Карціна дня: апакаліпсіс ад Аляксандра Некрашэвіча

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – апакаліпсіс: палотны, прысвечаныя эсхаталогіі, думкам пра канец свету, і проста чарнуха, якую мы адшукалі ў сучасных беларускіх мастакоў.

 

Аляксандр Некрашэвіч

 

Пра аўтара:

Аляксандр Некрашэвіч, нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Бобрык Брэсцкай вобласці. Жыве і працуе ў Беларусі. У 1997 скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2004 – сябра Беларускага саюза мастакоў.

 

 

 

 

Аляксандр Некрашэвіч, “Афіна”, палатно, акрыл, 200х15, 2008.
Аляксандр Некрашэвіч, “Афіна”, палатно, акрыл, 200х15, 2008.

Гендэрныя жарты

Апакаліпсіс, што адбываецца на карціне Аляксандра Некрашэвіча, страшны, бо тут мастак апелюе да таго, што гэтая аддаленая, абстрактная падзея са сцертым тварам прыйдзе персанальна да кожнага і персанальна гэтаму кожнаму зазірне ў вочы. Гэта такое сабе аўтарскае бачанне Смерці з касой ад чалавека, які хаця і не перажываў разам з усімі савецкімі людзьмі Карыбскі крызіс, але нарадзіўся яшчэ ў тую эпоху, калі ядзерная і супрацьядзерная істэрыя пакідала глыбокі след не толькі ў памяці, але і характары чалавека. І гэты пранізлівы позірк жанчыны тут менавіта да таго: маўляў, я сачу за вамі, і калі прыйдзе час, зазірну так глыбока, што зробіцца блага.


Андрэй Адамовіч

Але з іншага боку, апакаліпсіс – гэта проста такая сабе спроба перавесці ў плоскасць актуальнага мастацтва цэлы пласт жартаў пра тое, як і колькі часу жанчыны праводзяць перад люстрам. Не тое каб гэта было вельмі дасціпна, але нават у гэтым банальным фальклоры мастак знаходзіць пра што расказаць. Дарэчы, праца выкананая такім чынам, каб у гледача з’явілася ўяўленне пра мастака як пра высокадухоўную асобу. Яна нават называецца “Афіна”, відаць, дзеля таго, каб мы падумалі пра грэцкую багіню вайны, што адначасова з’яўляецца і вобразам жаноцкасці. Не гаворачы ўжо пра тое, што ў гэтым манахроме старанна зацертае ўсё, праз што мастака можна было б абвінаваціць у інсітнасці, схільнасці да салоннага мастацтва, хуліганства.

Вось у гэтым і палягае ўвесь Апакаліпсіс. Палатно пра яго, пра жаноцкасць і барацьбу напісанае з вялікай любоўю і вынаходлівасцю, а да ўсяго, яшчэ і старанна падрыхтавана на продаж.

 

Голас з Акадэміі:

Ці вядзе тэхналагічны прагрэс да канца свету? Прагнозы Аляксандра Некрашэвіча не самыя суцяшальныя, пра што сведчыць карціна. Фантазія мастака малюе людзей-трансформераў, якія рэпрэзентуюць новы час. Прапанаваны твор уваходзіць у серыю партрэтаў, аб’яднаных тэмай уплыву навукова-тэхнічнага прагрэсу на нас і нашую свядомасць.

Мадэллю мастаку паслужыла міфалагічная багіня Афіна. Тагачасныя скульптары ўвекавечылі яе ў вобразе маладой жанчыны з ваяўнічым выразам твару і паставай. Старажытныя грэкі ўяўлялі яе “вогненнай зоркай” з палаючымі валасамі, якая засланяла сабой неба. Гісторыкі мяркуюць, што на такі вобраз іх натхніла назіранне за касмічным катаклізмам.

Сімвалічна, што ў грэцкай міфалогіі Афіна – багіня не толькі вайны, але і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Мастак таксама ўводзіць двухсэнсоўнасць у твор. Здалёк выява грачанкі нагадвае нашу суайчынніцу з моднай фрызурай, а зблізу вымалёўваецца рэалістычнае адлюстраванне выбуховага грыба. Для тлумачэнні сюжэта можна было б прыцягнуць і саркастычнае падрадкоўе “прыгажосць — гэта страшная сіла”, аднак гэта ўжо тэма для аматараў пафіласофнічаць.

Алеся Раманюк