Музыкі амаль цалкам выканаюць апошнія альбомы: адно з аддзяленняў будзе складацца з песень з дыску “Liekavyja Travy”, другое – з кружэлкі “Kufar”.
У альбом “Liekavyja Travy” ўвайшлі народныя песні з розных куткоў палескага і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама кампазіцыі, складзеныя ўдзельнікамі каманды паводле твораў класікаў беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага і Якуба Коласа.
Дыск быў добра прыняты слухачамі і крытыкамі ды атрымаў шэраг узнагарод: “Альбом года” – прэмія “Даём рады”; “Найлепшы рок-альбом”, “Прыз народных экспертаў”, “Прыз штатных экспертаў” – партал Experty.by і інш. Найлепшым “Liekavyja Travy” таксама назваў амерыканскі тэлевядучы Мэт О’Донэл.
Альбом “Kufar” запісваўся ў Польшчы паралельна з альбомам “Liekavyja Travy” і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвайшлi і шматлікія бонус-трэкі “незвычайнага” Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе (напрыклад, стадыённы хіт “Razam” – гімн футбольнага клуба “Крумкачы”, а таксама джаз-рокавы дуэт “Tolki shieh” з саксафаністам Krambambula Паўлам Аракелянам).
Па выніках мінулага года “Kufar” трапіў у топ-10 тэлевядучага Сяргея Філімонава, кінакрытыка Максіма Жбанкова, радыёжурналіста Дзіны Кудрэйкі, рэдактара парталу “Тузін гітоў” Сяргея Будкіна і знанага беларускага музычнага эксперта Змітра Падбярэзскага.
Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Re1ikt крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і перкусійныя інструменты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.
Сольны канцэрт гурта Re1ikt
9 верасня, клуб “Графіці” (зав. Калініна, 16)
Дзверы: 19:30
Пачатак: 20:00
Квіткі: 7-10р