыйная версія смерці паэта. Аднак многія біёграфы лічаць, што смерць Міцкевіча з’явілася вынікам палітычных інтрыг.
Цела Адама Міцкевіча перавезлі ў Парыж, дзе і пахавалі на могілках Манмарансі.
У 1890-м годзе парэшткі цела Адама Міцкевіча перавезлі з Парыжа ў Кракаў, саркафаг з парэшткамі быў змешчаны ў Вавельскім кафедральным саборы.
АМ, budzma.org