Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org анансуе выхад чатырох кніжных навінак

У гэтым годзе Беларускай Інтэрнэт Бібліятэцы Kamunikat.org споўніцца 25 гадоў! Будуць новыя кнігі, перавыданні і аудыякнігі, паведамляецца на сайце бібліятэкі.

Kalaž

Ужо неўзабаве з’явіцца другое выдане раману Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гінон».

«З гэтай кнігі, дарэчы, у 2021 годзе пачалася наша выдавецкая дзейнасць — гаворыць кіраўнік Фонду Яраслаў Іванюк. — Мы правялі тады шэраг прэзентацыяў з удзелам Аўтара і Змітра Вайцюшкевіча. Раман карыстаўся вялікай папуларнасцю і цяпер прыйшоў час зрабіць другое выданне, бо падчас розных кірмашоў чытачы пытаюць пра гэтую кнігу».

«Гэй Бэн Гіном» гэта значыць: «Геена вогненная». Гэта раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». І аўтар вядзе нас да гэтай таямніцы. Але ці адкрывае яе паўнасцю..?

Таксама ўжо аддадзены у друк новы раман Андрэя Федарэнкі «Сцэнарыст», у якім аўтар працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў папярэдняй яго кнізе «Жэтон на метро». Сюжэт закручаны па-майстэрску, тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. «Сцэнарыст» — сапраўдны дэтэктыў і адначасова драма з непрадказальным фіналам.

Неўзабаве выйдзе таксама кніга Лавона Карповіча «Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства». Гэта будзе незвычайнае падарожжа ў гісторыю нашай краіны. У кнізе можна сустрэць тое, чаго няма ў навуковых выданьнях, але і адсутнічаюць многія падзеі, бо іх няма на марках. Кніга для зацікаўленых гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і для філятэлістаў, як дапаможнік па стварэньню калекцыі.

Таксама рыхтуецца да друку зборнік п’есаў выдатнага беларускага драматурга, сябры журы Прэм’і ім’я Ежы Гедройця, Сяргея Кавалёва «Камедыя Юдзіфі». У кнігу ўвойдуць новыя п’есы Сяргея Кавалёва, напісаныя ў розных жанрах: гістарычная драма, філасофская камедыя, містычны дэтэктыў, гарадское фэнтэзі, казка-прыпавесць. Верны свайму герменеўтычнаму метаду, драматург плённа выкарыстоўвае ў сваіх п’есах матывы і сюжэты беларускай і сусветнай літаратуры, побач з героямі класічных твораў выводзіць на сцэну іх аўтараў (Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага і інш.), запрашае чытача, а потым і гледача ў падарожжа праз краіны, эпохі, культуры.