ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак «Кантэкст». У кожным «Кантэксце» вас чакаюць інтэрв’ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.
У новым выпуску вядоўцы «Кантэксту» Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака гутараць з перакладчыцай і дырэктаркай выдавецтва дзіцячай літаратуры Надзеяй Кандрусевіч.
Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская — беларуская перакладчыца і выдавец. Бацькі — супрацоўнікі краязнаўчага музея ў Браславе. Вучылася ў браслаўскай гімназіі. Скончыла МДЛУ, асноўнымі мовамі былі англійская і італьянская, шведская абрана дадатковай, бо здавалася экзатычнай.
Спачатку перакладала для сябе апавяданні з англійскай і італьянскай, у т.л. Рэя Брэдберы. Са шведскай дзіцячыя кнігі перакладае з 2008 года. Пераклала асобныя часткі сусветна вядомай серыі пра Маму Му шведскіх казачнікаў Юі і Томаса Вісландэраў. Першай пераклала кніжку «Малы і мядзведзік» Юі Вісландар.
Заснавала ў 2018 годзе і кіруе выдавецтвам «Koska».
Лаўрэатка прэміі «Гарачае сэрца» Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі (2018) за адданасць дзіцячай літаратуры Швецыі і яе папулярызацыю. Лаўрэатка Прэміі імя Карласа Шэрмана (2019).