У Гродне хочуць прывесці ў парадак магілу-капліцу генерала Руссау, пабудаваную ў канцы XIX стагоддзя.
Зараз гарадская ЖКГ шукае таго, хто выканае будаўніча-мантажныя работы. Неабходна правесці гідраізаляцыю падмурка і сцен, рэстаўраваць цагляны мур. Таксама плануецца аднавіць шкленне капліцы і раней страчаныя металічныя рашоткі, агароджы і брамкі. Акрамя таго, неабходна ўсталяваць каменны крыж і іншыя знешнія і ўнутраныя элементы. Кошт работ ацэньваецца ў суму каля 20 000 рублёў. Сродкі накіруюць з гарадскога бюджэту.
Неагатычная капліца генерал-маёра расійскай арміі Аляксандра Руссау была пабудавана каля 1896 года. Гэта самае старое захаваўшаеся пахаванне на тэрыторыі вайсковых могілак па вуліцы Белуша.
Генерал Аляксандр Руссау ў Гродне займаў пасаду павятовага правадыра дваранства. Да пераезду ў горад ён зрабіў вялікую ваенную кар’еру, камандаваў кавалерыйскай брыгадай.