Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
24 студзеня
1931. Нарадзіўся Міхась Мушынскі
Будучы знаны гісторык беларускай літаратуры нарадзіўся ў сям’і служачага-чыгуначніка ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна.
У 1955 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў спачатку рэдактарам выдавецтва БДУ, а потым у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук. З 1973 года сябра Саюза пісьменнікаў БССР.
Даследаваў творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы і Міхася Зарэцкага.
Уклаў абсалютна ўнікальную кнігу «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа», якая пабачыла свет 10 гадоў таму. Грувасткае даследванне, дзе зафіксаваны даты стварэння і выхаду тых ці іншых твораў, выступы, паездкі, удзел у мерапрыемствах, складае больш за тысячу старонак.
Памёр Міхась Мушынскі 8 чэрвеня 2018 года ў Мінску.
25 студзеня
1938. Памёр Тамаш Грыб
Вядомы беларускі грамадска-палітычны і культурніцкі дзеяч нарадзіўся 7 сакавіка 1895 года ў вёсцы Паляны каля Свянцян. Цяпер гэта тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі.
Паходзіў з беднай сялянскай сям’і. Навучаўся ў Пецярбургскім псіханеўралагічным інстытуце, дзе зблізіўся з беларускім рухам. Браў удзел у Першай сусветнай вайне.
Актыўны ўдзельнік Першага Усебеларускага з’езда, адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР. Уваходзіў у Народны сакратарыят Беларусі — урад БНР, дзе займаў пасаду міністра ўнутраных справаў. Адзін са стваральнікаў у 1918 годзе і лідараў партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
З 1921 года жыў у Празе, прымаў удзел у дзейнасці ўрада БНР. Там жа і памёр.
Цікавы факт: калі ў Смаленску ў 1919 годзе абыла абвешчана ССРБ, Тамаш Грыб адгукнуўся на старонках газеты «Грамадзянін» кампліментарным артыкулам.
26 студзеня
1990. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах»
У гэты дзень беларуская мова набыла статус адзінай дзяржаўнай на тэрыторыі Беларусі, якая на той момант яшчэ ўваходзіла ў склад СССР. А потым і ў новапаўсталай Рэспубліцы Беларусь.
Папярэднічала гэтаму доўгая і карпатлівая праца. Аўтары закона дэталёва вывучалі досвед папярэднікаў — тых, хто стаяў за беларусізацыяй, якая адбывалася ў краіне ў 1920-х гадах. Тады, як памятаем, у БССР было ажно чатыры дзяржаўныя мовы.
Следам за прыняццем гэтага закона разгарнулася і практычная дзейнасць. Так, у траўні 1990 года Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны супольна з Міністэрствам народнай адукацыі БССР правяло навукова-практычную канферэнцыю «Дзяржаўнасць беларускай мовы: праблемы і шляхі ажыццяўлення».
У верасні таго ж года была зацверджана «Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР», якая прадугледжвала правядзенне ў 1990–2000 гадах комплексу мерапрыемстваў, скіраваных на выкананне гэтага закона.
З 1995 года ў Рэспубліцы Беларусь дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская.
27 студзеня
1913. Першая пастаноўка знакамітай «Паўлінкі»
П’еса Янкі Купалы была пастаўлена Алесем Бурбісам у Вільні сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў рабочым клубе «Сокал».
Сама ж двухактавая камедыя была напісана годам раней і пабачыла свет асобным выданнем у Санкт-Пецярбургу ў знакамітым выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца», якое займалася прамоцыяй тагачаснай беларускай культуры.
Гісторыя пра тое, як няўрымслівая дзяўчына хоча пабрацца шлюбам насуперак бацькоўскай волі. Гэта была не толькі першая камедыя, якую напісаў Янка Купала, але і першая п’еса ў яго бібліяграфіі.
Праз паўтары гады пасля першай пастаноўкі купалавую «Паўлінку» пабачылі і ў Беларусі, на Астравеччыне. На паказе прысутнічаў не толькі сам аўтар, але і Паўліна Мядзёлка, якая выконвала ролю Паўлінкі. Менавіта ёй і быў прысвечаны гэты твор.
28 студзеня
1588. Зацверджаны Трэці Статут ВКЛ
Асновай для новай рэдакцыі асноўнага зводу законаў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага былі папярэднія рэдакцыі Статута 1529 і 1566 гадоў.
Таксама крыніцамі гэтай версіі літоўскага статута былі звычаёвае беларускае, літоўскае, украінскае права, мясцовая юрыспрудэнцыя, польскія судовыя кодэксы і кодэксы іншых дзяржаваў.
Быў падрыхтаваны кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Астафія Валовіча і падканцлера Льва Сапегі.
Статут абвяшчаў ідэю прававой дзяржавы, то-бок такога парадку, калі ўсе органы і службовыя асобы павінны ў сваёй дзейнасці кіравацца толькі правам.
Палажэнні Статута дзейнічалі на землях Беларусі, Літвы і Украіны нават пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі да сярэдзіны XIX стагоддзя.
Усе тры рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага былі напісаны на старабеларускай мове традыцыйнай кірыліцай.
29 студзеня
1864. Арыштаваны Кастусь Каліноўскі
Пасля фактычнай паразы паўстання 1863 года лідару паўстання ў Літве і ў Беларусі доўгі час удавалася пазбегнуць арышту. Многія ягоныя паплечнікі былі або ўжо арыштаваныя, або вымушаныя пакінуць радзіму.
Каліноўскі, у спадзеве на яшчэ адну спробу паўстання, заставаўся ў Вільні. Ён жыў на кватэры ў Святаянскіх мурах, комплексе будынкаў зачыненага царскімі ўладамі Віленскага ўніверсітэта, пад імем Ігнат Вітажэнец.
Магчыма, яму так і ўдалося б застацца на волі, калі б не адзін з паўстанцаў, які выдаў імя і меркаванае месца пражывання Каліноўскага. Затрымліваць лідара паўстанцаў былі адпраўленыя дзве роты салдат, якія ачапілі ўвесь квартал.
А ўжо 22 сакавіка таго ж года на плошчы Лукішкі ў Вільні «дыктатар Літвы» быў пакараны смерцю.
30 студзеня
1922. Заснаваны Інстытут беларускай культуры
У гэты дзень роўна сто гадоў таму ў гісторыі Беларусі з’явілася першая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова, з якой потым паўстала Акадэмія навук.
Інбелкульт быў заснаваны па ініцыятыве вядомага беларускага навукоўца Сцяпана Некрашэвіча, які і стаў першым кіраўніком гэтай установы. Сама ж яна была адным з галоўных лакаматываў таго часу, які рухаў беларускую культуру і навуку наперад.
У складзе Інбелкульту дзейнічалі разнастайныя камісіі. Яны займаліся вывучэннем і развіццём гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, антрапалогіі, мовазнаўства, мастацтвазнаўства, краязнаўства, геалогіі, геаграфіі ды іншых навуковых дысцыплін.
Правадзейнымі сябрамі гэтай установы ў розны час былі вядомыя беларускія культурніцкія дзеячы і навукоўцы: Яўхім Карскі, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла ды многія іншыя.
Менавіта на базе Інбелкульту ўвосень 1926 года адбылася знакамітая канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая сабрала не толькі знаных беларусаў замежжа, але і вядомых навукоўцаў.
У 1929 годзе Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі.
Л. Г., budzma.org