Самы панятак “літаратура эміграцыі” навявае ўспаміны пра мінулае – перадусім пра пасляваенных аўтараў вядомых кніг, выдаўцоў часопісаў і інш. Як быццам, эміграцыя – гэта перш за ўсё яны. А потым паступова даходзім да таго, што больш нікога не было і не будзе.
Разлом пакаленняў дзеіць як агульнасусветны закон для беларускіх літаратараў. Як у самой Беларусі з’яўляюцца вернікі, якія служаць болей падсвечнікам, чым сутнасцям, так усё пераносіцца і праз мяжу. Нібыта чытачу больш патрэбны сімвал, чым тэкст (кніга, твор). Падобна, як у тым анекдоце пра дзіцячы вазок і кулямёт, асваенне культурнай прасторы пачынаецца праз стварэнне міфалагічнага арэолу вакол асобы.
Безумоўна, усё гэта з’яўляецца рэакцыяй на зусім нядаўнюю сітуацыю замоўчвання. Эміграцыя і “літаратурная дыяспара” Беларусі мелі ў савецкі час даволі выключнае становішча ў параўнанні з падобнымі ж кластарамі еўрапейскіх краін: усе гэтыя пісьменнікі мелі магчымасць выступаць, друкавацца і выпускаць кнігі выключна за мяжой роднай краіны. Дзе яны зазвычай лічыліся здраднікамі ці, прынамсі, надзвычай падазронымі і непажаданымі для якога-кольвек афіцыйнага жэсту ветлівасці. То бок, нармальнае (ад слова “норма”) існаванне літаратуры дыяспары было абцяжарана нянавісцю метраполіі. Адпаведна, у самой метраполіі ў дысідэнцкіх і калядысідэнцкіх колах фармаваўся вобраз эмігранта як ідэальнага змагара, “універсальнага салдата”, які ведае гнёзды і норы свае, як свае пяць пальцаў. Тут жа і пісьменнік-эмігрант у першую чаргу мысліўся ў вобразе антысаветчыка, свабоднага чалавека ў свабодным свеце. З адкрыццём гарбачоўскай перабудовы і пачаткам кароткай эпохі галоснасці – калі эмігрантаў нарэшце дазволілі хаця б узгадваць у друку – аўтары тэматычных артыкулаў падкрэслівалі іх зноў жа выключны характар, не асабліва ўвязваючы з літаратурай уласна-беларускай.
На маю думку, як пасля распаду Савецкага Саюза перастаў існаваць сегмент адзінага “літаратурнага фронту” ў Беларусі, так і стаў знікаць “эміграцыйны фронт”. Пісьменнікі замежжа паступова, год за годам, станавіліся беларускімі пісьменнікамі як такімі – і ў метраполіі, і ў дыяспары распалася сіла, якая арганізоўвала. Моц і фінансавая магутнасць Саюза пісьменнікаў БССР, падтрыманага кампартыяй, знікла разам з той кампартыяй. Ідэалагічная магутнасць пісьменнікаў эміграцыі, з іх антысавецкім пафасам, мусіла істотна зменшыцца пасля знікнення аб’екту крытыкі – той жа самай партыі і Саюза. Што праўда, з прыходам усур’ёз і надоўга першага і на 23 гады нязменнага прэзідэнта, з ягонай рэстаўрацыйнай і прасавецкай рыторыкай, нацыянальныя сілы вырашылі прымяняць тую самую, люстраную адваротную рыторыку, якая калісьці перамагла Савецкі Саюз – антысавецкую. Дрэйфавалі ў прасторах касмічныя караблі, беларусы аб’ехалі аўтаспынам зямную кулю, і кампанія “Белавія” даўно перастала ўсаджваць у кожную турыстычную групу прадстаўніка кампетэнтных органаў, а дыхатамічная песня ўсё не сканчалася, ды й цяпер далёкая ад заканчэння.
Дальбог, ніводзін добры гаспадар не выгнаў бы з прасторы агульнай культуры эміграцыйную літаратуру. Тым не менш, наяўная сітуацыя зноў штурхае да супрацьпастаўленняў, хоць свет і Беларусь даўно змяніліся, сталі больш мабільнымі. Для многіх беларусаў з’ехаць з краіны цяпер – надзённая задача, у тым ліку на выжыванне. Паняткі савецкага/антысавецкага ў новым пакаленні працуюць крайне нерэгулярна, хіба што толькі ў праекцыі на эстэтычны заняпад і апафеоз найноўшага безгустоўя, часта званага “саўком”. Новыя пакаленні нараджаюць новую літаратуру дыяспары. Гэта найперш індывідуальныя чыны, з аўтабіяграфічным апісаннем пэўнага досведу. Дарэчы, як і ў самой Беларусі: распад дрэвападобных структураў і панаванне рызомападобных сутыкнулі і, можа быць, навечна паядналі літаратуру шасці абласцей з літаратурай беларусаў замежжа. Цяпер гэта толькі тэксты на беларускай мове. Не важна, дзе яны выдадзены – гэта не будзе мець ніякага значэння пры аналізе якасці і вартасці. Пражанін з Берасця можа выдаць ва Украіне свой раман і атрымаць найпрэстыжнейшую беларускую прэмію ў галіне прозы, прафінансаваную польскай уладай. Усё змяшалася ў Беларускім Доме, у тым ліку і культура – дзякуючы гэтаму, размываюцца і рэальныя культурніцкія межы, якія калісьці абшываліся калючым дротам.
Адзінае, што можна адзначыць – калі, праз асіміляцыю, распадаюцца некалі моцныя асяродкі чытачоў беларускамоўнай літаратуры ўнутры самой дыяспары (а гэта, на мой погляд, сёння адбываецца), беларус замежжа пачынае арыентавацца перш за ўсё на чытача ў самой Беларусі. Ці будзе гэта раман таго ж самага вышэйзгаданага Макса Шчура ці Зянона Пазняка, ці філасофска-публіцыстычны трактат Пётры Мурзёнка, ці многія народжаныя ў далечыні ад стрэх паэтычныя радкі – збольшага яны будуць скіраваныя на тое, каб абудзіць цікавасць у Беларусі.
Гэты погляд звонку ўнутр краіны выгодна адрознівае пісьменніка замежжа ад метрапольнага, які часцяком пра свайго чытача і не задумваецца. Бо невыносная лёгкасць бязмежжа пазбаўляе яго магчымасці глянуць на сябе збоку.
Ціхан Чарнякевіч