Карціна дня: апакаліпсіс ад Кацярыны Рымашэўскай

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – апакаліпсіс: палотны, прысвечаныя эсхаталогіі, думкам пра канец свету, і проста чарнуха, якую мы адшукалі ў сучасных беларускіх мастакоў.

 

Кацярына Рымашэўская
Кацярына Рымашэўская

 

Пра аўтара:

Кацярына Рымашэўская нарадзілася ў Мінску, вучыцца ў ЕГУ.

 

 

 

Кацярына Рымашэўская, пахаванні, 2008, акрыл, ДВП.
Кацярына Рымашэўская, пахаванні, 2008, акрыл, ДВП.

 

Як разбачыць гэта?

У мяне дома ёсць фотаздымкі з пахаванняў нейкай маёй далёкай сваячніцы, нават не ведаю, ці крэўнай. Хто і калі іх зрабіў, як звалі гэтую жанчыну, я не ведаю, але фотаздымкі старыя, відаць, зробленыя ў ранніх сямідзясятых. Як той казаў, такія карткі не прыносяць шчасця ў дом. Я не прымхлівы, але спадзяюся, што няшчасце, якое пракралася ў срэбра фотапаперы, даўно выветрылася. Некалькі разоў я хацеў знішчыць іх, але неяк не падымалася рука, як у героя Борхеса з “Кнігі пяску”. Нельга сказаць, што я часта згадваў тыя фотаздымкі, але кручкаваты нос памерлай бабкі раз-пораз дый згадваецца, калі думаеш пра смерць.

Андрэй Адамовіч

Цяжка ўявіць, якое пачуццё можа прымусіць набыць вось гэтую карціну. Як мне цяжка зразумець, хто і нашто фатаграфаваў памерлую сваячніцу. Але калі б такая карціна нейкім дзівам трапіла на сцяну маёй кватэры, пазбавіцца яе было б вельмі няпроста. Па-першае, яна нагадвае пра смерць, а думаць пра яе варта, бо менавіта блізкі і непазбежны фініш дае нам добрага выспятка. каб рухацца наперад. Па-другое, тут проста і без хітрыкаў, у манеры, якая схіляецца да прымітывізму, адлюстраваны народны быт – такі сабе візуальна зафіксаваны фальклор. А фальклор у нас – адзін з фетышызаваных элементаў грамадскага жыцця.

На першы погляд карціна зусім не страшная – хутчэй мілая і забаўная, але калі пачаць углядацца ў яе і асэнсоўваць усе гэтыя постаці, гэтую дамавіну ў цэнтры, дык неўпрыкмет з’явіцца адчуванне, што твой уласны сыход, твой персанальны апакаліпсіс будзе менавіта такога кшталту – хутчэй камічны, чым трагічны і хоць для кагосьці заўважны. І як той здымак з пажаўцелым кручкаватым носам, гэтая карціна, а яе праз яе прымітыўнасць і схематычнасць вельмі лёгка ўзнавіць у памяці, будзе заўсёды з вамі.

Калі не заўсёды, дык, прынамсі, у моманты роспачы, ці калі адчуеце боль у сэрцы. Але позна, карцінку вы ўжо ўбачылі. І вось менавіта ў гэтай навязлівасці, вяртанні гэтай карцінкі ў думкі і ёсць яе хараство.

 

Голас з Акадэміі:

Да смерці прынята ставіцца як да нечага кепскага, незваротнага, страшнага. Даўней жа смерць уяўлялася пераходам у іншае, лепшае жыццё. На вёсцы, хаваючы чалавека, які доўга цярпеў пры жыцці ці шмат працаваў, казалі: “Цяпер адпачнеш”. Неспадзяваны або прадбачаны адпачынак не ўнушаў нашым продкам пачуцця адчаю і прымаўся як належнае.

Менавіта старажытныя курганныя пахаванні з’яўляюцца ацалелымі сведчаннямі існавання нашых продкаў і зараджэння ўнікальнай культуры. Звычай рабіць над магілай высокі насып сёння не захаваўся. Пахаванні набылі выгляд вялікіх могільнікаў, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны – брацкіх магіл. Вяскоўцы пазначалі магілкі драўлянымі крыжамі, прыкладамі, насечкамі, пра што ўпершыню расказаў у сваёй кнізе этнограф Міхась Раманюк.

Ушанаванне продкаў на Беларусі было каляндарным абрадам і звалася Дзяды. Паводле народнага звычаю некалькі разоў на год сваякі памінаюць нябожчыкаў у хаце і на могілках. Абавязкова прыбіраюць магілкі, навешваюць на крыжы вышываныя ручнікі, пакідаюць кветкі. Там жа, на магілках родных, бацькі расказвалі сваім дзецям, адкуль іхны род, чым займаліся прадзеды, як людзі жылі даўней. Так ажыццяўлялася сувязь пакаленняў, і дзеці назаўжды запаміналі свае карані. А цяпер давайце задумаемся, як змянілася з цягам часу нашае стаўленне да смерці, ці шануем мы памяць сваіх бацькоў і ці ведаем, адкуль наш род.

Алеся Раманюк