Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
22 жніўня
1899. Памёр Альгерд Абуховіч
Гэты беларускі літаратар паходзіў са шляхецкага роду Абуховічаў, які вядомы яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Нарадзіўся ён у 1840 годзе на Магілёўшчыне.
Атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Увосень 1852 года Альгерд Абуховіч паступіў у Слуцкую кальвінскую гімназію, якую вымушаны быў пакінуць праз два гады, не скончыўшы поўнага гімназічнага курсу.
Пасля гэтага ён шмат вандруе па Еўропе. Жыве ў Жэневе і Парыжы, дзе бачыцца з многімі вядомымі людзьмі свайго часу. У тым ліку і польскай эміграцыяй. У Жэневе ён прабыў 8 месяцаў: з восені 1858 года да вясны 1859-га. І наведваў там заняткі на факультэтах мясцовай кальвінскай акадэміі. Альгерд Абуховіч свабодна валодаў асноўнымі еўрапейскімі мовамі: французскай, італьянскай, англійскай, нямецкай, лёгка чытаў па-іспанску.
У 1862 годзе ён вяртаецца на радзіму, у сталіцу былога Вялікага Княства Літоўскага — Вільню, і далучаецца да паўстанцкага руху. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў яго пакаралі высылкай.
Пад канец жыцця пра арыстакратычнае паходжанне Альгерда Абуховіча нагадвала хіба што ягонае прозвішча. Язэп Дыла, наркам працы ў першым часовым урадзе БССР, так прыгадваў яго:
«Разам з Казімірам Аколавым ён прымаў удзел у паўстанні 1863 года. Пасля адбыцця кары і вяртання ў сям’ю ён паставіў пытанне, каб зямлю аддалі былым прыгонным — сялянам. Супроць Альгерда Абуховіча ўзнялася яго сям’я, родная сястра, што замужам была за Ёдкам, таксама і іншая радня. Паколькі Альгерд Абуховіч быў цвёрдым у сваім рашэнні, яму, пасля вострых спрэчак, прыгразілі абвяшчэннем яго вар’ятам. У тыя часы такія справы не былі навіною, і царская адміністрацыя падтрымлівала тых, хто хацеў уціхамірыць падобных бунтароў супраць «асноў грамадскага жыцця». Тады Альгерд Абуховіч выбраў са сваёй бібліятэкі самыя любімыя кнігі і пакінуў родны дом. Перш ён пабыў у свайго прыяцеля Расудоўскага (маёнтак Курганы), потым перабраўся ў Слуцк, каб карміцца там урокамі».
Рэч у тым, што Альгерд Абуховіч вучыў Язэпа Дылу ў маладыя гады. Менавіта Язэп Дыла не толькі пакінуў успаміны пра яго, жывучы пасля высылкі ў Саратаве, але падказаў таксама, дзе на слуцкіх могілках шукаць магілу пісьменніка.
23 жніўня
1917. Нарадзіўся Пімен Панчанка
Будучы беларускі паэт нарадзіўся ў Таліне 105 гадоў таму ў небагатай сялянскай сям’і. З 1920 года сям’я жыве ў Беларусі. З 1933 года ў Бабруйску.
Працаваў рабочым, вучыўся, служыў у войску. У 1939 годзе скончыў філалагічны факультэт Мінскага настаўніцкага інстытута. Дэбютаваў у друку яшчэ ў юнацкія гады.
Першая кніга паэта — зборнік вершаў «Упэўненасць», які пабачыў свет у 1938 годзе і ў якім усхвалялася хараство і багацце роднай зямлі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі. У 1973 годзе атрымаў званне Народнага паэта Беларусі.
Акрамя літаратурнай займаўся таксама і грамадскай дзейнасцю. У 1970-х гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Быў зацятым заўзятарам футбольнага клуба «Дынама Мінск».
Памёр 2 красавіка 1995 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
24 жніўня
1896. Нарадзіўся Янка Чарапук
Паходзіў з мястэчка Новы Двор на Гарадзеншчыне. Першую адукацыю атрымаў у Навадворскім гарадскім вучылішчы, пасля вучыўся ў Гарадзенскай мужчынскай гімназіі. У 1914 годзе скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу. І там жа паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта.
У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культурна-асветнай арганізацыі «Вольныя беларусы», супрацоўнічаў з украінскімі нацыянальнымі дзеячамі, сакратар пецярбургскага прадстаўніцтва Цэнтральнай украінскай рады.
Удзельнік Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны ў ліпені 1919 года. У снежні 1919 года кааптаваны ў склад Рады БНР, дзе пасля расколу падтрымаў пазіцыі ўрада Вацлава Ластоўскага. У 1921 годзе прызначаны сакратаром Дыпламатычнай місіі БНР у Коўна, удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе.
У 1922 годзе Янка Чапрук эміграваў у Амерыку. Жыў у Чыкага, дзе зрабіўся адным з лідараў беларускай дыяспары. Супрацоўнічаў з Язэпам Варонкам. Але ў адрозненне ад яго, да самай сваёй смерці ў лістападзе 1957 года прымаў актыўны ўдзел у жыцці грамады, выдаткоўваючы на гэта ў тым ліку і ўласныя сродкі з даволі сціплага даходу.
Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе, прыгарадзе Чыкага.
25 жніўня
1947. Памерла Алеся Александровіч
Беларуская акцёрка і спявачка нарадзілася 12 ліпеня 1904 года ў Мінску. Сястра паэта Андрэя Александровіча.
Яшчэ ў юнацкія гады прымала ўдзел у працы «Беларускай хаткi», вядомага аб’яднання беларускай моладзі ў 1916–1920 гадах. Пранiкнёна спявала песнi. Акцёр і тэатральны дзеяч Яўген Рамановiч пісаў: «Усiм нам Алеся ў тыя гады здавалася iдэальным увасабленнем беларускай дзяўчыны, якая нiбы сышла са старонак паэзii Янкi Купалы».
З 1920 года працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатры. Сябравала з Міхасём Чаротам, стала першай выканаўцай ролі Алесі ў музычнай драме «На Купалле» у БДТ, якая была напісаная аўтарам адмыслова для яе. З пачатку 1920-х была знаёмая з Янкам Купалам. Улетку 1933-га на яе запрашэнне Купала з жонкай адпачываў у Капылі ў мужавых бацькоў. Жонка Міхаіла Мароза.
У 1928 годзе скончыла БДУ. Займалася складаннем падручнікаў «Кніга для чытання ў першым класе», «Хрэстаматыя па літаратуры» для 3 і 4 класаў, «Родная краіна» для 4 класа і чытанне для 7 класа «Родная літаратура». Перакладала на беларускую мову кнігі для дзяцей. Пасля вайны працавала ў Лiтаратурным музеi Янкi Купалы.
Заўчасна пайшла з жыцця ў Мінску 25 жніўня 1947 года ва ўзросце 43 гадоў.
26 жніўня
2021. Памёр Алесь Разанаў
Будучы вядомы беларускі паэт нарадзіўся у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям’і служачых.
У 1966 годзе скончыў Сялецкую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У кастрычніку 1968 года Алесь Разанаў разам са жменькай аднадумцаў пачалі збор подпісаў, каб на беларускім аддзяленні філфака БДУ ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Пад тым патрабаваннем падпісалася некалькі сотняў чалавек, а сам факт яго з’яўлення выклікаў вялікі розгалас.
У 1969 годзе Алесь Разанаў перавёўся ў Берасцейскі педагагічны інстытут, які скончыў у 1970 годзе. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, служыў у Савецкай Арміі. З 1972 года жыў і працаваў у Мінску — быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», а таксама бюлетэня «Родная прырода». У 1974–1986 гадах — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
З вершамі ў друку ўпершыню выступіў у 1961 годзе. Аўтар цэлага шэрагу кніг. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы ў 1990 годзе за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы».
Не так даўна стала вядома, што да 2025 года мае пабачыць свет том выбранай паэзіі Алеся Разанава ў знакамітай серыі «Беларускі кнігазбор».
27 жніўня
1937. Расстрэлы археолагаў
Мы многа ведаем аб сталінскіх рэпрэсіях у дачыненні да тых, хто займаўся беларускай культурай, але мала ведаем пра навукоўцаў. У гэты дзень 85 гадоў таму фактычна была расстраляная беларуская археалогія.
Былі пакараныя смерцю такія беларускія археолагі, як Аляксандр Ляўданскі, Сяргей Дубінскі і Аляксандр Каваленя.
Аляксандр Ляўданскі родам з Барысаўшчыны, вучыўся ў Смаленску, з 1927 года жыў у Менску. Працаваў у Інбелкульце, а таксама аддзеле археалогіі Беларускага дзяржаўнага музея. З 1931 года вучоны сакратар, загадчык секцыі археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Першы выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам.
Сяргей Дубінскі скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт яшчэ перад Першай сусветнай вайной. У Мінску жыў і працаваў з 1924 года. Ад 1928 года навуковы супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 года працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. Першы раз быў арыштаваны летам 1930 года па справе неіснуючага «Саюза вызвалення Беларусі», але ў хуткім часе вызвалены. Падрыхтаваў і выдаў у 1933 годзе першую «Бібліяграфію па археалёгіі Беларусі і сумежных краін».
Аляксандр Каваленя скончыў БДУ у 1929 годзе. Яшчэ студэнтам удзельнічаў у раскопках старажытнага Турава. Ад 1932 года навуковы супрацоўнік секцыі археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Даследаваў найстаражытнейшыя чалавечыя стаянкі часоў палеаліту на тэрыторыі беларусі — Бердыж і Юравічы. Займаўся вывучэннем старажытнага Менска.
Усе тры пералічаныя археолагі былі аўтарамі трохтомнага выдання «Працаў» — навуковага зборніка Інстытута беларускай культуры, які быў прысвечаны археалогіі. Кожны з іх зрабіў істотны ўнёсак у справу вывучэння беларускай мінуўшчыны.
28 жніўня
1919. Адкрыццё ўніверсітэта Стэфана Баторыя
У гэты дзень у Вільні адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта Стэфана Баторыя, які быў створаны на месцы былога Віленскага ўніверсітэта.
Ілюстрацыя: фотаздымак з часопіса «Студэнцкая думка» № 3, 1930.
Віленскі ўніверсітэт у сваю чаргу паўстаў у 1578 годзе на базе Віленскага езуіцкага калегіума, які быў створаны ў лютым 1550 года.
Універсітэт стаў найбуйнейшым асветніцкім цэнтрам у рэгіёне, які даваў дыпломы ва ўсіх кірунках ведаў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Віленскі ўніверсітэт працягнуў працу: да 1823 года стаў найбуйнейшым універсітэтам у імперыі, які па колькасці студэнтаў пераўзыходзіў нават Оксфард.
У 1819-м універсітэт быў пазбаўлены права прысваення вучоных ступеняў магістра і доктара, а ў 1821-м было забаронена выдаваць нават кандыдацкія дыпломы. Універсітэт збіраў у сваіх сценах вальнадумную моладзь, акурат тут працавалі таварыствы філаматаў і філарэтаў. Гэта справакавала хвалю рэпрэсіяў і арыштаў: больш за сотню студэнтаў аддалі пад суд, у тым ліку Адама Міцкевіча.
Універсітэт увайшоў у гісторыю як інкубатар нацыянальнай эліты: польскай, літоўскай і беларускай. Сярод яго вядомых навучэнцаў — Ігнат Дамейка, Юзаф Крашэўскі, Томаш Зан, Тэадор Нарбут, Чэслаў Мілаш, Юльюш Славацкі, Ян Чачот і многія іншыя.
У снежні 1920 года ва Універсітэце Стэфана Баторыя быў створаны Беларускі студэнцкі саюз. Дэвізам саюза быў выраз «Айчына і Навука», ну а друкаваным органам — часопіс «Студэнцкая думка».