Карціна дня: апакаліпсіс ад Дзяніса Барсукова

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – апакаліпсіс: палотны, прысвечаныя эсхаталогіі, думкам пра канец свету, і проста чарнуха, якую мы адшукалі ў сучасных беларускіх мастакоў.

 

Дзяніс Барсукоў

 

Пра аўтара:

Дзяніс Барсукоў  нарадзіўся ў 1975 у Мінску. У 1994 скончыў Мінскае мастацкае вучылішча па класе жывапісу. Вучыўся ў Васіля Касцючэнкі, Леаніда Раманоўскага. У 1999 скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Вучыўся ў Грыгорыя Шаўры, Лідзіі Малахавай, Лады Шчаснай. Працаваў у керамічнай майстэрні пры Свята-Елізавецінскім манастыры, выкладаў у дзіцячай мастацкай школе №1, быў дырэктарам мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Лаўрэат прэміі беларускага прафсаюза працаўнікоў культуры ў намінацыі “Жывапіс, дызайн, прыкладное мастацтва” (2010). Працы знаходзяцца ў тым ліку ў Музеі рускага сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку.

 

 

Дзяніс Барсукоў. Прадчуванне Апакаліпсісу
Дзяніс Барсукоў. Прадчуванне Апакаліпсісу

 

Монатэістычная абстракцыя

Праца сп. Барсукова дастаткова абстрактная, каб прачытаць яе як што заўгодна, але назва палатна адназначна паказвае на канец свету. Аднак што найболей тут чытаецца – дык гэта рэвалюцыйныя матывы. Уся гэтая стылістыка разбурэння старога свету і пабудовы на ягоных парэштках новага – справядлівага. Аўтар, па сутнасці, пайшоў тым жа шляхам, узяўшы рэвалюцыйную рамантыку, як яе разумелі раннія песняры камунізму: ён пакідае модуль паслання, але спрабуе змяніць яго знак на адмоўны.


Андрэй Адамовіч

Цяжка сказаць, ці атрымалася ў аўтара ягоная задума. Лодкі ў агні яшчэ выклікаюць нейкія асацыяцыі з мандэльштамаўскім “светам імперскім”, з якім у паэта была дзіцячая сувязь, але месяц, рассечаны на дзве часткі чорным клінам, хутчэй выклікае ўспамін пра бадзёрую лесвіцу Маякоўскага. Наўрад ці той, хто не з’яўляецца ваяўнічым апалагетам монатэістычнай рэлігіі, успрымае ўсё гэта як апакаліпсіс.

Так, на абстрактным палатне выяўленае разбурэнне. Ды яшчэ і разбурэнне сярод ночы. Але ці можна назваць усё гэта апошнім разбурэннем, па якім застанецца толькі чорная непранікальнасць? Ці, наадварот, усё гэта абяцае, што золак хутка? Пытанне тут пастаўленае рубам, але гэтага вымагае сама стылістыка палатна. Яно не пра асабістую трагедыю, не пра чалавечае, занадта чалавечае, не пра экзістэнцыю. Яно менавіта пра барацьбу абсалютнага чыстага зла і ідэальнага дыстыляванага дабра. Так аўтар прадставіў нам сусвет на сваёй карціне і так ён скіраваў нашую думку.

Аднак гэта хутчэй не Апакаліпсіс, гэта гісторыя барацьбы ў свеце двух пачаткаў, якія таксама пранікаюць адзін у адзін, як клін на палатне.

 

Голас з Акадэміі:

Традыцыйна канец свету мы ўяўляем у выглядзе сонечнага зацьмення, патопу, або падзення каметы на Зямлю, пасля чаго ўсё чалавецтва паглынае цемра. Дзяніс Барсукоў у сваім творы “Прадчуванне Апакаліпсісу” нібыта дзеліцца ўражаннямі пра канец выяўленчасці, якую Казімір Малевіч некалі накрыў сваім чорным квадратам.

Заснавальнік супрэматызму тлумачыў змест сваёй творчасці наступным чынам: “Толькі тады я вольны, калі мая воля праз крытычнае і філасофскае абгрунтаванне з існага зможа вынесці абгрунтаванне новых з’яваў. Я прарваў сіні абажур каляровых абмежаванняў, выйшаў у белае; за мной, таварышы авіятары, плывіце ў бездань, я ўсталяваў семафоры супрэматызму. Я перамог падшэўку каляровага неба, сарваў і ў гэты мяшок уклаў колеры і завязаў вузлом. Плывіце! Белая свабодная бездань, бясконцасць перад намі”. Гэтыя словы нібыта ілюструе карціна, на якой белыя караблікі плывуць па нафтавым моры да цёмнай глыбы, што закрывае сабой гарызонт. Аднак праз папяровыя караблікі (акурат такія мы апускалі ў вулічныя раўчукі, калі былі малымі) і поўню ў небе замест вогненнага сонечнага дыску ў сюжэце апакаліпсісу намячаецца незапланаваны авангардыстамі паварот.

Уласна “Чорны квадрат” быў створаны ў працэсе працы над эскізамі да футурыстычнай оперы Міхаіла Мацюшына і Аляксея Кручоных “Перамога над Сонцам”. Аўтараў аб’яднала ідэя будаўніцтва новай будучыні, якая магла з’явіцца толькі пасля разбурэння існага парадку рэчаў. На жаль, нават самыя грандыёзныя пераўтварэнні часта здзяйсняюцца толькі ў нашых галовах. Мы гэта вельмі добра ведаем, бо жывем у такім грамадстве, такім культурным асяродку, які мае паралюш абедзвюх ног, і таму толькі паўзком, прыгінаючы галаву, хапаючыся рукамі за паветра, прапаўзаем сваю дыстанцыю эвалюцыі.

Алеся Раманюк