Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк) працаваў у Камаях нядоўга. Гэта было яго першае месца працы пасля рукапалажэння, якое аказала спрыяльны ўплыў на маладога вікарыя. Нездарма ён называў у сваім дзённіку гэтую парафію залатой. І па-сённяшні дзень памяць пра Сваяка жыве сярод нашчадкаў тых, каго ён называў “залатымі” – у касцёле штогадова праходзяць літаратурныя святы, прысвечаныя таленавітаму земляку, адбываюцца сустрэчы з тымі, чые лёсы цесна звязаны з яго імем, устаноўлена памятная дошка, прыкасцёльная бібліятэка носіць імя Казіміра Сваяка, а пры Камайскім Доме культуры створаны тэатральны калектыў, які называецца “Сваякі”.
Як распавяла дырэктар ДК Галіна Уладзіміраўна Бразюль, яшчэ ў 1995 годзе быў створаны драматычны гурток для дарослых. У 2009 годзе, калі яна прыйшла туды працаваць, то стала дырэктарам, ідэйным натхніцелем, кіраўніком і рэжысёрам тэатралізаванага калектыву. Новы кіраўнік удыхнуў новае жыццё ў работу былога гуртка, і над назвай доўга думаць не прыйшлося. Да гонару дырэктара ДК і ўдзельнікаў калектыву, яны добра ведалі Казіміра Сваяка не толькі як рэлігійнага дзеяча, паэта і публіцыста, але і драматурга. Ведалі і пра тое, што ён сам са сваімі сябрамі з “Хаўрусу сваякоў” ставіў п’есы.
“Сваякі” стараюцца працягваць справу Казіміра Сваяка, прывіваць любоў да роднай мовы, гонар за сваю Радзіму, за таленавітых людзей, адданых сваёй Бацькаўшчыне. Усе спектаклі аматарскага тэатральнага калектыву “Сваякі” пастаўлены на беларускай мове.
У яго рэпертуары камедыя “Зязюлькі” (па матывах п’есы С. Бень); “Ну, мужыкі!” – камедыя па п’есе Г. Бразюль – пра каханне і пра сямейныя каштоўнасці (камічныя сітуацыі, у якія трапляюць героі, нагадваюць штодзённае жыццё); “Добра, што добра канчаецца” по матывах п’есы А. Макаёнка; “Баба чорта нават зморыць” – трагікамедыя па п’есе Т. Спаткай.
Галоўнай мэтай кіраўніка калектыву зараз з’яўляецца пастаноўка п’есы Казіміра Сваяка. Цяпер артысты актыўна ўзяліся з падрыхтоўку п’есы “Янка Канцавы” (“Праклённае зелле”), якая, мяркуецца, стане брэндам іх калектыву.
Тэгі: Камаі