Перанесеная каранавірусная інфэкцыя можа парушыць нармальную працу сэрца і выклікаць яго сур’ёзныя доўгатэрміновыя пашкоджаньні. Гэта вынікае з двух дасьледаваньняў, праведзеных у Нямеччыне. Пра іх са спасылкай на нямецкі часопіс STAT інфармуе чэскі інфармацыйны партал Novinky.cz
Сардэчныя ўскладненьні назіраюцца ня толькі ў пацыентаў зь цяжкай фомай хваробы, але і ў тых, хто яе лёгка перанёс дома на карантыне.
У адным дасьледаваньні сотні пацыентаў ва ўзросьце каля 50 гадоў, якія перахварэлі на COVID-19 (дзьве траціны дома), былі абсьледаваныя з дапамогай магнітна-рэзананснага тамографу. Вынікі былі параўнаныя з сотнямі іншых людзей падобнага ўзросту і стану здароўя, якія на каранавірус не хварэлі.
У 78 пацыентаў пасьля COVID-19 былі знойдзеныя структурныя зьмены ў сардэчнай тканцы, у 76 чалавек знайшлі зьмены, тыповыя для перанесенага інфаркту, і ў 60 чалавек былі знойдзеныя прыкметы запаленьня ў сэрцы. І гэта пры тым, што размова ідзе пра абсалютна здаровых у іншым сэнсе людзей, многія зь якіх вярнуліся з горналыжнага адпачынку і ніхто зь іх не адчуваў праблем кардыялягічнага характару.
«Калі 78% „ачунялых“ пацыентаў насамрэч маюць сардэчныя пашкоджаньні, гэта азначае, што сэрца аказваецца пашкоджаным у большасьці пацыентаў нават у тым выпадку, калі хвароба COVID-19 не праяўлялася тыповымі прыкметамі, такімі як боль у цягліцах», — сказала кіраўніца каманды аўтараў гэтага дасьледаваньня Валянціна Пунтман.
Другое нямецкае дасьледаваньне засяродзілася на зьменах у сэрцы пацыентаў, якія ад COVID-19 памерлі.
У 24 з 36 пацыентаў падчас ускрыцьця высокая канцэнтрацыя вірусу была знойдзенай проста ў сэрцы.
«Мы былі сьведкамі рэплікацыі вірусу (у сэрцы) у тых, хто быў моцна інфікаваны. Невядома, як дакладна гэтыя зьмены ў сэрцы праявяцца ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, але з прыкладу астатніх хваробаў ведаю, што на будучыню вельмі дрэнна мець такія высокія лічбы», — сказаў кардыёляг Дырк Вэстэрман з унівэрсытэту ў Гамбургу.
З абодвух дасьледаваньняў вынікае, што ў большасьці пацыентаў COVID-19 выклікае хранічныя парушэньні ў працы сэрца, якія з узростам могуць праявіцца сардэчнай слабасьцю (г. зн. горшым забесьпячэньнем сэрца крывёю).
Але пакуль няясна, ідзе мова пра незваротныя зьмены або сэрца з часам вернецца да нармальнага стану.
Высновы аўтараў абодвух дасьледаваньняў пацьвярджаюць і лекары, якія кажуць пра небывалую слабасьць у здаровых пацыентаў, у тым ліку і ў маладых, якія перанесьлі COVID-19.
«Да мяне прыходзяць людзі, якім 31 год, якія раней бегалі і з пункту гледжаньня фізычнай кандыцыі ня мелі ніякіх праблем. А цяпер, пасьля COVID-19, для іх праблема перайсьці вуліцу або ўзьняцца на трэці паверх», — кажа доктар Мэцью Томі з мэдычнага ўнівэрсытэту Mount Sinai у Нью-Ёрку.
Кардыёляг Марк Пфэфэр з Бостану таксама мяркуе, што пацыенты пасьля COVID-19 могуць страціць рэзэрвы формы, якой ім пазьней будзе не хапаць.
«Мы ведаем, што каранавірус да сэрца бязьлітасны. Будзе шмат людзей, якія выбраліся з вострай фазы хваробы, але заплацяць пасьля ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».