Прапануем Вам падборку знакавых дат на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
21 лютага
2000. Дзень роднай мовы
Міжнародны дзень роднай мовы быў зацверджаны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і з 2000 года адзначаецца 21 лютага. Галоўная ягоная мэта — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
У Міжнародны дзень роднай мовы ўсе мовы прызнаюцца роўнымі, таму што кожная з іх унікальным чынам адпавядае прызначэнню чалавека, і кожная ўяўляе жывую спадчыну, да якой мы павінны сур’ёзна ставіцца і аберагаць.
Важна памятаць, што нашая родная мова — беларуская. І як пісаў Якуб Колас: «Што раз памёрла, тое больш не жыве. А што жыве, тое не памёрла. Не называйце ж беларускай мовы „мёртваю моваю“».
22 лютага
1922. Нарадзіўся Іван Ціханаў
Знаны беларускі жывапісец з’явіўся на свет на расійскай Арлоўшчыне. Але далейшы ўвесь жыццяпіс мастака непасрэдна звязаны з Беларуссю.
Прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Адныя ўзнагароды сведчаць пра пакручасты вайсковы шлях Ціханава, які прайшоў усю вайну: медалі «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнінгсберга», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», ордэн «Чырвонай Зоркі» і два медалі «За баявыя заслугі».
Працаваў ва ўсіх жанрах станкавага жывапісу, а таксама ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Запомніўся бадай найперш раскрыццём вайсковай тэматыкі, але таксама і сюжэтамі з мірнага жыцця. У 1967 годзе стварыў партрэт Якуба Коласа.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Памёр у 1993 годзе.
23 лютага
1917. Пачатак Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі
Падзеі буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, якая скасавала Расійскую імперыю, пачаліся ў Петраградзе з выступаў працоўных і салдатаў, стомленых вайной.
Выступленні незадаволеных вельмі хутка перараслі ва ўзброенае супрацьстаянне ды прымусілі Мікалая II адмовіцца ад прастола на карысць свайго брата Міхаіла, які ўжо на другі дзень падпісаў маніфест аб адмове прыняць трон да адпаведнай пастановы Устаноўчага сходу.
Для беларусаў гэтыя падзеі адкрылі шлях да ўласнага нацыянальнага і дзяржаўнага вызначэння. Аднак трэба разумець, што Часовым урадам у гэтым кірунку не было зроблена ніякіх рашучых захадаў.
24 лютага
1935. Нарадзіўся Рыгор Барадулін
Будучы беларускі паэт з’явіўся на свет на хутары Верасоўка, які на Віцебшчыне. Вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1954 годзе, а потым паступіў на філалагічны факультэт БДУ.
Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Быў у складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР на 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1984 годзе.
Пакінуў вялікую літаратурную спадчыну. Вядомы не толькі сваімі вершамі, але таксама і эсэістыкай. Вельмі цікавымі і каштоўнымі сведчаннямі эпохі з’яўляюцца дзённікі Барадуліна, якія той вёў з 1950-х гадоў.
Памёр 2 сакавіка 2014 года ў Мінску.
25 лютага
1959. Памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі
Знаны беларускі архітэктар і палітычны дзеяч, стваральнік нацыянальнага сцяга, пайшоў з жыцця ў Вільні ва ўзросце 67 гадоў.
Цягам усяго жыцця Клаўдзій Дуж-Душэўскі быў актыўным дзеячам беларускага нацыянальнага руху, які не толькі словам, але і справай рабіў важнае для беларушчыны.
З 1920 года Дуж-Душэўскі пражываў у Ковенскай Літве, дзе рэдагаваў і выдаваў розныя выданні. А менавіта — «Беларускі сцяг» у 1922 годзе, разам з Вацлавам Ластоўскім «Крывіч» у 1923–1927 гадах, з 1933 года «Беларускі асяродак».
У часе нацысцкай акупацыі разам з жонкай займаўся ратаваннем яўрэяў, за што пасмяротна быў узнагароджаны ўрадам Літвы ў 2004 годзе.
26 лютага
1932. Пачала выдавацца газета «Літаратура і мастацтва»
Першы нумар газеты «творчай інтэлігенцыі Беларусі» пабачыў свет у гэты дзень у Мінску.
Варта адразу адзначыць, што ў пэўным сэнсе гэта быў неадназначны час у гісторыі БССР, паколькі ў культуры ўсёй тагачаснай савецкай дзяржавы наступіў пераломны момант.
Адным з выданняў, без перабольшання вядучым, стала «Літаратура і мастацтва». На яе старонках агучваліся ідэі і канцэпцыі, друкаваліся проза, паэзія і эсэістыка, публікаваліся адозвы класікаў і пачаткоўцаў, разгортваліся цікавыя літаратурныя дыскусіі, якія вызначалі далейшыя шляхі развіцця нацыянальнай літаратуры.
Відавочна, што без яе творчае жыццё беларусаў было б не такім яскравым.
27 лютага
1919. Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР
У хуткім часе пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі ў Смаленску бальшавікі пайшлі на даволі хітры ход. Паспрабавалі абвесціць супольную беларуска-літоўскую дзяржаву.
Магчыма, прагучыць смешна, але гэта была такая сабе не вельмі ўдалая спроба адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае ў «ленінскім» прачытанні. Спрыяла гэтаму тагачасная геапалітычная сітуацыя, а таксама наяўнасць дастатковай колькасці беларускіх кадраў для стварэння цалкам самастойнай беларускай сацыялістычнай рэспублікі.
Натуральна, што нічога вартага з гэтай задумы не атрымалася і не магло атрымацца. І ад гэтай задумы бальшавікі вымушаныя былі адмовіцца. А ўжо ў ліпені 1920 года, пасля выгнання палякаў з беларускай сталіцы, адбылося паўторнае абвяшчэнне БССР.
У міжваенны час менавіта 10 ліпеня адзначалася ў якасці своеасаблівага дня незалежнасці.
budzma.org