Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
28 лістапада
1923. Заснаваны «Маладняк»
Познім вечарам у будынку «Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі» сабралася 6 літаратараў, які стварылі першую пісьменніцкую арганізацыю ў Беларусі — «Маладняк».
Ужо з самой назвы зразумела, што збіраць пад сваімі сцягамі яны вырашылі менавіта моладзь. Самы старэйшы з іх быў Міхась Чарот, якому споўнілася 27 гадоў, самы маладзейшы — Алесь Дудар, якому неўзабаве споўнілася 19 гадоў. Астатнія — гэта Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка і Язэп Пушча.
За два першыя гады існавання арганізацыі колькасць сябраў вырасце да паўтысячы, а маладнякоўскія філіі з’явяцца ў Бабруйску, Слуцку, Оршы, Віцебску, Полацку, Магілёве ды іншых гарадах і мястэчках. У тым ліку нават у Маскве, дзе стала жыў Уладзімір Дубоўка.
У 1926 годзе з «Маладняка» са скандалам выйдуць літаратары, якія хацелі чагосьці большага, чым проста схематычна апяваць «пралетарскую» справу. Так з’явіцца яшчэ адно літаратурнае аб’яднанне пад красамоўнай назвай «Узвышша». Ля яго вытокаў стаялі Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва і Язэп Пушча.
Былыя «маладнякоўцы» Паўлюк Шукайла і Ян Скрыган створаць летам 1927 года сваю «Літаратурна-мастацкую камуну», якая будзе выдаваць уласны альманах «Росквіт» і прэтэндаваць на званне футурыстаў. А ў канцы таго ж года з’явіцца «Полымя» — яшчэ адна суполка, у межах якой аб’яднаюцца маладыя выхадцы з «Маладняка» з пісьменнікамі старэйшага веку — Цішкам Гартным, Якубам Коласам, Янкам Купалам ды іншымі.
У канцы 1920-х гадоў «Маладняк» канчаткова спыніць сваё існаванне, а многія з яго сябраў зведаюць рэпрэсіі ў 1930-я гады.
29 лістапада
1828. Нарадзіўся Міхал Грушвіцкі
З’явіўся на свет гэты беларускі кампазітар у сям’і старшыні Мінскага межавога суда ў вёсцы Выганічы.
Скончыў Дваранскі інстытут у Вільні. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, які праз хваробу быў вымушаны пакінуць. Напісаў кантаты паводле паэмы Адам Міцкевіча «Дзяды» і твораў Уладзіслава Сыракомлі. Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.
Міхал Грушвіцкі ўвасабляў сабой вобраз вандроўнага лірніка — музыкі, які грае на колавай ліры, аб чым сведчыць яго надмагільны надпіс:
«Тут памёр наш вясковы лірнік, граючы на ліры.
Божа, прымі яго да сваёй хвалы».
Яго адлюстраваў у сваёй творчасці вядомы мастак і гравёр той пары Міхал Андрыёлі. А малады Янка Купала адзін са сваіх вершаў «Жальцеся, грайкія струны...» 1909 года прысвяціў вандроўным лірнікам.
Апошнія гады Міхал Грушвіцкі пражыў у Ракаве, дзе і памёр 5 сакавіка 1904 года. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.
30 лістапада
1427. Нарадзіўся Казімір Ягелончык
Вялікім князем літоўскім Казімір Ягелончык, або як яго яшчэ завуць, Казімір Ягайлавіч, быў з 29 чэрвеня 1440 года.
Пры ім атрымалі далейшае развіццё працэсы, якія распачаліся яшчэ пры Вітаўце Вялікім: умацаванне ролі правіцеля ў жыцці княства, ягоная цэнтралізацыя, станаўленне прававых стасункаў.
Пашыралася шляхецкая дэмакратыя, павялічваўся ўплыў магнатаў і шляхты, многія з якіх пачалі атрымліваць высокія дзяржаўныя пасады і буйныя зямельныя ўладанні. Прычым не толькі за вайсковыя заслугі, але і за адданую службу гаспадару.
Запомніўся Казімір Ягелончык таксама і тым, што ў траўні 1447 года выдаў прывілей, які не толькі істотна пашыраў правы баяраў, але фактычна паклаў пачатак запрыгоньванню сялян у Вялікім Княстве Літоўскім.
Менавіта ў гэтым дакуменце ўпершыню зафіксавана абмежаванне сялянаў у правах, а ўжо Статут 1588 года канчаткова зафіксаваў поўнае падпарадкаванне селяніна пану. Гэтае падпарадкаванне перарасло ў Рэчы Паспалітай у вельмі суворую форму, якая так і называлася — «прыгон».
Пайшоў з жыцця ў чэрвені 1492 года ў Гародні.
1 снежня
1920. Створаны Беларускі студэнцкі саюз
У гэты дзень ва Універсітэце Стэфана Баторыя быў створаны Беларускі студэнцкі саюз. Дэвізам саюза быў выраз «Айчына і Навука».
Годам раней, у жніўні 1919 года, у Вільні адбылося ўласна ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта, які быў створаны на месцы былога Віленскага ўніверсітэта. Адукацыйная ўстанова стала найбуйнейшым асветніцкім цэнтрам у рэгіёне, дзе можна было атрымаць дыплом ва ўсіх кірунках ведаў.
Першапачаткова саюз называўся «Гуртком студэнтаў беларусаў», а ўжо ў 1921 годзе займеў сваю канчатковую назву. Галоўнымі мэтамі БСС лічыў аб’яднанне сваіх сяброў на грунце духоўных і маральных каштоўнасцей, заахвочванне іх да самаадукацыі, навуковага пазнання Беларусі, выхавання нацыянальнай самасвядомасці народа.
Сябры саюза чыталі лекцыі, у якіх распавядалі аб гісторыі і культуры беларусаў. Ужо з адных толькі назваў зразумела, аб чым гаворка: «Беларусы як народ», «Беларусь у мінулым і сягоння», «Мы і наша бацькаўшчына». Уздымаліся таксама і актуальныя для беларускай грамады праблемы: «Чаму дамагаемся беларускай школы?», «Патрэба асветы на вёсцы», «Значэнне тэатра для грамадства».
Акрамя лекцыяў ладзіліся вечарыны, тэтральныя пастаноўкі, суботнікі ды іншыя культурніцкія мерапрыемствы. Некаторыя з сябраў саюза бралі таксама актыўны ўдзел у палітычным жыцці Заходняй Беларусі. Меўся і друкаваны орган — часопіс «Студэнцкая думка».
Спыніў існаванне Беларускі студэнцкі саюз увосень 1939 года пасля закрыцця ўніверсітэта.
2 снежня
1902. Нарадзіўся Анатоль Вольны
Насамрэч яго звалі Анатоль Ажгірэй. З’явіўся на свет у Пухавічах у сям’і начальніка ігуменскай пошты. Вучыўся ў мінскай гімназіі Фальковіча і Зубакіна, дзе пасябраваў з Алесем Дударом. У 1920 годзе пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, браў удзел у вайне з палякамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1921 годзе працаваў у ЦК камсамола. Вучыўся ў БДУ.
Друкавацца пачынаў з вершамі, але сцвердзіўся ў літаратуры хутчэй як празаік. Аўтар вялікай колькасці гумарэсак, які публікаваліся на старонках «Савецкай Беларусі». Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага рамана ў беларускай літаратуры — раманы «Ваўчаняты» і «Два». Таксама выступаў у ролі кінасцэнарыста і драматурга. Пісаў прозу таксама пад псеўданімам «Алёша».
Разам з Алесем Дударом быў у ліку тых 6 чалавек, што ў канцы лістапада 1923 года стварылі літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». У гэты час быў вельмі актыўны на літаратурнай ніве. У канцы 1927 года зноў жа разам з сваім сябрам увойдзе ў яшчэ адно літаратурнае аб’яднанне — «Полымя», якое паяднае маладзейшае пакаленне пісьменнікаў са старэйшым.
Арыштаваны ў 1936 годзе. Расстраляны ў Мінску ў ноч 29 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны ў снежні 1957 года.
3 снежня
1586. У Англію з Амерыкі ўпершыню завезеная бульба
Як ведаем з курсу сусветнай гісторыі, у кастрычніку 1492 года Хрыстафор Калумб адкрыў Амерыку. Сёння ў Іспаніі гэты дзень адзначаецца як Дзень іспанскага міру. Далей пачалося засваенне кантынента іншымі краінамі.
Даволі дзіўна, што ні адна, ні другая дата ніяк асабліва і не згадваюцца ў Беларусі, бо бульба займае пачэснае месца ў нашым фальклоры і кухоннай традыцыі. Само слова «бульба» паходзіць ад старой назвы тапінамбура — «бульва». Тапінамбур быў пашыраны ў Рэчы Паспалітай і выцеснены бульбай толькі ў канцы XVIII стагоддзя. Назва проста перакачавала ад адной расліны да іншай.
Бульба ў нас мае шмат дыялектных назваў: канцадалы, картопля, картохля, кунада, курдопа, кардока, картошка, картохі, карточка... Але эталонным варыянтам усё ж стала «бульба». Дарэчы, тое самае і ў літоўцаў — bùlvė. Расейцы і ўкраінцы ўжываюць назвы, якія ўтвораны ад нямецкага Kartoffel.
Як бульба ў нас стала папулярнай? Бо простая ў вырошчванні і захаванні, танная і можа даваць добры ўраджай. Бульба ратавала і ў галодныя гады: вясной можна было збіраць на полі мінулагоднія бульбіны. Калі ўсё зусім кепска, то суп можна зварыць нават з бульбянога лушпіння...
Сёння бульба — гэта сапраўдны беларускі «другі хлеб».
4 снежня
1912. Нарадзіўся Аляксей Русецкі
Сапраўднае прозвішча паэта — Бурдзялёў. З’явіўся на свет у сялянскай сям’і ў мястэчку Студзянец на Магілёўшчыне. З малых гадоў дапамагаў бацьку па гаспадарцы. Вучыўся ў пачатковай школе, Касцюковіцкай сямігодцы і Аршанскім педтэхнікуме. У 1935 годзе скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны інстытут. Пасля быў камандзіраваны ва Узбекістан, па якім вандраваў. Служыў у Чырвонай Арміі.
У Мінску жыў са студзеня 1938 года. З 1942 года быў на фронце. Служыў начальнікам палявой лабараторыі на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. У беларускую сталіцу вярнуўся толькі ў 1947 годзе. Пасля вайны працаваў у пісьменніцкім саюзе, а таксама ў рэдакцыях часопісаў «Беларусь» і «Полымя».
Пісаць і публікавацца пачаў яшчэ ў пачатку 1930-х, але першая кніга «У заўтрашні свет» пабачыла свет толькі ў 1951 годзе. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў беларускай паэзіі.
Пайшоў з жыцця ў чэрвені 2000 года.
* * *
Няўжо ў нябыт,
і не мінуць нябыту?
Няўжо нам лёс
прызначаны санскрыту?
Шумела хваляй,
гаманіла мова —
сышла ў зямлю,
каб стаць падземным морам;
і толькі ціха
з-пад напластавання
стагоддзяў скамянелых
дзесь крынічыць
жывым струменем,
чыстым, таямнічым,
знямелай мовы
сумнае паданне.