Карціна дня: “0” Аляксандра Акуціёнка

Мы працягваем разбіраць творы беларускіх мастакоў у жанры ню. Сённяшняя “аголеная” карціна — “0Аляксандра Акуціёнка. Абмяркоўваюць, як і звычайна, Алеся Раманюк і Андрэй Адамовіч. Далучайцеся!


Аляксандр Акуціёнак
Аляксандр Акуціёнак

 

Аляксандр Акуціёнак нарадзіўся ў Беларусі ў 1988 годзе. Скончыў мастацкую вучэльню імя Глебава.


 

 

 

 

 

 

 

Аляксандр Акуціёнак, “0”, з цыклу “Мужчынскі і жаночы пачаткі”, палатно, алей.
Аляксандр Акуціёнак, “0”, з цыклу “Мужчынскі і жаночы пачаткі”, палатно, алей.

Пранізлівасць цвіка

З аднаго боку, гэта крыж з цвіком у цэнтры, які недвухсэнсоўна заяўляе пра тое, якім менавіта месцам мужчына трымаецца за гэты свет, праз што ён успрымае жыццё і сваю асобу, што з’яўляецца для яго галоўным – не для гэтага канкрэтнага мужчыны ці мастака, а для мужчыны ў прынцыпе. І хаця такая пазіцыя занадта радыкальная, гіпербалічная нават для зацятых фрэйдыстаў, але права на жыццё яна мае. Маўляў, вось праз што я бачу прадметы і падзеі, і на гэтым самым месцы я круціў усіх, хто не падзяляе маёй любові і майго пераканання пра all I need, і вось вам, нязгодным са мною, не адзін, а адразу два стаханаўскія рухі.

Андрэй Адамовіч

З іншага ж боку, гэта не крыж, але скрыжаванне прыцэлу – увесь боль, што прыходзіць да чалавека, прыходзіць праз гэтую кропку, пранікаючы ў цела вострым, але іржавым халодным цвіком, прыносячы з сабою сэпсіс, які не заганяе ў магілу, але прыносіць перманентныя экзістэнцыйныя пакуты. Полавае сталенне разам з магутнасцю цела прыносіць магутнасць розуму, але абмяжоўвае бясконцыя здольнасці нашага “Я” да самаразвіцця простымі цялеснымі жаданнямі. Але менавіта з полавым сталеннем прыходзіць асэнсавання канчатковасці быцця, якое можа быць пераадоленае толькі працягам сябе ў іншых – дзецях. Мастак добра разумее, які адчай прыходзіць разам з тэстастэронам, і спрабуе прыкрыцца дошкаю ад гэтага невыноснага болю. Дошка тут – мастацтва, хаця яна і атаесамляецца з прыродаю, натуральнай спробаю раскрыць сваю сапраўдную існасць, адшукаць тоеснасць, але яна не можа абараніць ад усёпранікальнага сталёвага болю. Тым больш што ахвочых прыкласціся молатам па цвіку знойдзецца нямала.

На палатне чытаецца і цела зняволенага, рукі якога закаваныя ў калодкі. Ён сам учыніў злачынства, сам абвінавачваў сябе, сам сведчыў супраць сябе і сам жа вынес прысуд – у гэтым балючы бок мастацтва – аўтар вымушаны праходзіць даўгімі калідорамі болю, каб пазбавіўшыся яго, пакінуўшы яго ў мінулым, прынесці частку яго нам. Мастацтва паэзіі патрабуе словаў, а мастацтва жывапісу – свежых фарбаў, якія толькі і можна захоўваць у слоіках з уласным болем.

Падумайце і вы над тым, хто вы.

 

Голас з Акадэміі:

Нуль – гэта і пустата, і бясконцасць, знак, якім можна абазначыць як пачатак так і канец усяго, напрыклад, жыцця, маладосці, фізічнага здароўя. Нуль — гэта назва першага твора з серыі “Мужчынскі і жаночы пачатак” Аляксандра Акуціёнка. Мастак стварыў не проста неадназначны мужчынскі вобраз, а партрэт анімуса – душы мужчынскага роду. Пупавіна і чэлес як сімвалы жыццёвага пачатку і плоднасці, тыя канкрэтныя кропкі на целе, якія маюць асаблівую каштоўнасць для ўсяго чалавецтва. Цвіку соннік Фрэйда дае адназначнае тлумачэнне – як і любы іншы даўгі і востры прадмет, цвік сімвалізуе чэлес і полавае жыццё. Дошка ў руках мадэлі – пераасэнсаванае фігавага лістка.

Выклікае павагу і захапленне тое, што Аляксандр вядзе свой мастацкі пошук, адштурхоўваючыся ад жыццёвых тэм, асабістых перажыванняў. Ён кажа, што хацеў бы адвесці гледача ад лабавога прачытання зместу твора, адмыслова наводзіць “мрачняк”. Аднак тая іншасказальнасць, якой мастак аперуе, не заблытвае гледача, а наадварот, выкрывае несвядомыя думкі аўтара і тым самым удакладняе змест і сэнс твора, падводзіць нас да адзіна магчымай высновы – у яго ўсё напраўду добра. Рэалістычная манера ўзмацняе эмацыйнае ўражанне ад “як жывой” натуры ў такой драматычнай укрыжаванай паставе. Самадастатковыя паводле жывапісных вартасцяў творы Аляксандр імкнецца пераасэнсоўваць і ў далейшым робіць на іх падставе фотаінтэрпрэтацыі ў суаўтарстве з Верай Клябанскай. На выхадзе атрымліваецца гіперрэалістычнае адлюстраванне з цікавымі візуальнымі эфектамі.

Алеся Раманюк