Каляндар з 3 па 9 красавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. 

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


3 красавіка

105 гадоў таму, 3 красавіка 1918 г., Народным Сакрытарыятам асветы БНР былі адкрыты курсы беларусазнаўства ў Мінску

11.jpg

Выклікана гэта было тым, што неабходна было павялічыць колькасць настаўнікаў — многія, хто меў профільную адукацыю былі або мабілізаваныя ў войска і знаходзіліся на фронце, або былі далёка за межамі Беларусі. А для арганізацыі адукацыйнага працэсу патрэбныя былі і адэкватныя кадры.

Лекцыі на іх чыталі вядомыя беларускія дзеячы таго часу: па гісторыі — Усевалад Ігнатоўскі, па геаграфіі — Аркадзь Смоліч, па беларускай літаратуры — Тамаш Грыб, па эканоміцы — Аляксандр Уласаў. Курсы былі бясплатныя і займалася на іх 200 чалавек. Грошы на іх функцыянаванне выдзяляла Мінская гарадская дума па 200 рублёў на месяц.

Скончыліся яны ў сярэдзіне чэрвеня 1918 года. А ўжо ў верасні пачнуць працу Беларускія настаўніцкія курсы і курсы беларусазнаўства для настаўнікаў гарадской пачатковай школы.

4 красавіка

1863. Разам з паплечнікамі забіты Юльян Бакшанскі

12.jpg

Юльян Бакшанскі — гэта адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне. 

Ён быў камандзірам невялікага паўстанскага атрада, які налічваў некалькі дзясяткаў чалавек. Асноўны від узбраення — паляўнічыя стрэльбы і косы. У выніку зацятага бою з царскімі войскамі, які адбыўся ў ваколіцах вёскі Свечкі, паўстанцы былі разбітыя. 

Сам Юльян Бакшанскі быў забіты разам са сваімі паплечнікамі — Рафалам Малішэўскім, Людвікам Ямантам, Леапольдам Панькоўскім і пятнаццацігадовым гімназістам Сулістроўскім. Некалькі чалавек было цяжка паранена і ўзята ў палон, рэшта разбеглася.

Многія падаліся на Меншчыну, бо ў зоне дзеянняў атрада Бакшанскага сяляне не проста не спачувалі паўстанцам, але і актыўна выступалі супраць іх: дабівалі параненых, лавілі і выдавалі царскім жандарам ацалелых. 

Пахаваны Юльян Бакшанскі на старых могілках вёскі Плябань.


5 красавіка

1573. Генрых Валуа быў абраны каралём Рэчы Паспалітай

13.jpg

Пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста ў ліпені 1572 года спыніла сваё існаванне дынастыя Ягелонаў. Таму арыстакратыя Рэчы Паспалітай мусіла абраць сабе новага ўладара, якім пасля пазачарговага сойму стаў французскі прынц Генрых Валуа. 

Выбар быў больш чым дзіўны, але насамрэч яго лёгка патлумачыць — на гаспадарства прэтэндавалі Іван Грозны, а таксама эрцгерцаг Эрнст Габсбург. І пераборлівая знаць доўга не магла вырашыць, а хто мае ёй кіраваць. У выніку звярнулі ўвагу на фаварыта старога караля, які перад смерцю кампліментарна адгукаўся пра сына французскага караля Генрыха II і знакамітай Кацярыны Медзічы. 

Генрых Валуа быў чалавекам цікавым — быў фізічна развіты, разбіраўся ў мастацтвах, любіў эксцэнтрычна апранацца. Магчыма, з гэтай прычыны і пагадзіўся на карону, бо ў той час Рэч Паспалітую еўрапейцы лічылі краем варвараў. Пасля абрання каралём у хуткім часе ён быў абраны і меланхоліяй, і ён проста збег назад у Парыж. 

Пазней Валуа казаў, што некалькі месяцаў уладарання Рэччу Паспалітай былі самым сумным перыядам ягонага жыцця. 


6 красавіка 

1938. Нарадзіўся Іван Загрышаў

14.jpg

Гэты сапраўдны руплівец даўніны і вядомы музеязнаўца з 1963 па 1998 год працаваў у Дзяржаўным гістарычным музеі, які цяпер называецца Нацыянальным гістарычным. Быў нават дырэктарам гэтай установы. Уваходзіў таксама ў рэдакцыйную калегію гістарычнага часопіса «Спадчына». 

Разам з тым Іван Паўлавіч быў не проста чыноўнікам ад гісторыі, але і вялікім аматарам беларускай старасвеччыны. Ён уласнаруч рабіў копіі кніг, якія былі неабходныя для прафесійнай дзейнасці, але якія цяжка было адшукаць у бібліятэках. 

Таксама неабыякавы быў Іван Загрышаў і да актуальнай беларускай культуры. У пачатку 1980-х гадоў саматужна зрабіў кнігу Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», падшыўшы публікацыі з часопіса «Маладосць». Раман выходзіў тады часткамі ў гэтым выданні, і многія чытачы збіралі часткі ў адзінае цэлае. 

Пайшоў з жыцця Іван Загрышаў у 2017 годзе.



7 красавіка 

1876. Нарадзіўся Іларыён Свянціцкі 

15.jpg

Гэты знакаміты ўкраінскі вучоны быў не толькі стваральнікам і першым дырэктарам Нацыянальнага музея ў Львове, але і адным з пачынальнікаў беларусістыкі ва Украіне. 

Навуковец звярнуў увагу на новую беларускую літаратуру яшчэ на самым пачатку так званага «нашаніўскага» перыяду — у 1908 годзе спачатку ў львоўскай газеце «Діло», а потым і асобнай кнігай пабачыла свет яго даследаванне «Адраджэнне беларускага пісьменства». Праўда, яно было амаль адразу ж канфіскавана ўладамі, бо цытаваліся там вершы беларускіх аўтараў з выразна рэвалюцыйным зместам. 

Таксама вядомыя яго працы «Асновы адраджэння беларускага пісьменства» 1913 года і «Росквіт культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» 1928 года.

Іларыён Свянціцкі быў уладальнікам вялікай колькасці беларускіх кнігі, якія былі прысвечаны самым розным сферам. У тым ліку ў ягоным кнігазборы меўся асобнік «Вянка» Максіма Багадновіча, які пабачыў свет у Вільні ў 1913 годзе і быў дасланы яму на рэцэнзію. Сваю калекцыю даследчык падараваў Львоўскай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка Акадэміі навук Украіны.

Пайшоў з жыцця Іларыён Свянціцкі ў 1956 годзе. 



8 красавіка 

1958. Нарадзіўся Сяргей Чарановіч

16.jpg

Гэты беларускі мастак, літаратар, педагог і краязнаўца з’явіўся на свет у мястэчку Шарашова на Берасцейшчыне. Скончыў факультэт графічнага дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Сябра Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў Беларусі.

Працуе Сяргей Чарановіч у галіне кніжнай графікі, жывапісу і фатаграфіі. У свой час ён супрацоўнічаў з выдавецтвамі «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», «Вышэйшая школа» і іншымі. Многія ягоныя работы адзначаны ўзнагародамі. 

Таксама ён з’яўляецца аўтарам дызайну знака «Тысяча гадоў праваслаўнай царквы на Беларусі» і адным са стваральнікаў герба Ляхавічаў, які быў зацверджаны ў 1992 годзе. 

Сяргей Чарановіч шчыруе таксама на ніве краязнаўства — з-пад яго пяра выйшла кніга «Легенды і паданні Ляхавіцкага краю», а таксама турыстычныя буклеты-даведнікі «Грушаўка» і «Сцежкамі роднага краю. Ляхавіцкі раён».


9 красавіка 

1802. Памёр Францішак Станіслаў Гутэн-Чапскі

17.jpg

Гутэн-Чапскія — вядомы шляхецкі род герба «Ляліва» ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. 

Паводле некаторых даследчыкаў і саміх прадстаўнікоў рода, яго гісторыя налічвае больш за тысячу гадоў. Чапскія заўсёды лічылі сябе выхадцамі з Прусіі, а першая згадка аб Гутэнах прыпадае на 930 год. Адным з першых прадстаўнікоў гэтага роду называецца Эрэнрэйх фон Гутэн, які быў маршалам германскіх войскаў і разам з Генрыхам Птушкаловам Саксонскім ваяваў супраць гунаў. 

Прыкладна ў 1121 годзе нашчадкі Эрэнрэйха фон Гутэна атрымалі тытул графаў Свяшчэннай Рымскай імперыі і герб "Ляліву«— адзін з самых загадкавых і малавывучаных. Гербавым дэвізам Гутэнаў былі словы «Vіtаm раtrіае, hоnоrеm nеmіnі», што азначала «Жыццё — Айчыне, гонар — нікому». 

За барацьбу з прусамі былі залічаны ў лік польскіх рыцараў. Пазней Гутэны перамясціліся на ўсходнія землі. Каля 1400 года Ягайла за заслугі перад польскай дзяржавай наблізіў Гутэнаў да польскага двара. На беларускіх землях яны рассяліліся ў ХVІ стагоддзі.

Францішак Станіслаў Гутэн-Чапскі быў дзяржаўным дзеячам Рэчы Паспалітай. З 1752 года ён быў Холмінскім падкаморным, з 1762 года кашталянам, а ў 1766–1772 гадах ваяводам. Дзякуючы шлюбу з Веранікай, дачкой Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі, атрымаў ва ўладанні Станькава і Вязань з навакольнымі вёскамі. 

Станькава потым стане родавым гняздом Чапскіх.