Карціна дня: апакаліпсіс ад Сяргея Балянка

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – апакаліпсіс: палотны, прысвечаныя эсхаталогіі, думкам пра канец свету, і проста чарнуха, якую мы адшукалі ў сучасных беларускіх мастакоў.

 

Сяргей Балянок
Сяргей Балянок

 

Пра аўтара:

Сяргей Балянок нарадзіўся ў 1954 годзе ў Кіеве. У 1980 скончыў Украінскі паліграфічны ўніверсітэт. Працаваў мастаком, мастацкім рэдактарам, галоўным мастаком у шматлікіх выдавецтвах. З 1988 – сябра Саюза мастакоў. З 1995 – вольны мастак. Аўтар каля 20 персанальных выставаў у Беларусі і за мяжою. Працы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі і па ўсім свеце.


 

 

 

 

Сяргей Балянок, "Не трэба казаць нічога", афорт.
Сяргей Балянок, “Не трэба казаць нічога”, афорт.

 

 

Маўчаць як на дарозе

У чароўнай казцы прыкметаю таго, што народзіцца герой, можа стаць рыба, якая сустрэлася з ягонай мамаю. У тым сэнсе, што мама можа рыбу з’есці ці падавіцца рыбінаю косткаю. Гэта шаблон вельмі старажытнага фальклорнага пласта, сфармаванага без удзелу хрысціянскай міфалогіі. У сучасных наратывах гэты сюжэт таксама выкарыстоўваецца. Напрыклад, у “Парфюмеры” герой проста нараджаецца на купе гнілой рыбы, бо ягоная мама працуе на рыбным рынку.


Андрэй Адамовіч

На гэтым малюнку – таксама рыба, але рыба гэтая, як і ў рамане Зюскінда – прагнілая, а значыць, не абяцае нічога добрага. У прынцыпе, не факт, што яна сапсавалася менавіта пад уздзеяннем цяпла і кіслароду, але вока ў яе няма. Можа, маленькі рыбак нёс яе на дручку, але згубіў. Аднак у любым разе труп памерлай гераіні палатна ляжыць на дарозе і прарочыць толькі гора тым, хто пойдзе гэтай дарогай у дом. У дадзеным выпадку гэта любы глядач, што зірне на малюнак.

Такім чынам, дрэнная прыкмета, накшталт чорнага ката, але нашмат больш моцная па магіі свайго ўздзеяння, спалучаецца з іншым магутным сімвалам – дарогай. Якая сама па сабе таксама не ўспрымалася нашымі, дый не толькі нашымі продкамі як нешта добрае. Старажытныя лічылі бязмэтныя падарожжы, аналаг сучаснага турызму, пракляццем.

Атрымліваецца, што ў падарожнага няма шанцаў вярнуцца ў дом, знайсці радзіму, страчанае, адшукаць нарэшце сябе. Адбылося гэта праз тое, што рыбу кінулі: спецыяльна ці нейкі злы шайтан згубіў яе па неасцярожнасці – няважна. Важна, што дарога перакрытая. І гэта персанальны Апакаліпсіс для таго, хто імкнуўся па дарозе да мэты.

 

Голас з Акадэміі:

Адшукаць тэму апакаліпсісу ў творах беларускіх мастакоў аказалася вельмі лёгкай задачай. Змрочных твораў, напісаных прыглушана-бруднаватымі цёмнымі фарбамі, якія можна асацыяваць з канцом свету, вельмі шмат. Наогул, ёсць уражанне, што за эталон большасць жывапісцаў бярэ карціну Ван Гога “Едакі бульбы”, блізкую нам і ментальна, і эстэтычна. Аднак сёння не пра жывапіс, а пра друкаваную графіку, якая збольшага аперуе чорным і белым колерамі.

Творы Сяргея Балянка я б назвала найзмрачнейшымі сярод усіх бачаных, бо яны паказваюць нейкі гіблы паралельны свет, у існаванне якога верыць не хочацца, нават калі ён плён фантазій аўтара. Аднак у гэтых працах ёсць толькі змрок, а спалоху няма. Адлюстраваныя прывіды не стануць пераследаваць вас у прыцемках мінскіх вуліц. Як гэтая рыбіна, што нібыта праглынула жыццё, і цяпер яе абязводжанае становішча выклікае спачуванне. Мастак несумненна падзяляе смутак, якім ахопленыя маўклівыя камяні, нерухомая зямля, пусты дом. Ёсць у гэтай графіцы і гратэск, і іронія, і пачуццё безвыходнасці. У жыцці ж Сяргей – хутчэй аматар сонечных зайчыкаў, чым чорна-згорклай ночы.

Алеся Раманюк