Учора стартаваў праект Этнаграфічнага клуба «KOLA» – “Танцавальны тур па грамадскіх месцах г. Маладзечна” пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Гэты праект быў адабраны журы на “Конкурсе ідэй: Маладзечна”, што ладзіла кампанія ў лістападзе 2016 года.
Першай кропкай, якую KOLA пачало “растанцоўваць” стала Сярэдняя школа № 9 г. Маладзечна: дзевятыя класы першымі ў горадзе адчулі на сабе смак беларускіх танцаў.
Напачатку, як і належыць падлеткаваму ўзросту, ўзніклі складанасці ў пошуку пары. Педагогі і вядоўцы вечарыны дапамаглі вырашыць гэта пытанне.
І вось першыя пары закруціліся ў простым “Матлёце”. Затым пачалі асвойваць двухкаленны “Кракавяк” і замацавалі першы блок вечарыны зааморфным традыцыйным танцам “Вераб’ём”.
Затым удзельнікі мелі магчымасць праверыць свае веды па культуры Беларусі і атрымаць невялічкія падарункі пад час віктарыны. Дзевяцікласніца Ніколь не аднаразова давала правільныя адказы. Аказалася, дзяўчына ў хуткім часе едзе на рэспубліканскую алімпіяду па мове.
Працягнулася вечарына гульней “Явар”: “будавалі моста з “затрыманых” удзельнікаў каргода. Гульня канчаткоа зацікавіла моладзь.
Апошнія танцы “Млын” і “Яблычак”,здаецца, і сапраўды растанцавалі удзельнікаў вечарыны.
У сваю чаргу, арганізатыры праекта запрасілі працягнуць вандроўкі па танцавальнай культуры Беларусі на “Вячорках”, што ладзяцца два разы на месяц на Лібава-Роменскай, 71 у Маладзечна.
Такім чынам, клуб KOLA з вялікай надзеяй глядзіць у танцавальную будучыню Маладзечна!
Нагадваем, што вы можаце замовіць такія вечарыны ў свой калектыў па нумары мтс 29-51-51-105.
Вольга Трубач