Адной са шматлікіх нечаканак сёлетняга Чэмпіянату свету па футболе для нашых гледачоў стала беларускамоўнае каментаванне асобных матчаў. Ці можна лічыць гэта вяртаннем роднай мовы ў спартовы эфір Белтэлерадыёкампаніі? Мы пагаварылі з тымі, хто, уласна, і суправаджае трансляцыі беларускім словам — з каментатарамі Паўлам Баранавым і Дзмітрыем Герчыкавым. Футбол яны часта каментуюць разам, а мы распыталі іх паасобку.
Павал Баранаў: Першы эфір складана і прыгадаць, гэта быў запіс матча чэмпіянату Беларусі 1999 года. Шчыра кажучы, не памятаю, на якой мове я каментаваў, але, магчыма, і па-беларуску. З сярэдзіны 90-х для мяне ўжо было прынцыпова, што працаваць трэба на роднай мове. А асэнсаваны каментатарскі дэбют у мяне адбыўся самым нечаканым чынам — у 2002 годзе на чэмпіянаце свету па футболе. Вы ж разумееце, што значыць для каментатара такі турнір, гэта ледзь не вяршыня кар’еры, да такіх матчаў трэба быць падрыхтаваным. А для мяне ён стаўся дэбютам, вялікай неспадзяванкай. Думаю, многія заўзятары памятаюць тую сітуацыю. Па правілах кантракту чэмпіянат свету тады трэба было каментаваць па-беларуску. Для дэбюту, можа, атрымалася і няблага, а вось для каментавання матча такога рангу мой узровень тады, вядома ж, пакідаў жадаць лепшага.
Дзмітры Герчыкаў: Увогуле каментатарам я стаў праз кастынг, пабачыў аб’яву ў інтэрнэце, мяне паслухалі і прапанавалі правесці эфір. Я і раней хадзіў на кастынгі, пра якія даведваўся з аб’яваў у газетах, але мяне не бралі па ўзросце: на той час мне было менш за 18 гадоў. Пачынаў я з Формулы-1, здаецца, у 2006 годзе, калі беларускае тэлебачанне набыло правы на трансляцыю. Таксама каментаваў баскетбол, а цяпер яшчэ і да футбола далучыўся.
Што да каментавання па-беларуску, гэтаму паспрыяў мой сябра і напарнік Павал Баранаў, які доўга працуе на тэлебачанні. У пачатку 2000-х ён каментаваў чэмпіянат Італіі па футболе, серыю А. Я тады яшчэ вучыўся, і на мяне тыя каментары істотна паўплывалі, бо яны гучалі нова, нечакана і эфектна. Мне як чалавеку, які мову вывучаў у школе, ліцэі і ў БДУ, філолагу па адукацыі, гэта было даволі блізка. Аднойчы, калі я працаваў ужо на тэлебачанні, я расказаў Паўлу гэтую гісторыю, і ён паабяцаў, што калі будзе шанец, запросіць мяне правесці разам колькі трансляцый па-беларуску. Вось ён аднойчы мяне паклікаў, потым яшчэ раз і яшчэ. І гэта вылілася ў тое, што цяпер вы бачыце і чуеце.
— Якая сёння пазіцыя Белтэлерадыёкампаніі наконт беларускамоўнага каментавання? Перыядычна ўвогуле гаворыцца пра страту такой традыцыі. Тое, што сёння некаторыя матчы ЧС каментуюцца па-беларуску, — гэта ініцыятыва саміх каментатараў?
Дзмітры Герчыкаў: Пра афіцыйную пазіцыю вам лепш спытаць у кіраўніцтва тэлеканала. У мяне нават неяк не было часу паглядзець на сітуацыю праз прызму афіцыйных дазволаў. Ведаю, што лісты з просьбамі пісаць дакладна не трэба. У свой час у кіраўніцтва быў адзіны крытэр для дазволу каментавання па-беларуску — гэта ўзровень валодання мовай, які павінен адпавядаць нацыянальнаму каналу.
Мне падаецца, што цяпер многае залежыць ад ініцыятывы саміх каментатараў. Я не кажу, што мы даем нейкі прыклад, але можна пабачыць, што людзі, якія шмат гадоў працуюць на беларускім тэлебачанні, таксама пачынаюць згадваць пра мову. Напрыклад, колькі тыдняў таму Уладзімір Навіцкі матч чэмпіянату Беларусі правёў па-беларуску. Таму я думаю, што пакрысе гэтая нерашучасць адносна валодання беларускай мовай і выкарыстання яе ў эфіры будзе сыходзіць, і мова атрымае калі не шырокі распаўсюд, то, прынамсі, пастаяннае месца.
Павал Баранаў: Вядома ж, усё залежыць ад волі начальства. Зверху ніякага штуршка да каментавання па-беларуску не адбывалася, наадварот, гэта была мая асабістая ініцыятыва. Увогуле сітуацыі ўзнікалі розныя: на Алімпійскіх гульнях у Лондане, напрыклад, мы нейкі час каментавалі па-беларуску, а пасля вымушаныя былі перайсці на рускую — зноў-такі па рашэнні кіраўніцтва. Што да сёлетняга Чэмпіянату, нашае з Дзмітрыем Герчыкавым каментаванне падабаецца кіраўніцтву, асабіста старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, я гэта дакладна ведаю. Прыемнае спалучэнне волі кіраўніцтва і нашага жадання, гэта вялікая перамога.
Разважанні наконт таго, што ў нас дзвюхмоўе і любы каментатар вольны абіраць мову для каментавання, вядома ж, маюць права на жыццё. Але толькі ў тэорыі. На практыцы людзі, якія негатыўна ставяцца да мовы ў эфіры, не гавораць, што яна не павінная гучаць. Такіх дурняў ніколі не было на тэлебачанні. Яны заўсёды прыкрываюцца адной і той жа фразай, што каб ужо каментаваць на беларускай мове, трэба ведаць яе ідэальна. Зразумела, што гэта ўсё лухта. І ў тых, хто каментуе па-руску, часам памылкі праскокваюць. Для таго, каб чалавек удасканальваўся, патрэбная практыка, трэба выходзіць у эфір па-беларуску. Пэўны ўзровень павінен быць, але не ведаю, хто здольны каментаваць ідэальна і не дапусціць ніводнай памылкі за ўвесь рэпартаж.
Гэты чэмпіянат свету, дзе фактычна нам застаўся толькі рэпартаж з чвэрцьфіналу, мы ўжо можам залічыць сабе ў актыў. Я вельмі гэтым задаволены. У мяне мэта ўвогуле рэпартажы ўсіх відаў спорту рабіць па-беларуску. Магчыма, на Алімпійскіх гульнях давядзецца каментаваць таксама на беларускай. Але яшчэ раз падкрэслю: далёка не ўсё залежыць ад каментатара і яго выбару.
— Што да футбольнай тэрміналогіі, наколькі яна развіваецца, ці зазнае нейкія змены? Ці прыўносяць беларускамоўныя каментатары нешта сваё?
Павал Баранаў: Я бачыў гэтыя сучасныя слоўнікі. Пры ўсёй павазе да аўтараў, гэта штучная праца. Адзін чалавек вырашыў, што павінна гучаць так, а іншы — гэтак. Насамрэч ёсць падмурак — усім вядомыя слоўнікі Крапівы, Коласа. А ўвогуле ў спартовай тэрміналогіі нічога складанага няма. Напрыклад, футбол — гульня англійская, там шмат пазычаных англійскіх словаў, і без іх не абыдзешся. Ёсць выдатныя словы “сэйв”, “фол”, яны ёмістыя і робяць рэпартаж больш дынамічным. Іх складана замяніць. У той жа час, напрыклад, “вуглавы” ці “кутавы” няма ніякага сэнсу мяняць на “корнер”. Гучыць не вельмі прыгожа і дынамікі не дадае. Карацей, калі пазычанне не паляпшае рэпартаж, то лепш выкарыстоўваць нашыя словы. “Па-за гульнёй”, “парушэнне правілаў”, “страта мяча”, “лінія варот” — усё проста. У тых жа слоўніках ёсць слова “ігрок”, і нашыя беларускамоўныя папярэднікі Сяргей Новікаў, Уладзімір Навіцкі ў 90-я, калі я яшчэ быў студэнтам, яго ўжывалі. Насамрэч ніякіх “ігракоў” няма, ёсць “гулец”. І я згадваю часы дзесяцігадовай даўніны, калі маё тагачаснае кіраўніцтва ставілася да гэтага трохі з абурэннем: што за “гулец” такі? Заўсёды ж быў “ігрок”! Мова развіваецца, гэта натуральна. А развіваецца яна людзьмі эфіру, каментатарамі.
Дзмітры Герчыкаў: У спартовай тэрміналогіі дагэтуль ёсць белыя плямы. Калі ўзнікае пытанне, кутавы ці вуглавы, брамнік ці варатар, то няма адзінай пазіцыі на гэты конт. Часам імкнешся самастойна знайсці беларускія адпаведнікі, сінонімы, але, прызнаюся, не заўсёды знаходзіш, бо працуеш у псіхалагічным і часавым ціску. Мы імкнемся ўдасканаліць тэрміналогію самі. Але былі б удзячныя, калі б нехта ўсё-такі заняўся гэтай справай і спартыўная мова была ўнармаваная. Ведаю, што колькі гадоў таму была спроба стварыць слоўнік спартыўных тэрмінаў, але не чуў, выйшаў ён ці не, стаў нарматыўным ці застаўся ў андэграўндзе.
— Як ставяцца заўзятары да вашай моўнай пазіцыі? Якія вы чулі водгукі?
Дзмітры Герчыкаў: Для мяне гэта нават не пазіцыя, а натуральнае развіццё падзей. Я вольна валодаю беларускай, рускай, англійскай мовамі, і мне не прынцыпова прадэманстраваць: я гавару па-беларуску, паглядзіце ўсе на мяне! Гэта спроба паказаць, што беларуская мова — натуральная, спорт на ёй таксама можа гучаць арганічна і мілагучна. Што да фанатаў, то ў кожнага сваё стаўленне, камусьці можа проста не падабацца твой голас, і беларуская мова гэта толькі падкрэслівае. Камусьці, наадварот, падабаецца тое, што ты кажаш, і ўжо неістотна, на якой мове. Збольшага трэба прызнаць, што людзі рэагуюць пазітыўна, кагосьці дзівіць, для кагосьці гэта выглядае эксперыментам, нечаканасцю. Беларускі спорт, магчыма, адчувае пэўны недахоп буйных перамог, папулярнасці ў народзе, а дзякуючы беларускай мове ў яго з’яўляецца адметнасць, самабытнасць.
Павал Баранаў: Водгукі былі вельмі станоўчыя. Я ведаю, што нашая праца не пустая, мову трэба вяртаць у эфір. Пра гэта кажуць тыя ж рэйтынгі, ды і проста людзі на вуліцах часта падыходзяць, паціскаюць руку, гавораць удзячныя словы. Магу вам сказаць, што за ўвесь час маёй працы, не было ніводнага разу, каб нехта падышоў і пачаў казаць ганебнае, абразлівае пра каментаванне па-беларуску. Гэта сведчыць, што мова людзям патрэбная і мы ўсё робім правільна.
Гутарыла Аляксандра Дорская, budzma.by