Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1839. Даклад Аляксандра Рыпінскага
У гэты дзень у Парыжы адбылася прыкметная для нашай гісторыі падзея. На паседжанні «Польскага літаратурнага таварыства» прагучаў даклад Аляксандра Рыпінскага пад назвай «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc».
Аляксандр Рыпінскі — гэта польска-беларускі паэт, якія займаўся вывучэннем у тым ліку і беларускага фальклору. Быў удзельнікам паўстання 1830–1831 гадоў, пасля паразы якога заканамерна быў вымушаны выехаць ў эміграцыю. Як і многія з тых, хто асеў тады ў Парыжы.
Ягоны даклад — адна з першых спробаў фіксацыі беларускіх народных абрадаў і песень, уласна беларускай мовы, напрыклад, была паказана адметнасць літары «ў» ды і чарговы раз папулярызавалася сама назва «Беларусь».
У 1840 годзе дапоўнены і перапрацаваны даклад пабачыў свет у Парыжы ў выглядзе асобнай кнігі. Але сённяшнім беларусам яна наўрад ці спадабалася б, бо яе змест падаўся б хутчэй абразлівым і нават шавіністычным.
Мяркуйце самі: сваю кнігу аўтар прысвяціў «першаму з беларускіх сялян, які навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску».
1944. Памёр Кузьма Чорны
Кузьма Чорны
У гэты дзень ад наступстваў інсульту пайшоў з жыцця Мікалай Карлавіч Раманоўскі, якога кожны школьнік у нашай краіне ведае па псеўданіме Кузьма Чорны.
Нарадзіўся ў 1900 годзе ў Борках на Случчыне, а маленства правёў у Цімкавічах на Капыльшчыне. З 1923 года жыў і вучыўся ў Мінску, дзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Далучыўся да літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Актыўна публікаваўся ў перыядычным друку.
У 1926 годзе стаў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Узвышша», дзе згуртаваліся найбольш амбітныя і таленавітыя пісьменнікі таго часу. Разам з Уладзімірам Дубоўкам, Адамам Бабарэкам, Язэпам Пушчам ды іншымі выйшаў са скандалам з «Маладняка», выказваючы тым самым свой пратэст супраць прымітывізацыі мастацтва.
У 1944 годзе ў сшытку, які быў падораны пісьменніку Сяргеем Прытыцкім, пачаў весці дзённік, дзе апісаў апошнія месяцы свайго жыцця. Акрамя іншага, згадваў катаванні, якія яму давялося перажыць у мінскай турме, калі яго арыштавалі ў канцы 1930-х. Гэта першая згадка аб сталінскіх рэпрэсіях у беларускай літаратуры.
1906. Пачынае выходзіць «Наша Ніва»
Адна з першых беларускіх газет выходзіла з 1906 па 1915 год без перапынку ў Вільні, пакуль горад не быў заняты немцамі ў час Першай сусветнай вайны. Легальнае беларускае выданне на беларускай мове, дзе друкаваліся навіны для беларусаў.
Менавіта на яе старонках пачынаўся творчы шлях Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна і многіх іншых аўтараў, якія ў будучым стануць прызнанымі класікамі беларускай літаратуры. Тут былі ўпершыню апублікаваны ўрыўкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа і паэма «Бандароўна» Янкі Купалы.
Да 1912 года газета выходзіла ў двух варыянтах: кірыліцай і лацінкай. Пасля рэдакцыя прыняла рашэнне пакінуць толькі адзін. Звязана гэта было паводле адной версіі з вялікімі фінансавымі выдаткамі, а паводле другой, з жаданнем выдаўцоў аб’яднаць грамадства.
1902. Нарадзіўся Мікалай Арэхва
Гэты беларускі гісторык і вядомы дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі нарадзіўся ў Барунах на Ашмяншчыне. Ваяваў у Грамадзянскую вайну супраць Юдзеніча.
Пасля — камсамол, ЦВК БССР. Як «заходніка» Арэхву паслалі працаваць у падполлі Заходняй Беларусі. Узначальваў Краёвы сакратарыят ЦК КПЗБ. Быў арыштаваны дэфензівай, адседзеў пяць гадоў.
Цягам Другой сусветнай — у Войску польскім. Пасля вайны яго паслалі на новую працу — у кіраўніцтва наваствораных органаў дзяржбяспекі Савецкай Польшчы. Вопыт заходнебеларускага падполля і турмы прыдаліся: бо цяпер ён быў па іншы бок супрацьстаяння.
Ужо на пенсіі Арэхва займаўся гісторыяй КПЗБ. Апошнія дзесяцігоддзі былі для яго часам успамінаў: ён быў адным з нямногіх жывых сябраў гэтай партыі і ці не адзіным яе летапісцам. Яго найбольш вядомая праца — «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921–1939)».
Памёр на 88-м годзе жыцця у Мінску ў ліпені 1990 года.
1795. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выракся трона
У гэты дзень у Гродна апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст II Панятоўскі склаў з сябе паўнамоцтвы і падпісаў акт аб адрачэнні ад прастолу.
Панятоўскі стаў каралём увосень 1764 года, калі Рэч Паспалітая знаходзілася не ў самым лепшым стане. Ён быў тым чалавекам, які прыкладаў намаганні, каб выратаваць сваю краіну ад эканамічнага і палітычнага хаосу, але, як часта бывае ў рэальнасці — толькі прыспешыў ейны скон. Для свайго часу ён быў даволі прагрэсіўным правіцелем.
Менавіта пры ім была рэфармаваная грашовая сістэма, будаваліся каналы і мануфактуры, падтрымліваўся гандаль, з Еўропы запрашалі эканамістаў і прадпрымальнікаў. А ў 1791 годзе была прынятая Канстытуцыя — першая ў Еўропе і другая пасля амерыканскай. Разам з тым працягваліся працэсы паланізацыі: ВКЛ усё болей губляла суб’ектнасць у межах супольнай дзяржавы.
У 1772 годзе Рэч Паспалітая зведала падзел сваіх тэрыторый, які быў арганізаваны трыма суседнімі манархіямі: Расіяй, Аўстра-Венгрыяй і Прусіяй. Пасля яго Станіслаў Аўгуст Панятоўскі рабіў захады па рэфармаванні палітычнай сістэмы краіны. Але гэтыя пераўтварэнні не прынеслі плёну, і краіна, зведаўшы яшчэ два падзелы, перастала існаваць.
1930. Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч
Гэты бясспрэчны класік беларускай літаратуры з’явіўся на свет у Оршы, дзе і атрымаў сярэднюю адукацыю.
У 1954 годзе скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у 1954–1956 гадах. Потым вучыўся зноў, але ўжо пісьменніцкаму майстэрству. У 1962 годзе перабраўся ў Мінск на сталае жыхарства.
Публікавацца пачаў яшчэ ў 1951 годзе. Праявіў сябе як пісьменнік, паэт, публіцыст, крытык і драматург. Аўтар раманаў, шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей, п’ес. Самыя вядомыя творы — «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зямля пад белымі крыламі».
Дзякуючы ягонай творчасці многія прыйшлі ў беларускую справу яшчэ за савецкім часам. Тэксты Караткевіча натхняюць да цікавасці сваёй мінуўшчынай, робяць чытачоў неабыякавымі да беларускай гісторыі і культуры. І літаральна прасякнуты дзівосным флёрам рамантыкі ды авантурызму.
Пайшоў з жыцця Уладзімір Сямёнавіч 25 ліпеня 1984 года пасля працяглай хваробы.
1932. Памёр Дамінік Сямашка
Гэты беларускі, літоўскі і польскі палітычны дзеяч нарадзіўся ў жніўні 1878 года ў Вільні. Паходзіў са збяднелай арыстакратыі. Паводле нацыянальнай прыналежнасці вызнаваў сябе беларусам.
Вучыўся ў віленскай Рэальнай гімназіі, адкуль быў выключаны за антыўрадавую дзейнасць. Меў прыязныя стасункі з польскімі рэвалюцыянерамі. У 1895 годзе перабраўся ў Львоў, які быў тады пад Аўстра-Венгрыяй. Там далучыўся да мясцовага рабочага руху, зазнаў пераслед паліцыі. Вымушаны быў пераехаць у Швейцарыю, дзе атрымаў інжынерную адукацыю.
Вярнуўшыся пасля ў Вільню, стварыў там пажарную каманду. У 1915–1918 гадах быў кіраўніком пажарнай аховы ў горадзе. Акрамя гэтага браў актыўны ўдзел у тагачасным палітычным жыцці.
Дамінік Сямашка — адзін з тых, хто верыў у магчымае адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага ў той або іншай канфігурацыі. У канцы красавіка 1918 года разам з Антонам Луцкевічам і Адамам Станкевічам у якасці прадстаўніка Рады БНР удзельнічаў у перамовах з прадстаўнікамі літоўскай Тарыбы.
З 1920 года выдаваў газету «Пагоня», якая выходзіла ў Коўна пад эгідай Міністэрства беларускіх спраў у Літве. Сам Сямашка пэўны час займаў пасаду міністра ў ім. У 1923 годзе, пасля ліквідацыі міністэрства, адышоў ад актыўнага грамадскага і палітычнага жыцця. Заснаваў і выдаваў часопіс «Літоўскі пажарны».
Пайшоў з жыцця ва ўзросце 54 гадоў ад запалення лёгкіх.