Мы працягваем разбіраць творы беларускіх мастакоў у жанры ню. Сённяшняя “аголеная” карціна — “Аголеная” Мая Данцыга. Абмяркоўваюць, як і звычайна, Алеся Раманюк і Андрэй Адамовіч. Далучайцеся!
Май Данцыг нарадзіўся ў 1930 годзе ў Мінску. Народны мастак Беларусі. Скончыў мастацкае вучылішча ў 1952 годзе. У 1958 – Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. З таго ж часу выкладае ў Беларускай акадэміі мастацтваў (раней – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут). З 1980 – прафесар, загадчык кафедры жывапісу Мастацкай акадэміі Беларусі. Працы знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі, Нацыянальных музеях Украіны, Расіі, Азербайджана, у прыватных калекцыях у Амерыцы, Францыі, Нямеччыне, Ізраілі.
Цыцкі як яны ёсць
Мужчына, апісваючы карціну з аголенаю жанчынаю ў цэнтры кампазіцыі (а нават і не ў цэнтры), у большасці выпадкаў будзе імкнуцца звесці вастрыё аналізу на перыферыю сюжэту, унікнуць разгляду самога цела і ягоных вабнотаў. Але гэта не тая праца, дзе можна скарыстацца такім прыёмам і засланіцца ад дэманстрацыі ўласных жаданняў і комплексаў, занурыўшыся ў драбніцы – гэтае палатно пра жаночае цела і ягоную прыгажосць і ні пра што іншае. Нават фенечкі на руках мадэлькі не саб’юць са шляху апявання грудзей і стану.
І тут, прызнаўшы, што перад намі палатно, пазіраючы на якое, толькі і можна што разважаць пра ўзоры жаночай прыгажосці, вельмі складана не спыніцца, дадаўшы ў канцы вядомае выслоўе з займенніка першай асобы і дзеяслова “дзьмуць” умоўнага ладу.
Жанчына ж – прыгожая. З прыгожымі зграбнымі грудзямі, даўгімі шляхетнымі рукамі, вытанчанымі рысамі твару, высокай адкрытаю шыяю, вогненнымі валасамі, якія няўлоўна намякаюць на аголенасць Лэдзі Гадывы і тулуз-латрэкаўскіх прасталытак. Яе ў меру юрлівая поза, якая дазваляе думаць пра яе не як пра адну са шматлікіх каханак немаладога мастака, а пра маці сямейства і пра адзіную спадарожніцу жыцця, – гэтая поза выбраная мастаком удала, так, што пры дэманстрацыі цела не дэманструецца тое, што ператварае эротыку ў парнаграфію.
Адным словам, мастак пастараўся, каб прыгожая жанчына выглядала як найлепей і прыцягвала мужчынскія позіркі. Можам канстатаваць, што атрымалася.
|
|