• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • «Пра тэхналогіі і не толькі»
  • Афіша
04.07.2022 | Культура Каляндар

Каляндар з 4 па 10 ліпеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.



4 ліпеня

1952. Памёр Язэп Варонка

varonka.jpg

Будучы беларускі палітычны дзеяч нарадзіўся ў 1891 годзе. Аб ягоным дзяцінстве ды раннім юнацтве вядома не надта шмат. Вучыўся ў Пецярбургу, які быў на той момант цэнтрам прыцягнення беларускай моладзі, якая жадала атрымаць добрую адукацыю. 

Друкавацца пачынаў у тагачасных расійскіх газетах і часопісах пад псеўданімам Юрый Вегаў. У 1917 годзе стаў сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Спачатку прадстаўляў беларускія інтарэсы ў Расіі, з часам перабраўся ў Мінск. Быў камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, а ў 1918 годзе — старшынём Народнага сакратарыяту. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР.

У кіраўніцтве БНР займаў розныя пасады. Не прызнаваў легітымнасць другога ўрада, які быў сфармаваны летам 1918 года Раманам Скірмунтам. Пасля канчатковага расколу паміж дзеячамі БНР перабраўся ў Коўна, дзе пабыў міністрам беларускіх справаў пры кіраўніцтве Літоўскай Рэспублікі ў 1918–1920 гадах. Рэдагаваў некалькі часопісаў, пісаў брашуры. Напрыклад, зрабіў кароткі агляд пад назвай «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году». 

Быў ці не першым беларускім палітыкам, які эміграваў у ЗША. Зрабіў гэта яшчэ ў 1923 годзе. Прагматык па натуры, ён не бачыў перспектываў у валтузні «на кантыненце». За акіянам займаўся дыяспарнымі справамі, выдаваў газету, часам выступаў на радыё, але ўжо не лез у палітыку. 

Пайшоў з жыцця ў Чыкага, дзе і пражываў апошнім часам.

5 ліпеня

1772. Трактат аб Першым падзеле Рэчы Паспалітай

padziel.jpg

У гэты дзень, 250 гадоў таму, у Пецярбургу быў падпісаны трактат аб Першым падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстра-Венгрыяй і Прусіяй. 

Тры вялікія еўрапейскія манархіі — Расійская імперыя, Аўстрыйская імперыя і Прускае каралеўства фактычна паставілі краіну, якая знаходзілася ў стане глыбокага палітычнага крызісу, перад фактам аб яе падзеле. У выніку падзелу ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.

Цікава, што ўказ Кацярыны ІІ аб стварэнні Магілёўскай губерні быў падпісаны яшчэ да ўхвалення гэтага трактату ў чэрвені і да пачатку ўласна анексіі краінамі-ўдзельніцамі, якая адбудзецца толькі ў жніўні 1772 года. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі праводзіў спробы рэфармавання палітычнай сістэмы краіны. Але гэтыя пераўтварэнні не прынеслі плёну, і Рэч Паспалітая зведала яшчэ два падзелы, якія прывялі да яе канчатковай ліквідацыі як дзяржаўнага ўтварэння.

6 ліпеня

1253. Каранацыя Міндоўга

mindoug.jpg

Насамрэч дагэтуль невядома, дзе менавіта адбылася тая самая каранацыя. Беларусы лічаць, што ў Наваградку, літоўцы прапануюць свае варыянты — Кернава або Варута. Але дакладна месца, дзе Міндоўг з жонкай Мартай сталі каралём і каралевай Літвы, ніхто назваць не можа. 

Уся справа ў тым, што ў крыніцах, якія былі сучасныя Міндоўгу або плюс/мінус блізкія да яго ў часе, так і не названа канкрэтнае месца. Хаця непасрэдныя сведчанні тых, хто быў на каранацыі, маюцца. Чаму не было названа месца? 

Магчыма таму, што каранацыя магла адбыцца не ў горадзе, а проста ў чыстым полі побач з ім. Бо ні ў Наваградку, ні тым больш у Кернаве ці Варуце не было ў той час будынкаў, якія б маглі проста змясціць усіх жадаючых. Такая практыка была ў той час у Еўропе, і нічога дзіўнага ў тым няма. Скажам, венгерскія каралі гэтаксама прымалі карону ў чыстым полі. 

Відавочна, што Міндоўгу карона тая была патрэбная выключна для палітычных мэтаў, бо ўжо ў 1260 годзе ён з пачаткам чарговай вайны з крыжакамі вернецца да веры продкаў — паганства. Адпаведна страціць і статус караля, бо ў той час ён быў непарыўна звязаны з веравызнаннем.

7 ліпеня

1882. Нарадзіўся Янка Купала

kupala.jpg

Карціна Леапольдаса Сургайліса «Пятрас Цвірка і Янка Купала», 1952 год

Будучы класік беларускай літаратуры з’явіўся на свет у Вязынцы непадалёк ад Мінска ў сям’і арандатара Дамініка Луцэвіча. 

Бацька паходзіў са збяднелай каталіцкай шляхты, быў залічаны да мяшчанаў, але падчас хросту сына адзначыў дваранскае паходжанне. Маленства і юнацтва паэт правядзе ў пераездах з адной на іншую арандаваную гаспадарку ў ваколіцах Радашкавічаў.

Як памяць пра свой дзень нараджэння — Іван Луцэвіч возьме сабе псеўданім Янка Купала, пад якім яго сёння памятаюць нават тыя, хто не чытае вершаў, не цікавіцца беларускай літаратурай і мала што ведае аб беларускай традыцыйнай культуры.

Янка Купала быў тонкім лірыкам, што не замінала яму стварыць сапраўдныя пярліны ў нашай літаратуры. Таму няма ніякага дзіва ў тым, што ўжо ў 1920-х ён быў прызнаным класікам, як і Якуб Колас. 

Калі ў 1920-х ён яшчэ мог выказвацца ў сваёй творчасці ў тым ліку і супраць палітыкі бальшавікоў, то пасля 1930-га, калі яго ледзь не давялі да самагубства, замоўк. Да самай смерці ён пісаў хіба што рэчы на патрэбы паноўнай ідэалогіі. І тым не менш усё адно падвяргаўся нападкам «аглаблёвых» крытыкаў за сваё мінулае. 

Трагічна загінуў Янка Купала ў Маскве 28 чэрвеня 1942 года. 


Чытайце яшчэ: «Вялікае наша гора»

8 ліпеня

1861. Нарадзілася Марыя Магдалена Радзівіл

magdalena.jpg

Ці не самая вядомая фундатарка беларускай справы паходзіла з магнацкага роду Завішаў, яе бацька быў буйным землеўласнікам. Завішы — вядомы род яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. 

Дзяцінства Марыі прайшло галоўным чынам у Варшаве, дзе яна атрымала выдатную хатнюю адукацыю. Першым мужам Марыі Магдалены стаў граф Людвік Красінскі — іспанскі гранд, камергер аўстрыйскі, мальтыйскі рыцар. Пасля смерці Красінскага яна неўзабаве выйшла замуж другі раз за Мікалая Радзівіла, узяўшы ягонае прозвішча. 

З 1895 года яна перабралася на больш-менш сталае жыццё ў Беларусь, у прыватнасці ў Кухцічы на Уздзеншчыне, дзе быў бацькоўскі маёнтак. Дзякуючы дбанням Мікалая Радзівіла, які быў добрым гаспадаром, маёмасць маладой сям’і няслаба разраслася. 

Марыя Магдалена Радзівіл фінансавала беларускія выдавецтвы, школы, газеты, у тым ліку «Нашу Ніву». На тытульным аркушы «Вянка» Максіма Багдановіча выява лебедзя зусім не выпадковая — гэта ўдзячнасць выдаўца за фінансаванне кнігі.
У 1918-м Марыя Магдалена была змушаная эміграваць. Жыла ў Польшчы, Літве, Германіі. Нават за мяжой, застаўшыся без істотнай долі ўласнасці, працягвала дапамагаць нацыянальнаму руху ў Заходняй Беларусі. Памерла ў 1945 годзе ў Швейцарыі. У ліпені 2017-га яе прах быў вернуты ў Беларусь.

Марыя Магдалена Радзівіл належала да таго невялікага кола асоб з даўнейшай арыстакратыі, хто ўкладаўся ў беларускую справу. Вядомыя яе словы: «Лічу сябе беларускай, паходжання літоўскага, як і муж мой, за польку сябе не прызнаю».

9 ліпеня

1906. З’езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне

zjezd.jpg

Нелегальны з’езд настаўнікаў арганізаваў Якуб Колас, даслаўшы праз правераных людзей запрашэнні іншым. 

Сабраліся настаўнікі 9 ліпеня «на паляне ў Прыстаньцы каля Нёмана», дзе і абмеркавалі надзённыя пытанні. А ўжо непасрэдна пратакол з’езду вырашылі аформіць у будынку школы ў Мікалаеўшчыне. У ноч з 9 на 10 ліпеня ўдзельнікі былі арыштаваныя паліцыяй. Пратакол стане галоўным доказам іхнай дзейнасці. 

Падзея адбывалася на фоне першай расійскай рэвалюцыі. Настаўнікі сабраліся, каб абмеркаваць свае справы: бясплатнае навучанне, пашырэнне асветы і беларускай мовы. Але насамрэч не толькі гэта — у пратаколе з’езду быў у тым ліку і «палітычны» складнік. Настаўнікі не толькі выказваліся за хутчэйшае абрынанне самадзяржаўя, але збіраліся таксама і спрыяць гэтаму.
Да ўсяго ў канцы года меўся адбыцца яшчэ адзін з’езд, больш прадстаўнічы. Гэтага царскія ўлады ніяк не маглі дапусціць. Падзеі з’езду адлюстраваныя ў знакамітай трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

10 ліпеня

1917. Прэм’ера п’есы «Раскіданае гняздо»

398px-Раскіданае_гняздо_-_вокладка.jpg

У гэты дзень 105 гадоў таму Першае беларускае таварыства драмы і камедыі дало прэм’ерную пастаноўку п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».

Таварыства паўстала з ініцыятывы такіх вядомых беларускіх дзеячаў, як Фларыян Ждановіч, Ігнат Буйніцкі і Усевалад Фальскі ў Мінску і дзейнічала з красавіка 1917 года да сярэдзіны 1920-га.
Сам твор Янка Купала скончыў пісаць яшэ ўвосень 1913 года. Але разумеючы, што пры царскім рэжыме п’еса наўрад ці можа пабачыць свет праз сэнсы, якія былі закладзеныя ў ёй, нават і не спрабаваў яе апублікаваць. 

Паставіў «Раскіданае гняздо» на сцэне Фларыян Ждановіч, які потым амаль без зменаў перанясе яе з Першага беларускага таварыства драмы і камедыі ў Беларускі дзяржаўны тэатр (сённяшні Купалаўскі), дзе прэм’ера «Раскіданага гнязда» адбудзецца 14 красавіка 1921 года. 

А яшчэ ў гэты дзень 50 гадоў таму на радзіме класіка ў Вязынцы пачаў працу Купалаўскі мемарыяльны запаведнік.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

Музыку Ганну Пышнік (Чымпаеш) асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму

Ганна выступала ў гуртах «Ня Варта», «ХАМ», VIKT(A)R xOi!. Была затрыманая 22 сакавіка нібыта за перадачу відэа з перасоўваннем...

valiancina_shauchenka
Адукацыя Гісторыя

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

Наогул, навука — занятак, скажам так, «на аматара»: сумны, кабінетны, для дасведчаных. Каб убачыць сувязь «вузкаспецыяльных»...

valiancina_shauchenka
Адукацыя

Як будуць вучыць патрыятызму ў беларускіх школах? Мінадукацыі зацвердзіла праграму новага факультатыва

У Беларусі другі год вывучаюць «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Гэта факультатыўныя заняткі для вучняў...

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Як аддавалі Беласток

16 жніўня 1945 года ў Маскве была падпісана дамова паміж СССР і Польшчай аб канчатковым вызначэнні савецка-польскай мяжы....

Апошнія навіны

    Грамадства Музыка
    Музыку Ганну Пышнік (Чымпаеш) асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму
    Адукацыя Гісторыя
    След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю
    Адукацыя
    Як будуць вучыць патрыятызму ў беларускіх школах? Мінадукацыі зацвердзіла праграму новага факультатыва
    Грамадства Гісторыя
    Як аддавалі Беласток
    Культура Грамадства
    Традыцыя вырабу чоўна ў вёсцы Перароў атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Грамадства Гісторыя
    Колькі карон было ў Стэфана Баторыя і які іх лёс
    Культура Літаратура
    Акцёры як літаратурныя героі
    Грамадства Гісторыя
    Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
    Грамадства
    «Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць». Аліна Нагорная — пра тое, як у Беларусі затрымліваюць за мову
    Грамадства
    Нешта неверагоднае! Глядзіце: школьнікі пабудавалі плыт з 6 тыс. пластыкавых бутэлек – зараз на ім можна перавозіць 2 легкавыя машыны
    Грамадства Асоба
    Ганна Севярынец: Чалавек не можа і не мусіць мець усёдазволенасці, яму ў гэтым блага
    Культура Асоба
    Крысціна Дробыш пра «Кніжны Воз»: «Аплікацыя стварае асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна»
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя
    Ці была Гродзеншчына той самай старажытнай Літвой? «Гісторыя за 5 хвілін» шукае адказы
    Грамадства
    Сайт газеты «Народная воля» заблакавалі паводле рашэння Мініфарма
    Літаратура
    Антыгона як сімвал беларускіх пратэстаў

Афіша

  • 17.08 — 31.08

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Адкрыццё выставы Багдана Даўгялы «Мінск да мяне» ў Мінску

  • 17.08 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 17.08 — 25.09Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Лейпцыгу
  • 17.08 — 28.08Выстава Марка Шагала ў Мінску
  • 17.08 — 18.09Арганны фестываль Ars Magna Organi па гарадах Беларусі
  • 17.08 — 18.08Выстава «Odszkolnić!» у Беластоку
  • 17.08 — 19.09Выстава Сяргея Селіханава «Вяртанне» ў Віцебску
  • 17.08 — 04.09Выстава маляванак Яээпа Драздовіча ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Як аддавалі Беласток
    • Вядомы рэпетытар і педагог Яўген Лівянт тлумачыць, чаму правалілася кампанія па набору ў ВНУ
    • З’явілася магчымасць усталяваць беларускі інтэрфейс у Windows
    • З успамінамі пра забітых герояў: Вольны хор выступіў у Варшаве на гадавіну выбараў
    • Рабіся інакшым — альбо загінеш
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM