Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1934. Нарадзіўся Карлас Шэрман
Шэрман — гэта масток паміж беларускім і гішпанскім літаратурным светам. Дзякуючы яму наш чытач дакрануўся да прозы Маркеса, паэзіі Гарсія-Лоркі, пазнаёміўся з кубінскімі ды нікарагуанскімі аўтарамі. Па той бок, у сваю чаргу, па-гішпанску прачыталі Танка, Быкава, Купалу ды Коласа.
Васіль Быкаў і Карлас Шэрман
Карлас Шэрман нарадзіўся ва Уругваі ў сям’і рабоча-эмігранта з Заходняй Беларусі. Вучыўся ў Буэнас-Айрасе, працаваў у аргенцінскіх газетах. У гады хрушчоўскай адлігі прыехаў у Беларусь. Працаваў у Фундаментальнай бібліятэцы пры АН БССР. З 1989-га — віцэ-прэзідэнт беларускага ПЭН-цэнтра.
Шэрман не толькі перакладаў і наводзіў масты між культурамі, але і пісаў сам. У 1984-м выйшла яго зборка паэзіі «Дождж у Каралішчавішчах» у перакладзе Барадуліна. У 1989-м — «Сны» у перакладзе Сёмухі. Памёр у Беларусі ў 2005 годзе.
1959. Нарадзіўся Анатоль Сыс
«Чалавек агню» — так яго называлі ўжо пасля смерці. Канцэнтрацыя ўсяго хтанічнага, памежнага, а можа, і нечага па-за межамі свядомасці. Аўтар усяго некалькіх зборак вершаў — «Агмень», «Пал Лес», «Сыс», «Лён» — вершы з якіх страляюць, нібы іскры з вогнішча, раскладзенага аўтарам на беразе закутанай туманамі палескай ракі.
Жыццё Сыса зусім кароткае — 46 гадоў. Але хапіла б на некалькі жыццяў. Не паводле зведаных краінаў, атрыманых перамогаў, пасадаў і прэміяў. Паводле неверагоднай напругі, з якой, мабыць, толькі і нараджаецца сапраўдная паэзія. Сыс вёў разгульны лад жыцця, як казалі: «паліў сябе жыўцом». Прыносіў у ахвяру. Праца на тэлебачанні, удзел у стварэнні «Талакі» і «Тутэйшых», арганізацыя «Дзядоў» яшчэ напрыканцы 1980-х — усяго толькі коскі ў тэксце аўтара. Сапраўдныя вехі ды этапы жыцця — у вершах.
Анатоль Сыс памёр у роднай хаце ў Мінску ў 2005-м, пахаваны ў роднай вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне.
1430. Памёр князь Вітаўт
Сэрца 80-гадовага вялікага князя спынілася, калі ў Вільні безліч еўрапейскіх паслоў і дыпламатаў чакалі ягонай каранацыі. Памёр за крок да сваёй мары: стаць каралём, а ВКЛ зрабіць каралеўствам. Папа Рымскі даў згоду на каранацыю (толькі ён меў на гэта права), карона была ў дарозе, але... не паспелі. Па іншай версіі — ганцоў наўмысна затрымалі ў Польшчы.
Пахаванне Вітаўта, мініятура 1453 года
Пасля сябе Вітаўт пакінуў дзяржаву на піку росквіту. Плошча ВКЛ складала 900 тысяч квадратных кіламетраў (РБ сёння — 207,6 тыс.).
Гэта была дзяржава ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора, ад Акі да Галічыны. Пасля перамогі над крыжакамі пад Грунвальдам, ВКЛ займела бясспрэчны аўтарытэт у Еўропе, інакш Папа б не наважыўся на каранацыю.
Праўленне Вітаўта было аўтарытарным, жорсткім. Ён не заўсёды трымаў слова, дадзенае саюзнікам, але ўвесь час выходзіў пераможцам. Ніхто з пазнейшых кіраўнікоў дзяржавы не займеў такога аўтарытэту — не пераўтварыўся ў легенду. Вітаўт не пакінуў па сабе нашчадкаў. Пасля яго смерці пачаліся феадальныя войны і разлад у дзяржаве.
1523. Выйшла паэма «Песня пра зубра»
Паэма Міколы Гусоўскага на лацінскай мове ўпершыню была выдадзеная ў Кракаве. Аўтару яе замовіў папа Леў Х Медычы, які зацікавіўся незвычайнай для Італіі жывёлай. Бацька Гусоўскага быў лесніком, таму той цудоўна ведаў тэму. Але твор пераўзышоў анімалістычны жанр і стаўся расповедам пра Радзіму, яе гісторыю і звычаі.
Прыроду Гусоўскі прачытаў у рэнесансным разуменні — як крыніцу моцы, здароўя, святла і натхнення для чалавека. Адначасна, прырода і вобраз зубра стаюць адказам на пытанне пра нацыянальны характар людзей, якія тут жывуць.
Сюды ж упісаныя гістарычныя сюжэты, у прыватнасці пра памерлага за сто год да гэтага Вітаўта, які стаў вобразам ідэальнага ўладара. Паэма Гусоўскага зрабілася першым паэтычным расповедам пра Беларусь для замежнага чытача. У дыпламатычным плане гэта быў працяг гісторыі з перамогай пад Оршай у 1514-м, пра якую таксама даведалася ўся Еўропа. Наступны падобны твор, які б паэтычна маляваў партрэт краю, з’явіўся адно праз стагоддзі — гэта «Пан Тадэвуш» Міцкевіча.
1937. Ноч расстраляных паэтаў
У ноч з 29 на 30 кастрычніка ва ўнутранай турме НКУС у Мінску былі растраляныя больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У тым ліку 22 пісьменнікі, адкуль і пайшла назва — «Ноч расстраляных паэтаў».
Спіс быў зацверджаны яшчэ ў верасні Сталіным, Молатавым, Кагановічам, Варашылавым і Яжовым. Прозвішчы забітых кажуць самі за сябе: Тодар Кляшторны, Платон Галавач, Леў Таўбін, Ізі Зарык, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль... Большасць пазней былі апраўданыя нават савецкай судовай сістэмай. Дакладная лакацыя пахавання ахвяраў дагэтуль невядомая: урочышча Курапаты разглядаецца толькі як меркаванае месца.
Безумоўна, гэта была не адзіная «расстрэльная ноч», не пачатак і не фінал рэпрэсій. Дата стала сімвалічнай, тым больш, як сімвалічную яе задумвалі і арганізатары: вырашылі прымеркаваць да ўгодак Кастрычніцкай рэвалюцыі. Назва «Ноч расстраляных паэтаў», як і «расстраляная літаратура», набыла розгалас у 2000-2010-х гадах.
1988. Жорсткі разгон мітынгу «Дзяды»
Мітынг-рэквіем планаваўся ў атмасферы інфармацыйнага ўздыму: напярэдадні выйшаў артыкул Шчмыгалёва і Пазняка «Курапаты — дарога смерці». Упершыню голасна загучала альтэрнатыўная савецкай версія пра рэпрэсіі ды ўрочышча Курапаты.
Акцыю рыхтавалі нефармальныя аб’яднанні: «Тутэйшыя», «Талака», «Мартыралог Беларусі». Улады не далі дазвол: каб не дапусціць шэсця, былі закрытыя некалькі станцыяў метро, у горад выведзеныя сотні міліцыянтаў, а таксама машыны МНС.
Жорсткая сутычка адбылася ў раёне Маскоўскіх могілак: людзей разагналі з выкарыстаннем дубінак ды газу. Разгон надаў справе яшчэ большы розгалас — для расследвання была створаная нават камісія на чале са старшынём прызідыюма ВС БССР. Нягледзячы на тое, што Саюз дажываў свае апошнія гады, атмасфера варожасці ўсё яшчэ захоўвалася.
1947. З’явілася газета «Бацькаўшчына»
Беларускамоўная газета з невялікім накладам пачала выходзіць у Мюнхене. Мэтавай аўдыторыяй былі беларускія эмігранты, якія пасля вайны збольшага былі сканцэнтраваныя ў «лагеры для перамешчаных асобаў» Віндышбергердорф (Зах. Германія).
Задумка была простая: аб’яднаць з дапамогай прэсы эмігрантаў-беларусаў, каб тыя не расшчапіліся ў моры іншых нацыянальнасцяў: палякаў, расейцаў, украінцаў і г.д.
«Бацькаўшчына» пісала пра гісторыю і культуру, звяртала ўвагу на русіфікацыю беларускай мовы ў БССР, змяшчала весткі з Савецкага Саюза. Выхад газеты стаў званочкам для кансалідацыі бежанцаў, якія перад тым займаліся асабістымі побытавымі праблемамі і выжываннем. У хуткім часе ў лагеры з’явілася беларуская школа і скаўцкае аб’яднанне. Сама ж газета «Бацькаўшчына» праіснавала да 1966 года.