Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённешніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1961. Узарваная Фара Вітаўта ў Гродне
У ноч з 29-га на 30 лістапада быў знішчаны найбольш старажытны касцёл не толькі Гродна, але і ўсяго Панямоння.
Фара Вітаўта ў XVI стагоддзі
Рашэнне было прынятае ў сакавіку 1961-га на паседжанні Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў. Сапёрнымі працамі кіравала архітэктарка з Ленінграда. Паводле гарадской легенды, пазней яна згубіла розум... Фара Вітаўта была збудаваная ў 1389 годзе як драўляны храм. Яго шмат разоў перабудоўвалі ў розных стылях: ад готыкі да барока. Фара, то бок галоўны храм горада, добра бачная на гравюрах Цюндта і Макоўскага. У часы Расейскай імперыі касцёл забралі ў каталікоў і перабудавалі ў сабор. У 1930-х храм зноўку стаў каталіцкім: яго перарабілі ў неагатычным стылі.
Пасля знішчэння ўнікальнага храма на ягоным месцы разбілі сквер. Зараз тут стаіць памятны знак з дума крыжамі: каталіцкім і праваслаўным. Размовы пра аднаўленне Фары цягнуцца з 1990-х гадоў: вяртанне вялізнага храма завяршыла б архітэктурны ансамль сённяшняй Савецкай плошчы Гродна. У сценах храма, каб пазбегнуць канфесійных спрэчак, прапаноўвалася зрабіць канцэртную залю.
1409. Берасцейская нарада Вітаўта і Ягайлы
Вайсковая нарада паміж правіцелямі ВКЛ і Польшчы адбылася на тле Вялікай вайны з Тэўтонскім ордэнам 1409-1411 гадоў. Сітуацыя была катастрафічнай: нямецкія рыцары захапілі вялізныя абшары паміж Віслай і Нёмнам, пазбавілі нашыя дзяржавы выхаду да Балтыкі. Ордэн не збіраўся спыняцца, бо ставіў сабе за мэту захапіць яшчэ больш...
На сустрэчы манархі спланавалі сумесную летнюю вайсковую кампанію на 1410-ы год. Было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы амаль сотні харугваў (палкоў) для вайны з крыжакамі: 51 з польскага боку, 40 з літвінскага. На сустрэчы прысутнічаў таксама хан Джэлаладдзін, сын Тахтамыша, які меўся дапамагчы з конніцай.
Фактычна, Берасцейская нарада адкрыла шлях да перамогі пад Грунвальдам улетку 1410-га. Менавіта з гэтай бітвы пачынаецца заняпад Ордэну, які нават стане васалам Вялікага Княства. Пасля больш чым стогадовай гісторыі няспынных набегаў, рабункаў і папялішчаў людзі ВКЛ урэшце змогуць уздыхнуць спакойна.
1825. Памёр цар Аляксандр І
Эпоха Аляксандра — пік велічы Расійскай імперыі. Нездарма бабуля цара, Кацярына ІІ, назвала яго ў гонар Аляксандра Македонскага. Пры Аляксандры да імперыі былі далучаныя Фінляндыя, Бесарабія, Грузія, Азербайджан і іншыя землі. Расійская армія трыюмфальна ўвайшла ў Парыж і стала важным гульцом еўрапейскай палітыкі.
Для нашых земляў роля Аляксандра максімальна супярэчлівая. З аднаго боку ён працягваў палітыку Раманавых па каланізацыі тэрыторыяў, далучаных яшчэ яго бабуляй Кацярынай. З іншага — дазваляў сабе ноткі лібералізму, перапісваўся з Агінскім і Касцюшкам, не знішчаў пад корань мясцовыя традыцыі і шляхту.
З Аляксандрам былі звязаныя надзеі мясцовых элітаў на аднаўленне Рэчы Паспалітай пасля падзелаў. Няхай нават у форме аўтаноміі. Хто ведае, магчыма, каб мясцовыя магнаты і шляхта не падтрымалі Напалеона — не «ўдарылі ў спіну» — падобныя праекты і маглі б быць рэалізаваныя.
1887. Нарадзіўся Уладзімір Пракулевіч
На пачатку стагоддзя Пракулевіч пісаў для марксісцкіх часопісаў, трымаўся левых пазіцый, удзельнічаў ў Рэвалюцыі 1905 года. Быў блізкі да РСДРП і «Бунду». На жыццё зарабляў працай юрыста і рахункавода.
Падчас Першай Сусветнай жыў у Мінску, пазней — эвакуяваны ў Маскву. Цікава, што бальшавікі прызначылі Пракулевіча суддзём у Вызне, на Случчыне. Але ўвосень 1920-га ён стаў адным з лідараў Слуцкага паўстання, пасля паразы якога з’ехаў на Захад. Са жніўня 1923-га Пракулевіч — дзяржсакратар Ураду БНР у выгнанні. Удзельнічаў у Берлінскай канферэнцыі, дзе падпісаўся пад актам ліквідацыі БНР... Вярнуўся у савецкі Мінск.
У БССР Пракулевіч працаваў у Дзяраўнай бібліятэцы ажно да 1930 года. Тады яго арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Ён быў сасланы ўглыб Расіі, дзе працаваў пазаштатным юрыстам. Паўторна арыштаваны ў 1938 годзе, расстраляны і пахаваны ў Свярдлоўску (сёння Екацерынбург). Рэабелітаваны напрыканцы 1980-х.
1586. У Англію з Амерыкі ўпершыню завезеная бульба
Дзіўна, але гэтая дата ніяк не адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, хоць бульба займае пачэснае месца ў нашым фалькоры і кухоннай традыцыі. Само слова «бульба» паходзіць ад старой назвы тапінамбура — «бульва». Тапінамбур быў пашыраны ў Рэчы Паспалітай і выцеснены бульбай толькі ў канцы XVIII ст. — назва перакачавала ад адной расліны да іншай.
Бульба ў нас мае шмат дыялектных назваў: канцадалы, картопля, картохля, кунада, курдопа, кардока, картошка, картохі, карточка... Эталонным варыянтам усё ж стала «бульба». Дарэчы, як і ў літоўцаў: bùlvė. Расійцы і ўкраінцы ўжываюць назвы, утвораныя ад нямецкага Kartoffel. Яно ж паходзіць ад італьянскага Tartufo — труфель.
Як бульба ў нас стала папулярнай? Бо простая ў вырошчванні і захаванні, танная і можа даваць вялікі ўраджай. Бульба ратавала ў галодныя гады: вясной можна было збіраць на полі мінулагоднія бульбіны. Калі ўсё зусім кепска, то суп можна зварыць нават з бульбянога лушпіння... Сёння без бульбы цяжка ўявіць сабе наш традыцыйны стол: гэта сапраўдны беларускі «другі хлеб».
1939. У складзе БССР з’явілася Беластоцкая вобласць
Раней тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы, але пасля падзеяў верасня 1939-га, разам з усёй Заходняй Беларуссю, была далучаная да Савецкага Саюзу. Паводле дамоваў паміж Масквой і Берлінам, гэтыя землі вызначаліся сферай савецкага ўплыву.
22 кастрычніка на занятай Чырвонай Арміяй тэрыторыі прайшлі выбары: былі абраныя дэпутаты, якія і далі згоду на ўсталяванне тут савецкага ладу. Гродна апынуўся часткай Беластоцкай вобласці, якая на ўсходзе межавала з Баранавіцкай.
Праіснавала вобласць нядоўга: да 1944 года. Прычым, з 1941 па 1944 вобласць існавала толькі фармальна, бо была акупаваная нацыстамі. Пасля вызвалення Беласточчыну зноў аддалі палякам, але ўжо савецкай Польшчы — хаўрусніцы Масквы. Пра кароткі перыяд існавання Беластоцкай вобласці сёння нагадваюць хіба старыя мапы ды дакументы, выдадзеныя па-руску ці па-беларуску на Падляшшы ў 1939-41 гадах.
1886. Нарадзіўся Мікалай Равенскі
Будучы кампазітар і дырыжор паходзіў з Ігуменшчыны. Вучыўся на рэгентскіх курсах у Пецярбургу і Маскве, скончыў у 1930-м Маскоўскую кансерваторыю. Як фалькларыст Равенскі збіраў багата народных песень, супрацоўнічаў з Інбелкультам. У 30-х выкладаў у Беларускай кансерваторыі, быў чальцом Саюза кампазітараў БССР.
У змрочныя ваенныя часы Равенскі кіраваў царкоўным хорам у родным Ігумені (тады — Чэрвень). Па вайне — на эміграцыі. Там займаўся любімай справай: арганізоўваў харавыя калектывы з беларускіх эмігрантаў. Быў запрошаны ў Лёвенскі універсітэт у Бельгіі. Захварэў на рак, памёр у 1953 годзе.
Равенскага ведаюць па музыцы да гімна «Магутны Божа», але забываюцца на іншыя яго працы: «Слуцкія ткачыхі», «Курган», «Мой родны кут», «Ах, ты, Нёман-рака!» ды іншыя. Равенскі — аўтар першай беларускай аперэты «Залёты» на словы Дуніна-Марцінкевіча ды оперы «Браніслава». На жаль, да сёння дайшла не ўся спадчына кампазітара: нешта было канфіскавана органамі, нешта — згарэла ў вайну.
АК, budzma.org