Калі вы даўно не наведвалі выставы ў Палацы мастацтва на вул. Казлова ў Мінску, то вам абавязкова трэба знайсці вольны час на гэтым тыдні, каб адпачыць душой і на гадзінку трапіць у асяродак эстэтычнага задавальнення і мараў. У нядзелю 19 сакавіка ў Палацы сканчаюць сваю працу тры выставы, якія вартыя вашай увагі. Яшчэ ёсць час туды завітаць.
«Скульптура — гораду»
Пра любую выставу можна сказаць, што яна прымушае наведвальнікаў марыць, але менавіта гэтая выстава прымушае вас марыць не толькі аб тым, як зрабіць утульным уласнае жыллё, яна прымушае марыць аб тым, як зрабіць прыгожым і прыцягальным беларускія гарады і мястэчкі. «Скульптура — гораду» — гэта выстава, на якой вы можаце азнаёміцца як з макетамі скульптур, якія ўжо знайшлі сваё месца ў гарадскім асяродку, так і з патэнцыйнымі новымі вобразамі Мінска.
Вы не з Мінска? То давайце ўявім помнік у іншым горадзе Беларусі, ці нават у невялічкай вёсцы, ці на перакрыжаванні дарог. Не спыняйцеся на памерах помніка і ўявіце, што на пад’ездзе да кожнага беларускага горада стаіць не проста стэла з назвай, а стаіць неймаверна вялікая скульптура. А можа, гэтая скульптура ў вашых думках размешчана на сутыкненні абласцей ці раёнаў?
Адным з прыцягальных месцаў выставы «Скульптура — гораду» для наведвальнікаў з’яўляецца мапа Мінска, дзе можна знайсці лакацыі як новых помнікаў, так і помнікаў-старажылаў. Кожны з вас знойдзе на ёй сабе месца, якое варта наведаць, як толькі надвор’е стане спрыяць гарадскому пешаму адпачынку.
Фатаграфуйце, запісвайце назву, каб пасля пабачыць незнаёмыя помнікі Мінска ўвачавідку. І абавязкова бярыце на выставу хоць кагосьці ў дапамогу сабе, не важна, гэта сябры, дзеці ці вашыя бацькі. Скульптуру і месца яе пастаноўкі куды цікавей будзе абмеркаваць з кімсьці, чым самнасам у журбоце.
З мінусаў выставы — не хапае надрукаванай мапы з лакацыямі помнікаў. Як бы ні фатаграфаваў мапу, яе якасць пры выкарыстанні як фота ўсё роўна губляецца, таму мапы з месцазнаходжаннямі скульптур арганізатарам можна было б надрукаваць і прадаваць. Папулярызацыя беларускай скульптуры і фінансавы прыбытак атрымаліся б на 100%.
«Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне»
Шмат якія госці Палаца спакушаюцца на добры піяр-ход арганізатараў выставы — велізарнае прозвішча знакамітага беларускага мастака на афішы. А пасля, углядаючыся ў творы сучасных мастакоў, наведнікі выставы спрабуюць знайсці знакамітыя працы Шчамялёва, абяцаныя афішай і, не знаходзячы, час ад часу абураюцца сваім кампаньёнам з гэтай нагоды. Але
выстава «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне» не выстава яго твораў, гэта выстава — даніна памяці вядомаму мастаку.
Ён пражыў 98 год, з якіх амаль 80 займаўся мастацтвам, быў сябрам Саюза мастакоў, у 2000-х займаў пасаду старшыні Рады Беларускага саюза мастакоў і пакінуў пасля сябе нам у спадчыну вялікую колькасць карцін і запамінальных вобразаў. А працы мастакоў, якіх вы пабачыце на выставе, — гэта нашы будучыя Шчамялёвы, Савіцкія, Малевічы і Драздовічы, таму скарыстайцеся магчымасцю паглядзець на творы сябраў Беларускага саюза мастакоў. Нават калі вы ходзіце на ўсе выставы нашых сучаснікаў, вы ўсё роўна знойдзеце новыя працы і новых аўтараў.
«Спатканне з Бразіліяй»
Выстава, арганізаваная Амбасадай Бразіліі ў Беларусі, вылучаецца арыгінальным падыходам, сучаснай падачай і маладымі імёнамі. Магчыма, для людзей, якія толькі адкрываюць для сябе мастацкія творы, тут будзе найменш кропак судакранання, але ў любых сферах культуры праз параўнанні знаходзіш нешта новае.
16 беларускіх аўтараў паспрабавалі паказаць нам сваё ўяўленне пра лацінаамерыканскую краіну і яе стыль. Ці атрымалася гэта ў іх — вырашаць толькі вам.
Для тых, хто паспее трапіць на выставу да 19 сакавіка, у мяне будзе два пытанні. Які твор бразільскай выставы найбольш нагадвае вам беларускія Дажынкі? Якую працу з выставы вы размясцілі б на сцяне палаца ў Жалудку, калі б рэжысёр Андрэй Кудзіненка вырашыў зняць беларускі трылер «Масакра ІІ»? Поспехаў у пошуках!
Дарэчы на гэтым тыдні, яшчэ можна паспець патрапіць на лекцыі «Спатканне з бразільскай літаратурай» і «Спатканне з бразільскім сучасным мастацтвам», якія праводзяцца ў рамках выставы 16 і 17 сакавіка. Магчыма, пасля іх вы не настолькі прадузята і скептычна будзеце ставіцца да поглядаў аўтараў выставы.
Калі тры выставы, пералічыныя вышэй, сканчаюць сваю працу 19 сакавіка і, каб іх наведаць, трэба паспяшацца, то наступная выстава ў Палацы мастацтва будзе працаваць да 30 красавіка. Яна таксама вартая вашай увагі.
«Погляд у далягляд»
На выставе ў галерэі «Арт-Беларусь» знойдзе што паглядзець і той, хто даўно цікавіцца мастацтвам і з першага позірку адрознівае карціны Рушчыца, Бакста, Шагала, і той, хто толькі пачынае звяртаць увагу на мастацтва і хаатычна спрабуе запомніць імёны цікавых для сябе аўтараў.
«Погляд у далягляд» — гэта чароўны карагод пейзажаў, мясцінаў і хараства сезонаў, расцягнуты ў гістарычным часе. Гэта магчымасць адначасова параўнаць розныя мастацкія стылі, школы, ідэі, і абраць, што вам больш падабаецца ў пейзайжным мастацтве.
Як разнастаіць наведванне выставы? Паспрабуйце адгадаць, у якія гады была намалявана карціна. Звяртайце ўвагу на ўсё — багет, памер палатна, стыль, краявід. І толькі пасля падыходзьце і знаёмцеся з аўтарам і яго творам.
Асобна хачу засяродзіць увагу наведвальнікаў на тым, што кавярня, якая месціцца ў будынку Палаца, — гэта не толькі месца, дзе робіцца смачная гарбата ці кава, гэта своеасаблівы працяг выставы. Дык чые ж працы на яе сценах больш прыцягваюць увагу — Цвірко ці Кубарава?
Магдалена Адынец, budzma.org