6 снежня на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя пад назвай «Васіль Быкаў. Літаратурная спадчына ў новай перспектыве». Падзея знакавая: яе прысвяцілі 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка. На кафедры кажуць, што задумалі не проста акадэмічнае мерапрыемства — гэта будзе дыялог пра вечныя каштоўнасці.
— Мы запрашаем усіх беларусаў Варшавы прыйсці да нас у гэтую пятніцу. Паслухаць, пагаварыць, абмеркаваць пачутае, — гартае праграму выступленняў арганізатар канферэнцыі, загадчык кафедры беларусістыкі прафесар Андрэй Масквін.
Прафесар Андрэй Масквін
— Я імкнуўся сабраць людзей, якія займаюцца не толькі літаратурнымі даследаваннямі і творчасцю Быкава, а ўвогуле шырока глядзяць на беларускую літаратуру ў еўрапейскім кантэксце. Важна і цікава паглядзець, чым ёсць цяпер для нас Быкаў. Бо найперш мы ведаем яго як аўтара, які расказваў нам праўду пра вайну, і такі дыскурс да сённяшнягя дня застаецца галоўным і дамінуючым. Але ці толькі гэта? Што яшчэ для нас сёння важна? І калі вы пагартаеце праграму канферэнцыі, то ўбачыце вельмі цікавыя розныя тэмы. Я думаю, што гэта будзе важная падзея, і мяне вельмі цешыць, што да яе далучылася нават больш удзельнікаў, чым я разлічваў.
У праграме канферэнцыі — 16 дакладаў. Выступяць даследчыкі з Польшчы, Беларусі, Нямеччыны, Чарнагорыі і нават Канады. Многія імёны добра вядомыя тым, хто цікавіцца беларускімі пытаннямі.
Адкрывае форум культуролаг Юлія Чарняўская, якая прапануе паглядзець на Быкава скрозь прызму антрапалагічных выклікаў сучаснасці. Вядомая перакладчыца і даследчыца Інэса Кур’ян раскажа пра творчасць пісьменніка ў кантэксце «культуры высокага кантэксту», а выкладчыца кафедры, даследчыца сучаснай беларускай літаратуры Катажына Дрозд-Урбаньска кранецца тэмы жаночых вобразаў у прозе пісьменніка. Таксама будуць разважаць пра пераклады, кінаготыку экранізацый і абавязкова «голас вайны», які зрабіў творчасць пісьменніка вечным. Выступіць на канферэнцыі і Андрэй Масквін:
— Мая тэма — адносіны Быкава з цэнзурай, жахлівай з’явай савецкай рэчаіснасці, калі пісьменнікі альбо зусім не маглі друкаваць свае творы, альбо — як у выпадку Быкава — выпускалі іх з вялікім праўкамі. І вось я хацеў паглядзець, як Васіль Быкаў быў змушаны рэагаваць на ўсе гэтыя заўвагі цэнзараў, на заўвагі спецыяльнай камісіі, якая існавала пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі ці пры часопісах, дзе друкаваліся ягоныя аповесці. Цікава было прааналізаваць, што яны хацелі ад Быкава і ў якім напрамку ішлі цэнзарскія праўкі.
Уваход на канферэнцыю будзе вольны, кажа прафесар. Чакаюць як зацікаўленых пытаннямі беларускага літаратуразнаўства, так і проста захопленых чытачоў быкаўскай прозы, дзякуючы якой пра Беларусь ведае ўвесь літаратурны свет.
— Чаму так адбылося? Быкаў і сам заўсёды рухаўся ў напрамку сучасных еўрапейскіх плыняў постмадэрнізму з яго гранічным псіхалагізмам. Проза Быкава — гэта заўсёды пра чалавека і яго ўнутраны свет. Адначасна ён вельмі цікава паказвае сітуацыі, у якіх знаходзяцца яго героі. І гэта выклікае ў чытача вельмі напружаныя адносіны з тым, што апісвае аўтар. Мне падаецца, што Быкаў увесь час шукаў, як у межах надзвычай драматычных падзей да канца трымаць увагу чытача. Для яго гэта было вельмі важна і ён, безумоўна, валодаў гэтым механізмам.
— Спадар прафесар, а кім для Вас ёсць сёння Васіль Быкаў? Не толькі як для даследчыка...
— Цікава, што калі глядзіш на яго здымкі, то ён стварае ўражанне чалавека вельмі сціплага, стрыманага. Але калі пачытаеш, скажам, двухтомнік Сяргея Шапрана, дзе вельмі падрабязная біяграфія Быкава са спасылкамі на шматлікія дакументы, карэспандэнцыю, рэцэнзіі, то разумееш, што гэта быў надзвычай моцны чалавек.
Ён ведаў, у якой рэчаіснасці жыве, але меў сілу не баяцца гэтай рэчаіснасці і заўсёды казаць праўду. Бо калі ты не скажаш яе, то не скажа ніхто.
Уражвае тое, як актыўна ён уключыўся ў дзейнасць Беларускага народнага фронту і стаў адным з яго лідараў. У часы перабудовы ў яго сфармулявалася праграма таго, што і як трэба зрабіць, каб стварыць незалежную краіну, весці яе ў дэмакратычным рэчышчы. У яго былі вельмі слушныя і вельмі еўрапейскія думкі наконт Беларусі. І для мяне гэта вельмі важна...
Калі: 6 снежня з 10.00 да 15.00
Дзе: Факультэт прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Dobra, 55 аўдыторыя 3.037
Спасылка на ўдзел анлайн.
Усе падрабязнасці — на сайце кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Budzma.org